Вышэйшы афіцэрскі склад на сустрэчы з сілавымі міністрамі для інфармавання 7 кастрычніка. Фота прэсавай службы МУС

10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка другі раз за тыдзень сабраў кіраўніцтва сілавых структур. На нарадзе ён зрабіў ваяўнічыя заявы — абвінаваціў Украіну ў «планах» нанесці ўдары па Беларусі і пагражаў адказаць на гэта сілай. 

Дагэтуль з Украіны на беларускую тэрыторыю не прыляцела ніводнага снарада. Наадварот, гэта з Беларусі ва Украіну ў лютым зайшлі войскі. І Кіеў, заняты вызваленнем поўдня краіны, не можа быць зацікаўлены адкрыццём другога фронту на поўначы. 

Але Лукашэнка нагнятае. Што стаіць за ягонымі заявамі?

«Лукашэнка не можа ваяваць з Украінай — у яго няма арміі. Беларускае войска не ўкамплектавана. Ваяваць гатовыя толькі ССА, у якіх ступень камплектацыі часцей — 70—80%. Некаторыя часці забеспячэння прыкладна на такім узроўні, але абсалютная большасць іншых радоў войскаў, якія не вазьмі, укамплектаваныя асабовым складам добра калі на палову», — сказаў «Нашай Ніве» беларускі афіцэр. 

«Тэхнікі хапае, вось толькі саджаць за яе няма каму праз структуру арміі і некалькі хваляў аптымізацыі», — дадае ён.

«Цяпер у запас сыходзяць «дэмбелі» тэрміновай службы, набіраюцца навабранцы цягам восеньскага прызыву. Я не бачу варыянтаў, як Лукашэнка з неўкамплектаваным войскам кідае выклік Украіне, гэта смешна, яго заявы — тупанне нагамі для расійскай аўдыторыі», — сказаў «Нашай Ніве» высокапастаўлены афіцэр беларускага войска. 

Ці можа быць, што некамплект у беларускіх часцях закрыюць мабілізаванымі расіянамі?

«Гэта смелая тэорыя, на практыцы існаванне такога гібрыда спрэчна — паўстае пытанне кіравання. Хто кім кіруе? Гэта магчыма толькі ў выпадку, калі Лукашэнка аддасць кіраванне часцямі сваёй арміі рускім. Адваротны сцэнар я не ўяўляю, — кажа афіцэр.

У любым разе, я б ад расійскіх войскаў нічога добрага не чакаў. Дарогі да Кіева, карацейшай за дарогу з Гомеля, няма. З ваеннай логікі новая атака на Кіеў нават неабходна», — дадае вайсковец. 

«Ці ўступіць Лукашэнка ў вайну, мы зразумеем па мабілізацыі. Краіна маленькая. Калі пачнуць прыходзіць позвы ў войска для «праверкі баяздольнасці», трэба разумець, што насамрэч адбываецца даўкамплектацыя часцей», — дадаў вайсковец. 

На даўкамплектацыю часцей пры самым аператыўным сцэнары трэба некалькі тыдняў, кажуць вайскоўцы.

«Усе гэтыя мерапрыемствы: пастаўка зброі, гатоўнасць прыняць «мобікаў» на навучанне на беларускіх палігонах, планаваліся даўно, мы бачылі гэта па рэзервацыі чыгуначнага злучэння вайскоўцамі. Я ўсё ж сумняюся, што беларускае войска можа нешта супрацьпаставіць Украіне без мабілізацыі. Там ідзе вайна вялікімі лічбамі і рэсурсамі, у нас няма ні таго ні другога.

Я ўпэўнены, што Лукашэнка нічога не зробіць, нават калі ў адказ на ракетныя ўдары па Украіне ўкраінцы знішчаць хаймарсамі пару аэрадромаў у Беларусі», — сказаў «Нашай Ніве» іншы афіцэр. 

Папярэднюю нараду па пытаннях бяспекі Аляксандр Лукашэнка збіраў менш за тыдзень таму, 4 кастрычніка.

8 кастрычніка, на 70-годдзе Уладзіміра Пуціна, ён сустракаўся з ім у Пецярбургу з нагоды віншавальнага саміта Садружнасці незалежных дзяржаў.

4 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што мабілізацыі не будзе, але будзе праверка рэзервістаў. «Яшчэ раз падкрэсліваю: нам няма неабходнасці абвяшчаць мабілізацыю, — сказаў ён, але тут жа дадаў. — Акуратненька трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іх наяўнасць і ўдакладніць усе нашы матэрыялы, спісы і дакументы ў ваенкаматах». Тады ж Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у «спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне». Ён выкарыстаў гэты прыдуманы ўладамі Расіі эўфемізм, каб не казаць слова «вайна».

«Што тычыцца нашага ўдзелу ў спецыяльнай ваеннай аперацыі ва Украіне, мы ўдзельнічаем там. Мы гэтага не хаваем. Але мы нікога не забіваем. Мы нікуды не пасылаем сваіх вайскоўцаў. Мы не парушаем свае абавязкі», — заявіў кіраўнік беларускай адміністрацыі.

«Наш удзел у тым, каб не дапусціць распаўсюджвання гэтага канфлікту на тэрыторыю Беларусі, па-першае. Па-другое, не дапусціць нанясення ўдару па Беларусі пад прыкрыццём спецыяльнай ваеннай аперацыі з боку Польшчы, Літвы і Латвіі. Як я казаў, у спіну рускім страляць ніхто не будзе з тэрыторыі Беларусі. Вось наш удзел», — сказаў ён.

Лукашэнка таксама заявіў, што Украіна «сама правакуе на мяжы». Паводле яго словаў, суседняя краіна сцягнула да беларускай граніцы да 15 тысяч ваеннаслужачых, ажыццяўляе там інжынернае абсталяванне блокпастоў і агнявых пазіцый.

«Не проста забарыкадзіравалася, а пабудавала сцяну. Пастаянна вядзе аптычную, радыёэлектронную, радыётэхнічную разведку нашай тэрыторыі, войскаў, аб'ектаў. Часцяком з парушэннем сваімі беспілотнікамі лініі дзяржаўнай мяжы. І ў той жа час перажываюць і парацца наконт таго, «ах, як бы Беларусь не ўступіла ў вайну». І пастаянна правакацыі на граніцы», — сказаў Лукашэнка.

Ён прагназуе далейшую эскалацыю канфлікту. «У найбліжэйшы час не трэба чакаць зніжэння напружанасці. Наадварот, Расія нарасціць намаганні ў спецыяльнай ваеннай аперацыі. Захад у сваёй вайне з ёй будзе імкнуцца яшчэ больш узбройваць Украіну», — мяркуе ён.

За перыяд між нарадамі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі 4 і 10 кастрычніка адбыўся падрыў Крымскага моста, а расійская армія была разбітая пад Крывым Рогам і адступіла на лінію Давыдаў Брод — Мылавое бліжэй да Херсона. Таксама стала вядома пра адпраўку эшалона з раскансерваванымі беларускімі танкамі на Данбас.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

3
Анжелика / Адказаць
11.10.2022
Что за рожи? Где мужество? И это военные?
1
Война / Адказаць
11.10.2022
Всё уже практически решено.
0
Валошка / Адказаць
11.10.2022
Развагі вайскоўцаў гучаць лагічна, але нічога не вартыя праз тое, што Лукашэнка з Пуціным не дзейнічаюць лагічна.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру