Office Life даведаўся, як сёння выжывае бізнэс на расліннай ежы.

Выхадзец з паважанай індыйскай сям'і Бікаш Нахар стаў адным з першых папулярызатараў вегетарыянства і веганства ў Беларусі. Ён прыехаў у Мінск у 1986 годзе па трэцюю вышэйшую адукацыю. Вучыўся ў Беларускім політэхнічным інстытуце (цяпер БНТУ) на інжынера-металазнаўцу і быў адзіным замежнікам на факультэце.

— Пытанне з ежай было адразу. Я спрабаваў знайсці прадукты, каб гатаваць для сябе, купляў бульбу, гародніну, рыс. Спецыі і чай прывозіў з дома. Тады беларусы не ведалі і не разумелі, як гэта можна без мяса, рыбы, малака, яек.

Ён памятае, як быў здзіўлены чэргамі ў 2,5 км у гастраноме па індыйскую гарбату і каву. Тады зразумеў, што прадукты з яго радзімы могуць быць вельмі запатрабаванымі.

— Калі я гатаваў у інтэрнаце, часта не паспяваў сам паесці — усе прыходзілі на пах і частаваліся. Пры гэтым іншыя студэнты дзяліліся са мной сваімі хатнімі кансервамі — агуркамі, памідорамі і гэтак далей.

Смачна гатаваць Бікаш навучыўся ў мамы. А вядзенню бізнэсу — у бацькі. Той быў доктарам, але казаў, што «бізнэс — гэта не пра зараблянне грошай, а пра выбудоўванне адносін». Гэтай жа філасофіі прытрымліваецца і сын.

Калі ў 1990-я пачаў зараджацца прыватны бізнэс, Бікаш Нахар вырашыў прадаваць індыйскую ежу. Для адкрыцця сваёй установы патрэбныя былі грошы і прадукты, якіх у Беларусі тады было не дастаць.

Спачатку ён паспрабаваў з сябрамі адкрыць некалькі крамак па гандлі таварамі з Індыі ў Маскве. І толькі ў 2006 годзе запрацаваў яго павільён на Камароўцы.

«Гэта быў першы індыйскі магазін у Беларусі. Я сам быў і прадаўцом, і бухгалтарам, і дырэктарам. Спачатку наведвальнікаў было няшмат. Але я пачаў распавядаць пакупнікам, для чаго патрэбныя спецыі. Тлумачыў, што ў нас у Індыі яны лічацца лекамі, як іх лепш выкарыстоўваць, што з чым спалучаць і ў якім аб'ёме. Я і зараз гэта раблю. Людзей стала прыходзіць больш, але купляла толькі палова», — расказвае прадпрымальнік.

Гэта не хвалявала Бікаша: ён «гадаваў» свайго спажыўца. Да заўсёды ветлага індуса, які распавядаў пра тое, як быць здаровым і па-сапраўднаму шчаслівым, пацягнуліся людзі — на заняткі па ёзе, на лекцыі і кулінарныя майстар-класы. Кліент быў гатовы. У 2017 годзе Бікаш Нахар адкрыў другі магазін і кафэ Om Namo.

Ён лічыць, што вегетарыянскім кафэ можа лічыцца толькі тая ўстанова, якая прытрымліваецца філасофіі ненасілля. Бо веганства (строгае вегетарыянства) — гэта не нейкая дыета. Яно цалкам выключае прадукты жывёльнага паходжання, таму што не прымае гвалту ў адносінах да жывёл.

Заснавальнік брэнда Vegetus Дзяніс Пакалюк пацвярджае, што гэтая ніша пачала рэзка расці ў апошнія пяць гадоў. У тым ліку і таму, што ў СМІ вельмі шмат станоўчага з'явілася пра вегетарыянства. Таксама важным рухавіком у сегменце з'яўляецца ёга, адэпты якой часта становяцца вегетарыянцамі.

Пандэмію перажылі, сур'ёзны крызіс чакаў потым

У першую хвалю COVID-19 установа Бікаша Нахара змагла скарыстацца льготай па арэндзе. А сам гаспадар па прапанове дачкі вырашыў дапамагаць беларускім бальніцам і пастаўляў ім ежу.

— Быў няпросты час: мы не працавалі ў плюс, але неўзабаве ўсё аднавілася.

Бізнэс Дзяніса Пакалюка Vegetus.by таксама прайшоў выпрабаванне пандэміяй.

— Спачатку людзей ахапіла паніка. Тавары працяглага захоўвання ў нас купляліся добра. Першы месяц нават быў ўсплёск гандлю. Мы выдалі супрацоўнікам індывідуальныя сродкі абароны, арганізавалі бескантактавую выдачу. Але потым здарыўся адкат, і пакупнікі перайшлі ў анлайн. Дастаўкі на дом ўзраслі ў два разы. На гэтым фоне мы пашырыліся да пяці крам, у нас таксама адкрылася кафэ Veggie bar. Але цяпер сітуацыя змянілася.

