НАТА ўзмоцніць абарону крытычнай інфраструктуры краін альянсу ў адказ на меркаваныя дыверсіі на расійскіх газаправодах «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» у Балтыйскім моры.

«Мы павялічылі прысутнасць у Паўночным і Балтыйскім морах да 30 караблёў», — заявіў генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг 11 кастрычніка ў Бруселі.

Паводле яго слоў, гэтыя караблі атрымліваюць падтрымку з паветра і з дапамогай падводных прылад. Акрамя таго, краіны альянсу робяць больш строгімі меры бяспекі вакол інфраструктурных аб'ектаў і пашыраюць абмен інфармацыяй паміж спецслужбамі, сказаў Столтэнберг.

«Любая атака на аб'екты крытычнай інфраструктуры краін НАТА пацягне за сабой згуртаваны і рашучы адказ», — заявіў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу. Якім будзе гэты адказ, залежыць ад атакі.

Столтэнберг не выключыў, што ў выпадку буйной дыверсіі НАТА можа прымяніць артыкул 5 свайго статуту аб калектыўнай абароне. Калектыўная абарона азначае, што напад на аднаго з членаў НАТА будзе разглядацца як напад на ўсіх членаў НАТА.

Да крытычнай інфраструктуры, з ягоных слоў, адносяцца не толькі газаправоды, але і падводныя кабелі электрасетак і інтэрнэту.

У канцы верасня на ўчастках газаправодаў «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2», якія вядуць з Расіі ў Германію, непадалёк ад дацкага вострава Барнхольм у выключных эканамічных зонах Даніі і Швецыі адбылося некалькі магутных выбухаў, у выніку якіх у газаправодах утварылася не менш за чатыры пашкоджанні. Улады Швецыі правялі расследаванне, заявіўшы па яго выніках, што «Паўночныя патокі» былі разбураныя наўмыснымі выбухамі.

9 кастрычніка пачала расследаванне Федэральная пракуратура Германіі. Да вострава Барнхольм адправіліся два караблі ВМС ФРГ з вадалазамі, якія павінны задакументаваць пашкоджанні труб. У Федэральнай пракуратуры падкрэслілі, што гаворка ідзе пра сур'ёзную атаку на энергетычную інфраструктуру, што ставіць пад пагрозу бяспеку Германіі.

Чытайце таксама:

Бундэсвер чакае гібрыдных пагроз і атакі на інфраструктуру Германіі. Магчыма, сёння такая адбылася

Брытанцы мяркуюць, што «Паўночны паток» маглі падарваць дыстанцыйна загадзя пастаўленымі мінамі

Шведскія сейсмолагі: На маршрутах «Паўночных патокаў» фіксаваліся выбухі

Клас
10
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
1