«Бабруйск — гэта цэлая краіна, асаблівы сусвет»

— Міша, паколькі наш часопіс пра Бабруйск і яго жыхароў, то першае пытанне будзе — што цябе звязвае з Бабруйскам?

— Бабруйск мне не родны горад, нарадзіўся я ў вёсцы Баравуха ў Віцебскай вобласці. Але ў Бабруйску ў мяне жывуць бабуля, дзядуля, цётка, стрыечны брат, шмат іншых сваякоў. Таму тут я правёў большую частку свайго дзяцінства. Асабліва ўлетку я ўвесь час бавіў у Бабруйску. Калі я быў падлеткам, бацькі пераехалі ў Мінск, а ў мяне ў Бабруйску з’явілася каханне, за якім я і паехаў туды жыць.

Скончыў у Бабруйску гандлёвы каледж, атрымаў адукацыю прадаўца і кантралёра-касіра. І хоць потым я ўсё ж з’ехаў у Мінск, і цяпер увогуле жыву не ў Беларусі, Бабруйск лічу сваім горадам і ўвогуле лепшым месцам на зямлі. Бабруйск — гэта не проста горад. Гэта цэлая краіна, свой асаблівы сусвет.

— Прадавец паводле адукацыі, як ты пачаў займацца творчасцю — вітражамі?

— Творчасць у маім жыцці з юнацтва. Маё атачэнне заўсёды было творчым. Я заўсёды знаходзіў для сябе нейкі цікавы занятак — музыку, маляванне. Хоць дома мяне не асабліва падтрымлівалі. Нібыта ніхто не забараняў, але ніхто і не заахвочваў.

У дзяцінстве мяне аддалі ў музычную школу, на клас домбры, але я там не давучыўся, бо хацеў іграць на гітары. І хоць мне казалі, што гэта падобныя інструменты, аднак я кінуў навучанне. Гэта цяпер я разумею, што дарослыя мелі рацыю, але тады бунтарскі дух сказаў «не».

Цяпер мяне цікавіць электронная музыка. Але адначасова я набыў гітару і паціху іграю, здзяйсняю мару дзяцінства.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

З вітражамі ўпершыню я сутыкнуўся ў Мінску ў 2013 годзе. Я тады прыехаў пагуляць з Бабруйска і сустрэў сяброўку, якая вучылася ў Акадэміі мастацтваў. Яна распавяла, што праходзіць практыку і робіць праект для дыплома па вітражах, і што якраз у студыю, якая ёй дапамагае, патрабуюцца супрацоўнікі. Я падумаў, што гэта цікава, і што трэба як мінімум паспрабаваць. Праз некалькі дзён я быў у майстэрні, і мне паказвалі ўсю гэтую магію шкла, вытворчасць вітражоў Ціфані. Мяне гэта захапіла.

«Уявіце — вы працуеце, а з вокнаў на вас глядзяць гаргулі і іншыя пачвары»

— Ці лёгка было навучыцца з нуля?

— Даволі лёгка, і гэта найбольш цешыла. Хоць, канешне, сам тэхналагічны працэс — ад распрацоўкі эскіза да ўсталявання вітража — няпросты. Так, мы не толькі выраблялі вітражы, але і самі іх усталёўвалі — ездзілі па цэрквах, кватэрах, дамах.

Калі я толькі пачынаў, то спачатку проста чысціў дэталі, падточваў іх, глядзеў, як працуюць іншыя, і сам паціху пачаў пагружацца ва ўсе гэтыя працэсы — выразаць, абгортваць. З часам гэта праца дайшла да аўтаматызму, і можна было паралельна з выразаннем, абгортваннем слухаць музыку ці аўдыякнігу.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

— А хто ў вас найчасцей замаўляў вітражы? Усё ж цэрквы ці і для прыватнага жытла таксама? Якія замовы былі самымі цікавымі?

— Праекты былі розныя — і хуткія і простыя, і такія, над якімі мы маглі працаваць цягам года. У прыватных замовах людзі ў асноўным прасілі, каб мы стварылі ўтульны куточак у іх дома, дзе можна было б адпачыць, атрымаць асалоду ад прыгажосці. Вітражы якраз гэта і могуць — даваць пачуццё спакою, гармоніі, ствараць прыгажосць праз гульню святла.

Для інтэр’ераў прыватнага жылля звычайна замаўлялі перагародкі ў выглядзе вітражоў паміж пакоямі. Калі казаць пра сюжэты, то гэта пераважна былі дрэвы, лісце. Але былі і вельмі арыгінальныя замовы.

У пасёлку Ратамка пад Мінскам ёсць знакаміты «Дом з чарцямі». Там я сутыкнуўся з нязвыклым досведам. Бо да гэтага звычайна рабіў светлыя, добрыя, мяккія вітражы, а тут замоўца кажа — патрэбныя дэманы, міфічныя монстры. Наша мастачка намалявала казачных монстраў, і мы іх рабілі там на даху. Уявіце — вы працуеце, а з вокнаў на вас глядзяць гаргуллі і іншыя пачвары.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Такія розныя замовы рабілі працу цікавай і нясумнай.

Аднак вітражы — гэта не танна, таму далёка не ўсе могуць сабе іх дазволіць. Хоць гаспадыня студыі, дзе я працаваў, імкнулася стрымліваць цэны, аднак даражэлі матэрыялы. 

«У Грузіі штодня нешта мяне натхняе»

 — Дзе ты цяпер і чым займаешся?

