Раніца панядзелка, 17 кастрычніка, пачалася амаль гэтак жа, як і тыдзень таму, расказвае Алег.
Алег жыве на Лук'янаўцы — гэта гістарычны раён Кіева, што месціцца за некалькі кіламетраў ад цэнтра сталіцы. Там, у прыватнасці, размешчаныя інтэрнаты некалькіх кіеўскіх ВНУ.
Першы выбух Алег пачуў а 6.40 з боку чыгуначнага вакзала. Кажа, што ўжо прывык да падобных гукаў, дзіця нават не прачнулася.
Але хвілін праз 10—15 за вокнамі пачуўся новы гук — стралковай зброі, успамінае кіяўлянін.
«Яшчэ адзін новы гук — старога мапеда — і мы разумеем, што ідзе паляванне на «Шахеда». Дзіця з мамай ідзе ў ванну, а я выглядваю ў акно. Сапраўды, метраў за 100 ляціць дрон. Дзіўна, але ў прамянях сонца ён не чорны, а ярка-жоўты. За секунду раздаецца выбух. Меркавана за 2 км ад майго дома», — расказвае Алег.
Падобных выбухаў раніцай у Шаўчэнкаўскім раёне Кіева было яшчэ чатыры ці пяць, сцвярджае ён.
«І пачалося: першы, другі, трэці»
«У 6:20 пачала скуголіць сірэна. Я яшчэ спала і не магла зразумець — гэта ў мяне ў галаве ці насамрэч, — успамінае кіяўлянка Аксана. — Хутка перанесла падушку і коўдру ў ванну. І пачалося: першы, другі, трэці».
Аксана апісвае моцны і непрыемны гук у небе — іх утвараюць дроны, якія напалі на Кіеў раніцай. Затым пачуліся стрэлы і гучны выбух.
«Сітуацыя напружаная і незразумелая. Няма сілы. Гэта вельмі страшна», — кажа Аксана, якая жыве ў цэнтры.
«Было вельмі гучна»
«Я чуў выбухі, пакуль раніцай заварваў каву. Гук быў той жа, што падчас удараў у мінулы панядзелак ракетамі. Усе пахаваліся ў калідоры. Крыху пазней пачулі: «бразгоча мапед» і як па ім страляюць», — распавядае Дзмітрый.
«На гэты раз было вельмі гучна», — дадае ён.
Аўтаматы і сігналізацыі
Карэспандэнт Бі-бі-сі Пол Адамс, які знаходзіўся ў цэнтры Кіева, удакладняе, што выбухі пачаліся каля 06:30 і ўсяго іх было пяць. Апошні — каля 08:10.
Два дакладна адбыліся паблізу цэнтра ўкраінскай сталіцы: там на гук выбуху зрэагавалі сірэны і аўтамабільныя сігналізацыі.
Гукі стрэлаў кіеўцы чулі, калі вайскоўцы спрабавалі збіць дроны проста з аўтаматаў. Відэазапіс па меншай меры аднаго такога «перахопу» выкладзены ў сацсетках.
Якія менавіта цэлі мелі пашкодзіць дроны, па задуме расійскіх вайскоўцаў, сказаць цяжка. У мэрыі Кіева кажуць, што ў выніку налёту пацярпелі жылыя і нежылыя будынкі. Чыгуначнікі кажуць, што выбухі адбыліся непадалёк ад вакзала Кіеў-Пасажырскі.
Пол Адамс нагадвае, што некалькі апошніх расійскіх нападаў былі накіраваныя на энэргетычную інфраструктуру Украіны. Як відаць, ранішні налёт у панядзелак таксама быў накіраваны на тое, каб парушыць працу жыццёва важных службаў украінскай сталіцы.





