Увайшоўшы ў дом, перш за ўсё кідаюцца ў вочы панарамныя вокны і прасторныя пакоі. Планіроўку дома Дзмітрый прадумваў сам. Ён заўсёды марыў пра вялікі дом з утульнай мансарднай. Дом Дзмітрый будаваў сам, і памяшканне яшчэ цалкам не адрамантавана.

Пакуль Дзмітрый знаёміць нас са сваімі ўладаннямі, з суседняга пакоя даносіцца дзіцячы смех.

«Знаёмцеся, мае Мікіта і Ніка. Яны пагодкі 2013 і 2014 года нараджэння», — прадстаўляе сваіх дзяцей Дзмітрый Клімук.

Пакуль мы знаёмімся, Дзмітрый хутка накрывае салодкі стол і запрашае ўсіх выпіць чаю. Гаспадару 36 гадоў. Ён ужо чатыры гады адзін выхоўвае дваіх дзяцей.

Сын Мікіта — інвалід. Пасля года жыцця хлопчыку паставілі дыягназ ДЦП. Дачка Ніка, на першы погляд, звычайнае дзіця, але і яна ў свае восем гадоў прайшла нямала абследаванняў і лячэнняў. У дзяўчынкі — кіста ў левай скроневай вобласці галаўнога мозгу і генетычнае захворванне.

Нягледзячы на дыягназы, дзеці жывуць звычайным жыццём. Абодва вучацца ў першым класе Куранецкай сярэдняй школы.

«Калі не стала жонкі, першае, пра што я падумаў: як забраць дзяцей?»

А пачыналася гэтая гісторыя ў 2012 годзе. Дзмітрый пазнаёміўся з дзяўчынай, распісаліся, разам чакалі з'яўленне першынца. Усё было добра. Але хлопчык нарадзіўся неданошаным: важыў усяго 980 грамаў.

Адразу пасля нараджэння Мікіты бацькам паведамілі, што хлопчык сляпы. Каб аднавіць зрок, на першым месяцы жыцця дзіцяці зрабілі аперацыю. Сем тыдняў малы правёў у рэанімацыі, цяпер у яго дальназоркасць.

Дзмітрый успамінае, як распалася сям'я. Ён і сам не разумее, як і калі ў сям'і пачаліся сваркі і непаразуменні. Праз паўгода пасля нараджэння сына жонка сабрала рэчы і сышла. Дзмітрый кажа, што званкі і просьбы паразмаўляць і вырашыць пытанні былі марнымі.

Яшчэ праз паўгода ён даведаўся, што стаў бацькам другі раз. Але жонка, па словах Дзмітрыя, не жадала яго бачыць і не дазваляла сустракацца з дзецьмі. Першы раз бацька ўбачыў дачку Ніку, калі ёй быў год. Сына бацька не бачыў чатыры гады.

Аднойчы па тэлефоне Дзмітрыю паведамілі сумную навіну: ягонай жонкі больш няма. Пра смерць жонкі (яны так і не паспелі развесціся) Дзмітрыю гаварыць складана. На той момант яны не жылі разам. Але ўсё ж ўспаміны пра яе ён захоўвае цёплыя.

«Калі не стала жонкі, першае, пра што я падумаў: як забраць дзяцей? Гэта быў 2018 год. Першым забраў Мікіту, а праз нейкі час і Ніку», — кажа бацька.

У той час за дзецьмі глядзела маці памерлай жонкі. Дзмітрыю прыйшлося звольніцца з працы, каб забяспечыць догляд за дачкой і сынам.

«Падтрымлівала маральна і матэрыяльна мая мама, сябры дапамагалі, хто чым мог. Прыносілі цацкі, рэчы, нават грашыма дапамагалі», — кажа Дзмітрый.

Дзіцячыя бальніцы, лячэнне, рэабілітацыя

Дзмітрый распавядае, што, калі ён забраў дзяцей, яны практычна не наведвалі дзіцячы садок, не былі прывучаныя да гаршка, «не мелі паняцця, што такое зубная шчотка». Ніка у тры гады дрэнна размаўляла, а Мікіта не мог хадзіць і перасоўваўся ў інвалідным вазку.

У 2020 годзе хлопчыку зрабілі аперацыю, пасля шасцімесячнай рэабілітацыі ён пачаў хадзіць. Цяпер нават гуляе з сястрой у даганялкі.

Ніцы патрабавалася дапамога лагапеда і псіхіятра. Дзмітрый хадзіў па лекарах і наведваў з дачкой заняткі. Ніка стала больш адкрытай, пачала спяваць песні.

