«Амаль год таму ў маёй хаце з'явілася цудоўная рэч: нявестка падарыла арыгінальны адрыўны каляндар на 2022 год. Ды не проста каляндар, а каляндар-слоўнічак. Зроблены ён з густам, прыгожа і з душой. На кожнай старонцы над яркай і натхняльнай ілюстрацыяй — цікавае беларускае слоўца (ці фразеалагізм) з перакладам на рускую мову. Побач — прыклад яго ўжывання з мастацкай літаратуры.

Акрамя таго, у календары шмат філасофскіх цытат, народных прыказак. Напрыклад, «Кожны чалавек носіць сваё неба з сабой» (У. Караткевіч), «Шчасце можа быць поўным толькі тады, калі ўсе вакол цябе адчуваюць сябе шчаслівымі», «Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш» (Я. Колас), «Толькі чыстыя сэрцы бачаць сапраўдную прыгажосць» (Я. Брыль), «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці» (Р. Барадулін), «Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне» (А. Разанаў)…

А якія ў слоўнічку словы! Багоўка, веснічкі, вэлюм, філіжанка, кужаль, вехаць, бразготка, слота, блазан, сутарэнне… Факт, што цяпер кожная раніца ў мяне — добрая, бо пачынаецца з нечага вельмі свайго, беларускага.

Дарэчы, каляндар можна не толькі павесіць на сцяну, але і замацаваць на рабочым стале або падаконні. У камплекце ёсць два магніцікі, якімі я прымацоўваю на халадзільнік асобныя ўпадабаныя старонкі…

Іх, такіх цёплых, з надыходам восені ды зімы застаецца ўсё менш і менш: год канчаецца. Хацелася б мець такі каляндар на новы год. Але ж ці з'явіцца ён у продажы? Каб нагадваць забытыя слоўцы, каб засвойваць новыя, а што патрэбна не менш — штодзень, хоць крыху, уздымаць настрой…», — напісала ў «Звязду» Таццяна Маркава.

Каб адказаць на пытанні чытачкі, «Звязда» звязалася з Яўгеніяй Дудзянковай — стваральніцай календара не толькі на год цяперашні, але і на наступны.

Яўгенія Дудзянкова

Яўгенія Дудзянкова

«Гэтым разам у ім, апроч слоў, прыказак і прымавак, цытат, фразеалагізмаў, з'явіліся беларускія скорагаворкі, — расказвае Яўгенія. — Словы ўсе новыя, многія вельмі самабытныя і сёння ўжо рэдка ўжываныя. Да таго ж у календара новы дызайн старонак з падзелам на поры года, новая вокладка, новы лагатып «Лёгкай мовы».

А пачыналася ўсё з таго, што гадоў дзесяць назад «Укантакце» была створана суполка «Беларуская мова для лянівых», бо трэба ж, як прызнала Яўгенія, каб родную мову ведалі і яны. Таму інфармацыя падавалася ў вельмі простай і сціслай форме: прыгожы фотаздымак, беларускае слова, пераклад яго на рускую мову.

Наступным крокам было пашырэнне аўдыторыі: Яўгенія стварыла моўны блог у «Інстаграме».

«Беларуская мова для лянівых» вельмі хутка заняла нішу аднаго з самых папулярных беларускамоўных блогаў, — расказвае аўтарка. — На сёння ў яго амаль 45 тысяч падпісчыкаў. Праўда, першапачатковая назва падалася задоўгай. Таму, каб суполку прасцей было адшукаць у сацсетках, я перайменавала яе ў «Лёгкую мову», бо матэрыял і сапраўды стараюся падаваць цікава і з гумарам.

Да таго ж я пастаянна кантактую са сваёй аўдыторыяй, з задавальненнем адказваю на кожны каментарый і паведамленне. Блог для мяне — сапраўдная аддушына, а кожны пост — вельмі важны і значны.

Я магу гадзінамі падбіраць выяву пад цікавае беларускае слоўца, каб яно ўсё разам лягло на душу — спачатку мне. І толькі пасля ўжо дзялюся з падпісчыкамі. Яны ў мяне вельмі ўдумлівыя, цікаўныя, задаюць пытанні, уступаюць у дыскусіі.

З ростам колькасці падпісчыкаў да Яўгеніі пачалі паступаць і прапановы аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, у канцы 2020 года мінская друкарня прапанавала выпусціць календары-слоўнічкі. Так блог @lohkaja_mova з «Інстаграма» перабраўся на старонкі адрыўнога календара.

«Я вельмі люблю гартаць слоўнікі, а таксама чытаць па-беларуску, — працягвае дзяўчына. — І пры гэтым пастаянна трымаю пад рукой нататнік і аловак. Калі сустракаю цікавае слоўка — абавязкова выпісваю. На сапраўдныя моўныя «перлінкі» найбольш багатая, як мне здаецца, творчасць Караткевіча…

А здараецца і наадварот: спачатку знаходжу выяву, якая вельмі падабаецца, і ўжо да яе падбіраю слова. У кожную з 365 старонак і першага і другога календара «Лёгкая мова» я ўклала часцінку сваёй душы. Радая, што людзі гэта адчуваюць. Быў чалавек, які заказаў на падарункі аж 24 календары. Прыемна, што «слоўнічкі» набываюць настаўнікі і вешаюць у сябе ў класах, каб вучні штодзень адкрывалі для сябе новае слова».

Календары «Лёгкая мова» — гэта: штодзень новыя беларускія словы — агулам 365 словаў! На кожнай старонцы — яскравая карцінка, словы на беларускай мове, пераклад на расійскую і прыклад ужывання з мастацкае літаратуры. Каляндарык можна паставіць на стол ці павесіць на сцяну. Кожны каляндар ідзе ў падарункавай скрынцы. У камплекце — два магніцікі для мацавання ўпадабаных старонак на халадзільнік.

Кошт — 40 руб. Зрабіць перадзамову можна, запоўніўшы форму па спасылцы. Магчымы самавываз у горадзе Мінску, а таксама адпраўка поштай па Беларусі і ўсім свеце.

Клас
45
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2