«Вельмі хацеў пабачыць свет»

Да таго, як сесці за руль вялікагруза, Аляксей працаваў на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве, піша «Светлы шлях». На далёкую дарогу яго падштурхнуў муж сястры, які на той час актыўна калясіў па казахскіх стэпах.

— Мне было 27 гадоў, і я вельмі хацеў свет пабачыць: рамантыка, дарога. Плюс матэрыяльнае пытанне многія вырашаюць дальнабоем. Амаль дзесяць гадоў правы ў мяне былі, я даволі ўпэўнена вадзіў легкавы аўтамабіль. Сумняваўся, але вырашыў паспрабаваць. Жонка падтрымала, — успамінае Аляксей Рукойць.

Першы «марш-кідок» у якасці стажора мужчына здзейсніў на «Вольва» ў Іспанію, адтуль — у Ніжні Ноўгарад. Наступны рэйс — ужо самастойнае плаванне. Справіўся.

— З таго часу аб'ехаў усю Еўропу, многае пабачыў, вывучыў. Швейцарскія палі, Эйфелева вежа, многае ў памяці застаецца, — усміхаецца дальнабойнік.

«Мінусы» працы: бытавыя ўмовы — не самыя камфортныя, працяглыя, па 2—3 месяцы, камандзіроўкі. Менавіта доўгія расстанні з жонкай, «шлюб па вайберы» падштурхнулі Аляксея да думкі: «А што калі Лену ўзяць да сябе ў напарнікі? Сямейных экіпажаў у Еўропе нямала. Можна і нам паспрабаваць».

«Сядзіш высока — дарога бачная як на далоні»

Алена называе мужа «вечным рухавіком».

— Калісьці ён пераканаў мяне пайсці ў аўташколу, атрымаць правы на кіраванне легкавым аўтамабілем. Я крыху ўпіралася, а цяпер — ні кроплі не шкадую. Дарогу люблю. Ні ад кога не залежу, куды трэба — сама пад'еду. Жыццё без аўто наогул не ўяўляю. Калі муж рамантуе аўтамабіль, заўсёды яму дапамагаю. Тэхніка мне падабаецца.

А аднойчы муж прапанаваў Алене «асвоіць» вялікагруз.

— Вядома, я напружылася. Але ён зноў узяў мяне за руку і прывёў у аўташколу. Спачатку я атрымала правы на кіраванне транспартным сродкам катэгорыі «С» (грузавога аўтамабіля), а потым — катэгорыі «Е». У групе — адны мужчыны, вядома, хвалююча. Катэгорыю «С» атрымлівала на МАЗе. Калі села за руль ЗІЛа — эмоцыі перапаўнялі. Але потым здалося, што неяк нават лягчэй, чым легкавым аўтамабілем кіраваць: сядзіш высока — дарога бачная як на далоні, — распавядае жанчына.

У гэтым годзе дачка сямейнай пары заканчвае школу.

— Калі дачка паступіць куды-небудзь вучыцца, я ўжо вырашыла: пайду да мужа ў напарнікі. Жыццё праходзіць — а мы так мала бываем разам. Кожны раз, калі Аляксей ад'язджае, складана расставацца. А тут з'явілася нагода быць бліжэйшымі, — гаворыць Алена.

Клас
47
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
2