Галоўныя праблемы — рост закупачных цэн і выдаткаў, імкненне пакупнікоў эканоміць, а таксама скарачэнне сегмента кліентаў, у большасці сваёй маладых і добра забяспечаных людзей, якія з'ехалі з краіны. Паводле ацэнкі Дзяніса Пакалюка, за апошнія два гады яго бізнэс страціў больш за палову плацежаздольных пакупнікоў.

— Колькасць продажаў упала амаль на 30% за два гады. Гэта крытычна,— працягвае заснавальнік сеткі супермаркетаў. — Сярэдні чэк павялічыўся прыкладна на 10%, а цэны — у сярэднім на 30%.

І Дзяніс Пакалюк, і Бікаш Нахар з'яўляюцца, апроч іншага, імпарцёрамі вегетарыянскіх і іншых тавараў, якія прадаюць не толькі ў сваіх аб'ектах, але і іншым установам і крамам.

Уладальнік сеткі Vegetus перш вазіў частку тавару з Польшчы, Італіі і Бельгіі. Але асноўная маса завозіцца з Расіі, якая, на думку Дзяніса Пакалюка, апярэджвае Еўропу па асартыменце прадуктаў — замяняльнікаў малака і мяса. Акрамя таго, многія веганскія прадукты навучыліся вырабляць і самі беларусы. Так што праблем з таварам няма. Ёсць толькі пытанне цаны.

Аналагічна і з індыйскімі таварамі, якія пастаўляе Бікаш Нахар. З-за росту цаны на кантэйнерныя перавозкі яму даводзіцца ахвяраваць уласным прыбыткам.

— Калі раней перавозка аднаго кантэйнера каштавала $2,5-3 тыс., то цяпер — мінімум $10 тыс.

Купіць кантэйнер — таксама цэлы квэст. Напрыклад, Бікаш разлічваў аформіць пастаўку сёлета ў чэрвені, але ў выніку змог знайсці кантэйнер толькі цяпер. Тавар прыходзіць прыкладна праз паўтара месяца. Гэта значыць, чаканне новага паступлення расцягнецца ў суме на паўгода.

Як утрымліваюць кліентаў і што з цэнамі

Планаў пашырацца цяпер ні ў каго няма, задача — утрымаць тое, што ёсць. Калі раней Дзяніс Пакалюк і задумваўся аб франчайзінгу, то пакуль гэтая тэма пастаўлена на паўзу:

— Дзве з пяці нашых крам рызыкуюць быць зачыненымі, але я спрабую захаваць іх. Мы выжываем за кошт таго, што ў нас ёсць і іншыя нішы. Расце опт. Развіваем агульнае харчаванне, каб даваць гатовыя рашэнні па харчаванні. Людзі хочуць менш хадзіць ва ўстановы, робяць больш анлайн-пакупак.

Каб прыцягнуць увагу да веганства, было вырашана правесці Vegan Food Way, ён працягнецца да 10 лістапада. Падчас фэсту чатыры кафэ-ўдзельнікі прапануюць наведнікам сэты па адзінай цане 18 рублёў, або 21 рубель з дастаўкай.

— Для нас не вельмі добра, што цана сэта такая нізкая, пры тым што ён уключае камбінацыю страў. У нас будзе суп, веганскі бургер і дэсерт. Але я разумею, што рэклама цяпер вельмі патрэбная, патрэбныя актыўнасці, — тлумачыць Іван Ліс, заснавальнік веганскага і сыраедчага кафэ Yellow Slon («Жоўты слон»).

Яго ўстанова размешчана на вуліцы Багдановіча, недалёка ад Камароўкі, а таксама ад офісаў некалькіх IT-кампаній, якія рэлакаваліся. Менавіта адтуль была большасць кліентаў установы — не толькі веганы, а проста людзі, якія хочуць харчавацца здаровай ежай, ставяцца да рацыёну свядома. З сакавіка колькасць кліентаў рэзка ўпала і практычна не аднаўляецца.

Плацежаздольнасць тых, хто застаўся, вядома, таксама ўплывае. З улікам інфляцыі установе ледзь атрымліваецца выходзіць у плюс за кошт змены пастаўшчыкоў.

— Падцягнуліся беларускія вытворцы. Напрыклад, ёсць кампанія Believe It, якая робіць расліннае мяса з рысавага бялку. Іх прадукт не горшы, але ў паўтара раза таннейшы, чым прэміяльны расійскі тавар Hilburger або #неМясо. Тое ж і з камбучай (слабагазаваны напой на аснове чайнага грыба), раслінным малаком. Мы перайшлі на беларускае малако ад Palitra. Айчынны вытворца нядаўна з'явіўся на рынку. На аснове кеш'ю-малака яны робяць розныя сумесі. Атрымліваецца якасна і таксама дзесьці ў паўтара раза танней за расійскае ў сваім сегменце. Так што беларусы малайцы.

