Часова кіраўніцтва Слуцкай і Салігорскай епархіяй узяў на сябе сам кіраўнік БПЦ, мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін. А прычыны, па якіх Яўсевія перавялі ў іншую епархію, прытым з яўным паніжэннем, не называюцца.

Між тым на Случчыне ў епіскапа Яўсевія ёсць актыўныя прыхільнікі, якія не згодныя з яго перамяшчэннем, пра магчымасць якога стала вядома раней. Яшчэ ў жніўні ў Слуцку сталі збіраць подпісы, каб епіскапа Яўсевія пакінулі кіраўніком епархіі. У гэты працэс былі сярод іншага заангажаваныя і мясцовыя ўлады.

Не маўчаць гэтыя людзі і цяпер. У адказ на прынятае рашэнне з'явіўся ліст, у якім выказваецца вотум недаверу Мітрапаліту Веніяміну, які, замест таго, каб «дапамагаць нам на шляху ў нашых памкненнях да Бога, сеяць дабро, мір і спакой у нашых душах, у нашых цэрквах і парафіях, таемна здзейсніў царкоўнае злачынства супраць справядлівасці, дадзенай нам Госпадам нашым Ісусам Хрыстом».

Вернікі заклікаюць да акцыі непадпарадкавання, просячы дабрачынцаў і спонсараў беларускіх епархій і храмаў спыніць фінансавую дапамогу да аднаўлення справядлівасці, а прыхаджан перастаць удзельнічаць у літургіях з Мітрапалітам Веніямінам, прыходзячы да храмаў, але молячыся звонку.

Таксама аўтары ліста звяртаюцца да органаў дзяржаўнай улады і сілавых структур з просьбай «давесці да свайго кіраўніцтва неабходнасць паўплываць на гэтую сітуацыю з мэтай настаўлення царкоўнага чыноўніка» (г. зн. мітрапаліта Веніяміна).

Урэшце, аўтары ліста вернападдана звяртаюцца і да Лукашэнкі «як да чалавека праваслаўнага» з просьбай «на сваім вышэйшым узроўні данесці да Свяцейшага Патрыярха Кірыла нашу просьбу разабрацца і вырашыць гэтую праблему для ўстанаўлення міру ў нашых сэрцах і храмах».

Цікава, што 47-гадовы епіскап Яўсевій (Цюхлоў) у становішчы сваім зусім нядаўна, толькі з чэрвеня гэтага года. Да гэтага ён 13 гадоў быў намеснікам Лаўрышаўскага манастыра на Наваградчыне. Яго папярэднікам быў епіскап Антоній, пераведзены на гродзенскую архіепіскапскую кафедру пасля таго, як з яе па палітычных меркаваннях звольнілі архіепіскапа Арцемія. 

Клас
9
Панылы сорам
21
Ха-ха
14
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
6