Справу разглядаў суддзя Дзмітрый Кедаль.

Па матэрыялах абвінавачання, Юрый Курчэўскі, 6 верасня даведаўшыся пра плануемую акцыю пратэсту, прыбыў на плошчу Савецкую, каб разам з іншымі прайсці маршам па цэнтры горада. Пры гэтым «груба парушаў грамадскі парадак, прыняў актыўны ўдзел у групавых несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах — мітынгу, шэсці, выбудаваўшыся ў шэраг, перагарадзіўшы цэнтральны ўваход у філіял ААТ «Беларусбанк» і частку тратуара, што пацягнула парушэнне працы названай установы».

Пры гэтым на патрабаванні аб спыненні супрацьпраўных дзеянняў не рэагаваў. Далей, працягваючы свае дзеянні, прыняў актыўны ўдзел у групавым несанкцыянаваным мерапрыемстве — масавым вулічным шэсці, якое перашкаджала руху транспарту. У выніку аўтатранспартнаму прадпрыемству быў нанесены ўрон на суму 71,69 рублёў.

6 верасня ў цэнтры Гродна быў запланаваны чарговы марш нязгодных з дзеяннямі ўладаў. Пратэстоўцы збіраліся ў шасці пунктах горада, каб дайсці да Савецкай плошчы. Групы людзей, якія ішлі да цэнтра, разбівалі сілавікі. Масавыя затрыманні і счэпкі былі на вул. Астроўскага. Пазней людзі сабраліся на Савецкай плошчы і пайшлі маршам да ўніверсама «Брэст». Там людзей сустрэў АМАП, які ўжыў газ. Счэпку разбілі, некаторых людзей затрымалі, астатнія сышлі. Пры затрыманнях і мужчын, і жанчын душылі, цягнулі па асфальце і распылялі газ проста ў твар.

У судовым пасяджэнні Курчэўскі сваю віну прызнаў цалкам.

Суд пастанавіў прызнаць Курчэўскага вінаватым і 26 верасня прысудзіў яму абмежаванне волі тэрмінам на два гады з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу («хімія»).

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
5