Яшчэ з 2021 года з'явілася магчымасць закупляць у беларускіх фермераў разнастайную зеляніну і гародніну, раней даводзілася браць імпартныя (Італія, Ізраіль). Плюс зніжкі, розныя акцыі, у тым ліку партнёрскія — службы дастаўкі Delivio.

Бікаш Нахар, разумеючы карысць сваіх тавараў для здароўя людзей, імкнецца рабіць іх больш даступнымі. Хоць кантэйнерная перавозка падаражэла ў чатыры разы, ён свае цэны падняў толькі ў два. Напрыклад, калі раней прадаваў 100 г куркумы за 2,5 рубля, то цяпер — за 5 рублёў, а не 10.

— 90% маіх кліентаў задаволеныя такой цэнавай палітыкай і ўдзячныя. Наогул, да мяне прыходзяць вельмі розныя пакупнікі. І моладзь, і бабулі-дзядулі. Раней я заўсёды ім рабіў вялікія зніжкі, бо ведаю, што ім не хапае грошай. А купіць карысны прадукт хочацца. Цяпер я радзей магу такім займацца, — прызнаецца Бікаш.

Веганскіх устаноў усё менш. Трэба іх ратаваць?

Вясной 2022 года ў Мінску былі выстаўлены на продаж тры ўстановы: Nova Bistro ў «Маяку Мінска», Nova Stolova на вул. Маякоўскага і Green+Go на Кастрычніцкай. Бізнэс аказаўся нерэнтабельным, уладальнікі ўлезлі ў даўгі. Таму прыйшлося ліквідавацца, каб разлічыцца па іх.

Адну з устаноў — Green+Go — у жніўні выкупіў Іван Ліс. Гэта значыць, Green+Go працягвае працаваць пад той жа назвай і на тым жа месцы.

— У яе ўдалая лакацыя і ў цэлым месца нядрэннае, рэнтабельнае. Мы выкупілі права арэнды памяшкання і ўсё абсталяванне за $25 тысяч. Крэдытаў ніякіх не бралі, гэта інвестыцыі фінансавага партнёра. З'явіліся і малыя партнёры, якія сталі кіраўнікамі. Я ж туды інвеставаў свой вопыт. На той момант нам было цікава паспрабаваць маштабаваць бізнэс — запусціць франшызу або адкрыць другую сетку. Але пакуль паставілі тэму на паўзу, паглядзім, як завершыцца гэты год. Укладваемся ў тое, каб зрабіць больш утульным кафэ.

Што адбываецца ў Мінску з веганскімі кафэ і крамамі

Хоць новая ўстанова амаль удвая большая па плошчы і мае больш пасадачных месцаў, пакуль яна «выпрацоўвае» столькі ж, колькі і мініяцюрны Yellow Slon. У тым ліку таму, што там большы штат супрацоўнікаў. Дарэчы, амаль 60% работнікаў пасля продажу засталіся з новымі ўладальнікамі.

Іван Ліс вельмі рады, што ўдалося перайсці на аплату арэнды ў беларускіх рублях. Хоць усё роўна абыходзіцца дорага: 1750 рублёў за 42 кв.м. За плошчу Green+Go з тэрасай выходзіць 2000 рублёў.

— Я разумею, што кожны месяц, а то і дзень, прыносіць новыя цяжкасці. Але хачу працягваць гэтым займацца і гляджу ў будучыню з пазітывам. Я мог бы выбраць іншую сферу і зарабляць больш. Але мне цікава, каб такія месцы развіваліся. Таму што вегетарыянства — гэта ўсвядомленасць. Хочацца, каб добрых людзей было больш. Ад гэтага ў свеце усім будзе лепш.

Крыху па-іншаму апісвае свой падыход да бізнэсу і жыцця ў матэрыяльным свеце Бікаш Нахар: няма сэнсу шукаць шчасця ў заўтрашнім дні.

— Я ніколі нічога ў жыцці не чакаю. Калі Бог мне даў сёння, бяру сёння і цяпер. Я не думаю, што калі ў мяне будзе шмат грошай і магчымасцяў, то шчасце прыйдзе. Яно не прыйдзе. Таму і бізнэс трэба не планаваць, а разлічваць — і рабіць, што можаш. У мяне можа не быць каласальнага прыбытку, але затое будзе каласальная радасць ад задаволеных людзей. І ўсім таксама раю: жывіце і балдзейце.

Клас
19
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
6