Па распараджэнні намесніка начальніка Беларускай чыгункі Ігара Казлоўскага, былі падрыхтаваныя спісы работнікаў БЧ, якія нарадзіліся ва Украіне, паведамляе канал.
Паводле інфармацыі @belzhd_live, работнікаў, якія нарадзіліся ва Украіне (напрыклад, перасяленцы з Данбаса), выклікаюць у абласныя ўпраўленні КДБ і распытваюць пра сваякоў ва Украіне, што тыя распавядаюць, задаюць іншыя пытанні.
Грамадзян Беларусі таксама пытаюцца, ці галасавалі на выбарах 2020 года, за каго галасавалі, цікавяцца стаўленнем да вайны і г. д.
«У працэсе апытання праводзіцца аналіз на схільнасць да «здрады дзяржаве». Пры якіх-небудзь падазрэннях з боку КДБ, работнікаў адпраўляюць на паліграф», — піша канал.
Аб падобных дзеяннях у дачыненні да ўраджэнцаў Украіны ў іншых арганізацыях раней не паведамлялася.
Супольнасць чыгуначнікаў падчас вайны распаўсюджвае важныя інсайды аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі па Беларусі.





