Пра гэта журналісту «Рэгіянальнай газеты» расказаў краязнаўца з Вілейкі Дзяніс Канецкі.

— Неяк адзін чалавек даў мне прафесійную параду — заўсёды звяртаць увагу на старую цэглу. Там можа трапіцца шмат цікавага. І вось на працягу года я знаходзіў старую цэглу з адбіткамі далоні чалавека, са слядамі жывёл. Кажуць, радзей на цэгле сустракаюцца сляды птушак. Мне яны пакуль не трапляліся.

Гэтым разам чарговыя знаходкі чакалі Дзяніса ў Ручыцы, на месцы былога маёнтка Агінскіх Ганута, што на Вілейшчыне.

Адну цаглінку — верагодна, з адбіткамі лап сабакі — суразмоўца знайшоў у траншэі, другую — са слядамі ката — у кучы смецця. Вядома, што раней на гэтым месцы стаялі пабудовы маёнтка. А недалёка месціўся палац.

Па словах Дзяніса, на месцы былых уладанняў Агінскіх часам трапляюцца цікавыя знаходкі — рэшткі керамічнага посуду і цэгла. Самыя раннія з іх можна датаваць XVII стагоддзем.

***

Адзін з самых велічных маёнткаў Вілейшчыны ў Гануце (сёння вёска Ручыца) пабудаваў 1765 годзе архітэктар з Італіі. Яго запрасіў тагачасны гаспадар Тадэвуш Агінскі.

А сядзіба Ганута была ўвогуле вядомая ад пачатку XVI стагоддзя. Маёнтак, пабудаваны ў 1765-м, складаўся з палаца і гаспадарчых пабудоў.

Сёння пра былую веліч нагадвае напаўразбураная капліца, а таксама рэшткі бровара і панскага млына. На месцы палаца — зарослы ўзгорак. Кампазітар і дыпламат Міхал Клеафас Агінскі стаў гаспадаром маёнтка ў 1814-м, атрымаўшы Гануту ў спадчыну ад сваякоў. Апошнімі уладальнікамі Гануты былі Валовічы. Маёнтак значна пацярпеў у Першую сусветную, але быў адноўлены. Канчаткова Гануту знішчылі ў 1943 годзе. Тады знішчалі шматлікія панскія сядзібы.

Клас
12
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0