Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Праваабаронцы зафіксавалі, што ў кастрычніку судовая сістэма працягвала ўжываць да рэпрэсаваных пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна за кастрычнік па вядомых ПЦ «Вясна» справах, суды вынеслі:

— 425 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі ў дачыненні да 77 чалавек (у тым ліку асуджаных па справе Аўтуховіча);

— 15 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да 7 чалавек;

— 67 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») у дачыненні да 27 чалавек;

— 4 месяцы арышту ў дачыненні да 2 чалавек;

— 100 базавых велічынь штрафу на суму 3 200 рублёў у якасці асноўнага пакарання ў дачыненні да аднаго чалавека;

— 12 120 базавых велічынь штрафаў на суму 387 840 рублёў у якасці дадатковага пакарання да 27 чалавек разам з пазбаўленнем (да 26 асуджаных) і абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (да аднаго чалавека);

— 10 гадоў пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў у дачыненні да 2 чалавек разам з пазбаўленнем волі кожнага;

— пазбаўленне воінскага звання «старшы прапаршчык у адстаўцы» ў дачыненні да чалавека разам з пазбаўленнем волі (Мікалай Аўтуховіч);

— прымусовыя меры бяспекі і лячэння ў выглядзе прымусовага лячэння ад хранічнага алкагалізму па месцы адбывання пакарання ў дачыненні да 1 чалавека разам з пазбаўленнем волі.

Паводле слоў вядомых праваабаронцаў, у кастрычніку суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 67.54% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 6.14% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 23.7% выпадкаў асуджэння грамадзян. Пакаранне ў выглядзе арышту суды ўжывалі ў 1.75% выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычных спраў. Штраф прымяняўся толькі ў 0.87% выпадкаў асуджэння грамадзян.

Такім чынам, у кастрычніку пакаранне па крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі», «хатняй хіміі» і арышту суды ўжывалі ў 99.13% выпадкаў асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1