Паказаны Лукашэнку дрон называецца «Міратворац». Характарыстыкі адразу пазначаныя на стэндзе пад ім. 

«Моцнае ўражанне, што нейкае фуфло. Але выглядае прыгожа», — сказаў абазнаны ў дронах эксперт, глянуўшы на гэтыя характарыстыкі. 

«45 хвілін палёту? Гэта што? Як для разведчыка — вельмі мала аўтаномнасці, як для ўдарнага беспілотніка — вельмі мала можа несці баявой нагрузкі, і не зусім ясна, куды яе чапляць. БелТА таксама паказала фота гэтага цуду тэхнікі з іншага ракурсу, і вось тут канчаткова ўсё становіцца на свае месцы», — кажа эксперт. 

Бачна, што ў гэтага беспілотніка няма аптычных сістэм, а значыць, ні за чым шпіёніць ён не можа. Ёсць сумневы, што ён можа несці таксама ракеты. А рэактыўны рухавік выдае або трэніровачную мадэль, здольную сімуляваць нейкія іншыя лятаючыя аб'екты, або дрон-камікадзэ. 

«Улічваючы вялізнае візуальнае падабенства гэтага «Міратворца» з мішэнню «Беркут-БМ», здаецца, што гэта або адзін і той жа дрон, або што гэта былая мішэнь, пераробленая ў камікадзэ, — дадаў суразмоўца. — На карысць гэтай версіі гаворыць фраза аб здольнасці «навядзення па каардынатах», што можна расшыфраваць як тое, што гэтая рэч можа быць выпушчаная па стацыянарным аб'екце». 

Паветраная мішэнь «Беркут-БМ» ад канструктарскага бюро «Беспілотныя верталёты», прызначаная для трэніровак баявых разлікаў ЗРК. Характарыстыкі гэтай машыны, паказанай у 2019-м годзе, амаль да літары супадаюць з характарыстыкамі «Міратворца». 

Паветраная мішэнь «Беркут-БМ» ад канструктарскага бюро «Беспілотныя верталёты», прызначаная для трэніровак баявых разлікаў ЗРК. Характарыстыкі гэтай машыны, паказанай у 2019-м годзе, амаль да літары супадаюць з характарыстыкамі «Міратворца». 

Сёння Лукашэнка таксама хваліўся, што Беларусь — лідар у свеце па вытворчасці беспілотнікаў, а попыт на іх вельмі вялікі. 

Раней «Наша Ніва» ўжо расказвала гісторыю стварэння ўдарных беларускіх беспілотнікаў у калідорах дзяржаўнага «Агата» і на грошы Мінабароны. 

Меркавалася, што будзе нешта кшталту «Байрактара», але распрацоўку, якая атрымалася, замоўца адмовіўся прымаць.

«Не сказаць, каб зусім не лётала, але на большае, чым палохаць варон, не надавалася», — казаў «Нашай Ніве» абазнаны ў гэтым пытанні вайсковец. 

У выніку «Агат» правёў феерычную «камерцыялізацыю» прадукту, прадпісаную ва ўмовах выдзялення фінансавання: пры продажы пакістанцам савецкіх «Букаў» агатаўскія беспілотнікі паднялі ў паветра, каб на іх прадэманстраваць працаздольнасць зенітна-ракетных комплексаў. За збітыя ў ходзе дэманстрацыі беспілотнікі з пакістанцаў узялі грошы і, такім чынам, «камерцыялізавалі» няўдалы прадукт. 

Клас
8
Панылы сорам
16
Ха-ха
161
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
10