«Знаходка — гільза ад снарада. Чалавек, які яе знайшоў, пажадаў застацца ананімным, але перадаў рарытэт музею. Гэта сапраўды ўнікальная рэч, і пра яе гісторыю інфармацыі няшмат. Але сёе-тое нашы навуковыя супрацоўнікі высветлілі», — расказаў дырэктар Вілейскага краязнаўчага музея Ігар Кіцікаў.

На фланцы знаходкі, акрамя кляйма завода-вытворцы, нумара партыі і года вырабу навуковыя супрацоўнікі музея выявілі якар. У гісторыкаў узнікла пытанне: як пад Вілейкай апынуўся снарад, які прымяняўся на флоце.

«Гісторыя такая: для барацьбы з міннымі катарамі ў 1875-1885 гадах Марское ведамства закупіла за мяжой некалькі тыпаў малакаліберных хуткастрэльных гармат, у тым ліку і 47-мм гарматы амерыканскага канструктара Гочкіса. Гэта наразная казназарадная хуткастрэльная карабельная гармата, распрацаваная ў 1885 годзе французскай фірмай Hotchkiss et Cie. Арыгінальная назва — Canon Hotchkiss à tir rapide de 47 mm.

Падобная прылада камплектавалася рускімі і французскімі чыгуннымі і сталёвымі гранатамі. Першая такая гармата была набытая ў 1883 годзе, а праз год 47-мм гарматы Гочкіса выпрабоўваліся на крэйсеры «Афрыка», — удакладніў Ігар Кіцікаў.

Руска-японская вайна паказала неэфектыўнасць гэтых гармат у якасці супрацьміннай артылерыі. Таму неўзабаве 47-мм гарматы паступова сталі здымаць з караблёў. А ўспомнілі пра іх пазней: падчас Першай сусветнай вайны, асабліва з 1915 года, калі вайна набыла пазіцыйны характар і арміі спатрэбілася надзвычай лёгкая і з высокай дакладнасцю стральбы траншэйная гармата.

Відаць, снарад, гільзу ад якога знайшоў жыхар Вілейкі, быў выкарыстаны падчас баёў за горад у верасні 1915 года. 

Знаходка папоўніла фонды музея, а шырокай публіцы экспанат пакажуць на бліжэйшай тэматычнай выставе, прысвечанай падзеям Першай сусветнай вайны.

label.reaction.like
label.reaction.facepalm
label.reaction.smile
label.reaction.omg
label.reaction.sad
label.reaction.anger

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру