Адпаведнае рашэнне 7 кастрычніка прыняў суд Цэнтральнага раёна Мінска.

Якія падставы для прызнання чыста навуковай працы «экстрэмісцкай» — не пазначаецца і, як паказвае папярэдняя практыка, наўрад ці нехта будзе гэта і адмыслова тлумачыць, як і знаёміць грамадскасць не толькі з экспертнымі заключэннямі, але і з прозвішчамі саміх «экспертаў», якія, хутчэй за ўсё, носяць на плячах пагоны.

Можна меркаваць, што ўвагу на сябе выданне звярнула перадусім тым, што выдадзена ў недзяржаўным выдавецтве, кіраўнік якога, Андрэй Янушкевіч, не так даўно патрапіў пад рэпрэсіі асабіста, а іншая выдадзеная ім кніга, «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, таксама здабыла экстрэмісцкі статус. 

Што да самога зместу кнігі — то гэта не ідэалагічнае выданне, а звычайная навуковая манаграфія, заснаваная на вывучэнні архіўных матэрыялаў. У ёй аўтарка спакойна і без пафасу разбірае асаблівасці жыцця вяскоўцаў у Заходняй Беларусі пад нямецкай акупацыяй, планы нямецкіх акупацыйных уладаў у дачыненні да гэтай тэрыторыі і асаблівасці іх рэалізацыі. Нічога такога, што надта падрывала б асновы, у ёй няма, але ў цяперашняй Беларусі любое неафіцыёзнае выданне, прысвечанае Другой сусветнай вайне — у зоне рызыкі. 

Пры гэтым цікава, што ў аснову манаграфіі Святланы Казловай пакладзеная кандыдацкая дысертацыя аўтаркі, падрыхтаваная і абароненая ў 2006 годзе ў Інстытуце гісторыі НАНБ пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела ваеннай гісторыі ІГ НАНБ Аляксея Літвіна. Ніякіх пярэчанняў гэтая праца тады не выклікала, яна без асаблівых праблем прайшла і абарону на навуковай радзе інстытута, і зацвярджэнне Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй.

Сярод тых, хто тады станоўча выказваўся пра яе, быў і тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі, а цяпер акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАНБ Аляксандр Каваленя.

То-бок вартасць працы для навукі і бясшкоднасць для ідэалогіі была пацверджаная на дзяржаўным узроўні. Але цяпер кніга патрапіла ў рукі больш глыбокіх «знаўцаў».

Выдавец кнігі Андрэй Янушкевіч каментуе навіну так:

«Улады хочуць абгрунтаваць, што выданне нашым выдавецтвам «экстрэмісцкіх» кніг носіць сістэмны характар. Той факт, што ў аснове кнігі ляжыць узорная дысертацыя, абароненая ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук, што давалі гэтай кнізе жыццё вялікія начальнікі ад гісторыі, сённяшнія адэпты абсурдных гісторыка-ідэалагічных установак рэжыму, іх зусім не бянтэжыць. У самой кнізе няма ніякіх экстрэмісцкіх ідэй альбо высноў. Гэта ўзважанае навуковае даследаванне, погляд даследчыка на праблему, які абапіраецца на факты і дакументальную базу».

Клас
1
Панылы сорам
29
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
14