Падчас свайго выступлення Церцель звярнуў увагу на «парадокс». Маўляў, грамадска-палітычная сітуацыя ў Беларусі цяпер стабільная, сілавікі забяспечваюць у ёй «парадак і бяспеку». Парадокс жа ў тым, што менавіта ў сувязі з гэтым, маўляў, і фіксуецца нарастанне пагрозы з тэрыторыі сумежных краін, бо «беглыя», якія знаходзяцца ў іх, «ужо не бачаць магчымасці мірных пераменаў і актыўна распрацоўваюць сілавы сцэнар змены канстытуцыйнага ладу».

Пры гэтым старшыня КДБ сам сабе супярэчыў, бо ў іншым месцы адзначыў, што «ў 2020 годзе была спроба дзяржаўнага перавароту, масавыя беспарадкі». То-бок нібыта, паводле ягонай логікі, і раней пра мірныя перамены гаворкі не шло, а здзяйсняўся сілавы сцэнар, а з другога боку — нібыта ён распрацоўваецца толькі цяпер.

Церцель жа працягваў нагнятаць далей, параўнаўшы сітуацыю, якая цяпер складваецца ў свеце, з той, якая складвалася напярэдадні Першай і Другой сусветных войнаў. Як і тады, у свеце, маўляў, складаюцца кааліцыі краін. А паколькі Беларусь уваходзіць у кааліцыю з «Кітаем, Расіяй, Іранам і некаторымі іншымі краінамі», то «калектыўны Захад», які складае супрацьлеглы блок, рыхтуецца па ёй ударыць, прытым «ядзерныя ўдары, як гэта было ў перыяд існавання Савецкага Саюза, у тым ліку па нашай тэрыторыі плануюцца».

Але галоўная «сенсацыя», якой падзяліўся Церцель з аўдыторыяй:

«Ёсць канкрэтныя планы ўваходжання на нашу тэрыторыю вайсковых кантынгентаў, у тым ліку з тэрыторыі Польшчы. Вядомая 101-я паветрана-дэсантная дывізія ЗША, якая часткова ўжо базуецца на тэрыторыі суседняй з намі дзяржавы».

У рэальнасці на тэрыторыі Беларусі з зімы 2022 года знаходзяцца расійскія войскі. Менавіта з нашай тэрыторыі яны зрабілі напад на Украіну. 

Клас
4
Панылы сорам
43
Ха-ха
28
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
26