— Я ў Грузіі, у Батумі. Прыехаў некалькі месяцаў таму. Я бачыў, што адбываецца ў Беларусі, як раз’язджаюцца ўсе самыя актыўныя, ініцыятыўныя. Але я нібыта не хацеў верыць, думаў — не, не можа быць, каб усё толькі горш станавілася. Але аднойчы я адчуў сябе там у амаль поўнай адзіноце, зразумеў, што з’ехалі ўсе лепшыя сябры, і што і мне там больш рабіць няма чаго. Акрамя таго, вельмі прыгнятала агульная атмасфера несвабоды. Магчыма, яна таксама спрычынілася да майго адчування выгарання. Немагчыма ствараць, калі ты ўвесь час жывеш нібы пад прыгнётам. А тут, у Грузіі, я ўздыхнуў на поўныя грудзі, і мне зноў захацелася тварыць. Кожны дзень знаходзіцца нешта, што мяне натхняе.

Цяпер я разглядаю магчымасці для ўласнага развіцця ў электроннай музыцы тут. Мы з сябрамі праводзілі тут музычныя мерапрыемствы, і атрымалі ад грузінаў вельмі пазітыўны фідбэк, што мы робім выдатную музыку, хоць шмат у чым яна для іх нязвыклая.

Вітражамі я цяпер не займаюся, але разумею, што некалі вярнуся да іх, бо мне гэта цікава. Я тут пазнаёміўся з хлопцам з Азербайджана, які возіць турыстычныя групы па Грузіі, і ён кажа, што ў гэтым рэгіёне цалкам можна развіваць і выраб вітражоў, тым больш, што тут шмат цэркваў, якія якраз могуць карыстацца паслугамі.

Што гэта за вітражная тэхніка — Ціфані

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

— Ты казаў, што працаваў з вітражамі Ціфані. Распавядзі, калі ласка, што гэта за тэхніка, чым яна адрозніваецца ад іншых?

— Вітражы першапачаткова былі даволі грубыя, дэталі — строгія, прамыя. Паміж кавалкамі шкла быў свінцовы каркас. Цяжка было казаць пра гнуткасць, пластычнасць. Такія вітражы рабіліся для цэркваў. Тэхніка Ціфані нарадзілася напрыканцы ХІХ стагоддзя, і яна змяніла структуру вітражоў і працэс іх вырабу. Яны сталі мякчэйшымі. Сутнасць тэхнікі ў наступным: бярэцца шкло, наразаецца кавалкамі рознай формы, пасля гэтага гэта ўсё складаецца як мазаіка ў адзіную карцінку, кожная дэталька абгортваецца меднай фальгой — з аднаго боку медзь, з іншага — клей. Прастора паміж кавалкамі шкла заліваецца волавам. Яно застывае і тым самым стварае профіль, які трымае ўсе кавалкі шкла разам. Такія вітражы мяккія, больш жывыя, і яны хутка здабылі папулярнасць, бо падыходзяць пад розныя інтэр’еры, у тым ліку хатнія, могуць быць невялікімі, вельмі ўтульнымі.

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітраж, над якім працаваў Міша. Фота: асабісты архіў Мішы

Вітражы Ціфані крыху страцілі сваю папулярнасць падчас Першай сусветнай вайны — гэта і зразумела, тады людзям было не да іх. Але пасля вайны іх выраб аднавіўся па ўсёй Еўропе. Цяпер яшчэ папулярным стаў метад «ф’юзінг» — выпяканне шкла. Ён дазваляе атрымліваць яшчэ больш цікавыя эфекты. Яшчэ адна асаблівасць вітражоў Ціфані — на іх можна маляваць. Спачатку на шкло адмысловай фарбай наносіш малюнак, а потым кладзеш гэты кавалак у спецыяльную печку і запякаеш. Тады фарба ніколі не сатрэцца. Вітражы ўвогуле вельмі трывалыя. Мы ў нашай студыі давалі на іх пажыццёвую гарантыю.

У Еўропе вітражы выкарыстоўваюцца цяпер у тым ліку для вырабу сувеніраў, розных дробязей для інтэр’ера. Шмат у каго цяпер выраб рэчаў у вітражнай тэхніцы стаў хобі.

«Хацеў бы вярнуцца, каб аднаўляць Беларусь»

— То бок, вітраж можна зрабіць і дома, у хатніх умовах?

— Калі гэта не нешта вельмі складанае і аб’ёмнае, то можна. Патрэбныя будуць шкло, шкларэз, шчыпчыкі, якімі вы будзеце адломваць кавалкі шкла, у ідэале станок, каб падточваць дэталі, бо яны грубыя пасля таго, як іх зламалі, медная фальга, каб абгарнуць дэталькі, кіслата, паяльнік, волава, каб гэта ўсё заліць. Яшчэ пажадана, каб была паціна, якая змяняе колер волава — гэта робіць вітраж больш прыгожым. Яшчэ антыаксіданты, каб медзь не пачала акісляцца.

— А дзе ў Бабруйску паглядзець на вітражы?

— Магчыма, я проста мала ведаю, але агульнае ўражанне, што ў Бабруйску вельмі мала выкарыстоўвалі вітражы. Ці большасць з іх была знішчаная. Ёсць вітражы ў бабруйскім касцёле, у некалькіх дамах, дзе я іх ставіў.

Вітражы ў Бабруйскім гарадскім краязнаўчым музеі. Фота: 1387.by

— Ты б хацеў вярнуцца ў Беларусь, у Бабруйск?

— Хацеў бы, але баюся, што ў бліжэйшы час гэта немагчыма. Напэўна, я б хацеў вярнуцца, каб аднаўляць Беларусь. Ну і гэта мой дом, там бацькі, сваякі, якіх мне вельмі не хапае за мяжой — як туды можна не вярнуцца?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру