Прадстаўнікі палка Каліноўскага з украінскімі дэпутатамі. У цэнтры ў другім шэрагу — Вадзім Кабанчук. Фота: belwarriors / Telegram

Прадстаўнікі палка Каліноўскага з украінскімі дэпутатамі. У цэнтры ў другім шэрагу — Вадзім Кабанчук. Фота: belwarriors / Telegram

Па выніках сустрэчы з Міжфракцыйным дэпутацкім аб‘яднаннем «Дэмакратычная Беларусь» украінскія дэпутаты вырашылі запрапанаваць ураду ўнесці змены ў пастанову, якая не дазваляе выплачваць кампенсацыі сем’ям загінулых за Украіну беларускіх грамадзян. Таксама дэпутаты вырашылі вынесці на галасаванне пастанову аб прызнанні Беларусі часова акупаванай Расіяй тэрыторыяй.

— Вадзім, раскажыце, што гэта была за сустрэча, якой была яе задача?

— Гэта была сустрэча з дэпутатамі Вярхоўнай рады, якія ўваходзяць у групу падтрымкі Беларусі. Мы ўжо даўно планавалі наладжванне такіх палітычных кантактаў. Першыя месяцы вайны мы займаліся фактычна вайсковым будаўніцтвам, але зараз мы разумеем, што для таго, каб паспяхова рэалізаваць планы па змене ўлады ў Беларусі, нам патрэбныя ў тым ліку і палітычныя кантакты, зыходзячы з розных меркаванняў. У першую чаргу, каб мы больш эфектыўна маглі разбудаваць сваю структуру ў нешта большае.

— Я так разумею, што полк Каліноўскага стварае цяпер палітычнае крыло?

— Так, у нас гэта ёсць у планах, пакуль я не магу сказаць дакладна, як гэта гэта будзе называцца. Але ў планах гэта ёсць.

— Дэпутат Аляксей Ганчарэнка сказаў сёння нам у інтэрв'ю, што прызнае легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі і полк Каліноўскага, і Святлану Ціханоўскую, і Аб’яднаны пераходны кабінет. А чаму Полк Каліноўскага дыстанцуецца ад Ціханоўскай і ад кабінета?

— Мы працуем у іншых плашчынях. Што датычыць ваеннага кірунку, які нас цікавіць у першую чаргу, у палка няма поўнага даверу да тых прадстаўнікоў Кабінета, якія адказваюць за вайсковы кірунак.

— Гэта Валер Сахашчык.

— У першую чаргу ён.

— Ці сустракаўся полк з ім? Ці ёсць у вас кантакты?

— Так, размаўлялі, сустракаліся. Апошняя сустрэча была ўлетку.

— А ў чым прычына недаверу? Ён ствараў ва Украіне вайсковую адзінку беларусаў, якая ваюе за Украіну. І цяпер узяўся ствараць протаармію ці нешта накшталт гэтага.

— Мы знаходзімся тут на месцы і нам лепш бачныя ўсе гэтыя вайсковыя адзінкі. Усё зусім не так, як пра гэта расказваюць журналістам.

— Ці магчыма выправіць гэты недавер?

— Для нас незразумелая пазіцыя чалавека, які кажа, што ён прэтэндуе на ролю галоўнакамандуючага, але ў той жа час не знаходзіцца тут з нашымі хлопцамі. Тое, што яны прапагандавалі сваё вайсковае будаўніцтва, яно фактычна скончылася нічым.

— Яшчэ да яго прызначэння адносіны з асяроддзем Ціханоўскай былі ў палку не вельмі добрыя. Пры тым, што ў Кіеве быў яе прадстаўнік Кавалеўскі, сустракаўся з вамі, перадаваў палку аўтамабілі.

— У нас нармальнае стаўленне да ўсіх, хто дапамагае палку і працуе на вырашэнне сітуацыі па Беларусі. Абсалютна няма ніякіх дыферэнцыянаваных падыходаў. Але калі асоба, якая заяўляе, што прэтэндуе на вайсковае кіраўніцтва, мае за сабой шлейф… Ды нават светапоглядна, тое, што мы бачылі. Мінулы лад жыцця, так бы мовіць.

— Вы маеце на ўвазе старыя выказванні Сахашчыка пра расійскія афіцэрскія традыцыі і сувязі з Расіяй?

— Менавіта гэта. А таксама рэальныя вынікі ва Украіне, мы пра іх ведаем. Мы абсалютна нармальна ставімся да тых хлопцаў, якія называюць сябе палком «Пагоня». Мы лічым іх нашымі баявымі пабрацімамі і паважаем іх. Але мы пакуль не каментуем, што гэта за полк і ў якім ён стане. Гэта не зусім наша справа. Гэта павінны казаць самі тыя хлопцы. Усё не так, як яны заяўляюць у прэсе.

— А ці бачыце вы магчымасць супрацы з Офісам Ціханоўскай без Сахашчыка. Або і з ім? Бо адсутнасць адзінства заўсёды была ў мінулым праблемай беларускіх дэмакратычных сілаў.

— Давайце адкінем слоўнае шалупінне. Цяпер у рэгіёне ідзе вайна, мы ў ёй удзельнічаем, часткова ў яе ўжо ўцягнутая і Беларусь. І мы ўспрымаем вельмі канкрэтна, што тыя людзі, якія дапамагаюць нам перамагчы, Украіне, нашаму падраздзяленню, з усімі мы гатовыя супрацоўнічаць. Гаворка пра практычную дапамогу: рэчы, амуніцыя або нават палітычна. Тут няма ніякага супрацьдзеяння ці канкурэнцыі, таму што мы накіраваныя на змену сітуацыі ў Беларусі. І каб нам не закідалі, што мы хочам стварыць нейкую хунту пасля скідання рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, мы абвесцім пра правядзенне свабодных выбараў. Калі асноўным актарам будзе полк Каліноўскага, то мы абвесцім свабодныя выбары. У іх змогуць прымаць удзел усе, у тым ліку і дэмакратычныя сілы. У чым нашая дзейнасць супярэчлівая і што ў вачах некаторых спадароў мы робім не так?

— Як вы ставіцеся да тых галасоў, што ў выпадку перамогі Украіны полк і іншыя беларускія адзінкі там будуць расфармаваныя і раззброеныя?

— Гэта лухта, якая раздзімаецца нашымі ворагамі, гэта фактычна вядзецца інфармацыйная вайна. Ніякі полк Каліноўскага не расфарміруюць. Рэжым Лукашэнкі падзе да таго часу, пакуль полк будзе расфарміраваны. А пасля падзення Лукашэнкі, магчыма, яго расфарміруюць.

Клас
107
Панылы сорам
68
Ха-ха
9
Ого
12
Сумна
8
Абуральна
21