Цяпер дзеці знаходзяцца пад наглядам спецыялістаў, кожныя паўгода яны наведваюць рэабілітацыйныя цэнтры.

«З 14 гадоў марыў пра свой дом»

Першы час Дзмітрый жыў з дзецьмі ў Мінску ва ўласнай кватэры. Да таго, як забраў дзяцей, працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве будаўніком. Калі сышоў з працы дзеля дзяцей, зразумеў, што ў горадзе яму рабіць няма чаго і вырашыў пераехаць у вёску Вілейскага раёна, на радзіму продкаў. Тут ён пачаў будаўніцтва ўласнага дома.

«Я здзейсніў сваю мару. З 14 гадоў марыў пра свой дом, вялікі агарод, пладовы сад, дзяцей. Ды і жыццё ў горадзе ўжо стаміла», — кажа мужчына.

Сям'я пераехала ў Куранец, калі работы па будаўніцтве дома былі ў поўным разгары.

«А пакуль будаваўся дом, мы жылі з малымі на кватэры ў адной добрай жанчыны. Раней яна працавала ў школе, а цяпер на пенсіі. Яна жыла адна, вось і прытуліла нас на час. Я шчыра ўдзячны ёй за дапамогу», — кажа Дзмітрый.

Дом Дзмітрый пабудаваў сам, але ад дапамогі вяскоўцаў і сяброў не адмаўляўся.

«Калі патрэбныя былі «моцныя рукі», на дапамогу прыходзілі сябры і суседзі. Суседства і добрыя адносіны з вяскоўцамі яшчэ ніхто не адмяняў. Вёска — гэта не горад. Тут кожны гатовы дапамагчы адзін аднаму. За год у мяне склаліся добрыя адносіны з суседзямі», — дзеліцца мужчына.

У доме Дзмітрый — тата і мама, а яшчэ — выхавацель, лекар і хатняя абслуга. За гэтыя чатыры гады ён навучыўся варыць смачныя булёны, запякаць мяса, смажыць тоненькія блінцы і варыць кісель. «Праўда з крамы, але дзеці яго любяць», — кажа тата. А яшчэ Дзмітрый з дзецьмі па выхадных любяць смажыць шашлык.

«Мяне з братам у дзяцінстве мама выхоўвала адна, таму я навучыўся нядрэнна гатаваць і да пабытовых рэчаў прывучаны. У плане прыбірання дома прыстасаваліся хутка. Пакуль яшчэ будоўля цалкам не скончаная, рамонт зрабіць не паспеў. Але дзеці ўжо ведаюць, што за сабой трэба прыбіраць. Так, талерку і кубак могуць памыць самастойна».

Ніка вучыцца гатаваць

Ніка вучыцца гатаваць

Першы час было вельмі цяжка, не буду хаваць. Складана нават не фізічна, а псіхалагічна. Раней я думаў, што калі жанчына сядзіць дома з дзіцём, гэта нічога страшнага — адпачывае. І толькі выпрабаваўшы гэта на сваёй «шкуры», я зразумеў наколькі гэта складана. Гэта ж «замкнёнае кола». Да вечара стомлены больш маральна, чым фізічна», — прызнаецца Дзмітрый.

«Можна ўсё, але ў меру»

Дзмітрый распавядае, што самае складанае для яго — гэта выхаванне дзяцей.

«Бывае, вядома, і насваруся, але потым адчуваю сябе вельмі некамфортна. Я, напэўна, той тата, з якім можна ўсё, але ў меру», — кажа бацька.

Па вечарах Мікіта і Ніка наведваюць сельскі Дом культуры — ходзяць на заняткі гуртка, дзе яны займаюцца народным фальклорам, танцамі і песнямі. Са слоў дырэктара сельскага клуба Наталлі Дзік, Дзмітрый прыходзіць на заняткі разам з дзецьмі. І сам з'яўляецца старшынёй аматарскага аб'яднання «Вытокі». У вёсцы расказалі, што «маці такіх мала, як Дзмітрый».

«Мае дзеці — гэта мой сэнс жыцця! Калі б не яны, невядома, дзе б я быў. А так мы разам, крок за крокам будуем сваё жыццё. Хай нешта ў нас не атрымліваецца з першага разу, але я ўпэўнены, што жаданне жыць і рухацца наперад — гэта самы велізарны матыватар. Я кожную раніцу гляджу на сваіх дзяцей і дзякую Богу, што яны ў мяне ёсць».

У будучыні Дзмітрый плануе заняцца сельскай гаспадаркай. Пра асабістае жыццё мужчына пакуль не задумваецца, кажа, што на ўсё воля Божая, а ягоная задача — выгадаваць і выхаваць дзяцей.

Клас
88
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
6