Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Двое зваршчыкаў у Польшчу з'ехалі праз пераслед на радзіме. Па словах мужчын, супраць іх распачатыя крымінальныя справы за пратэсты. Пра тое яны даведаліся ад аператыўнікаў, якія дапытвалі іх падчас «сутак». Ратавацца даводзілася хутка. Пазней у Польшчу перабраліся і сем’і рабочых.

«Калі самаго забралі, зразумеў, што рэальнасць больш жахлівая»

У 40-гадовога Сяргея зварніцкі стаж 18 гадоў. У Беларусі ён працаваў на некалькіх прадпрыемствах, стаў прадпрымальнікам. У 2019-м збылася яго мара: прыдбаў цэх.

«Сам здаваў іншым частку памяшкання ў 100 квадратных метраў. Фактычна я мог і не працаваць, бо меў неабходны даход. У мяне магло быць усё роўна нават пры цяперашняй уладзе, але гарантый спакойнага суіснавання з ёй ніхто даць не мог. Патрэбныя былі перамены», — апавядае Сяргей.

«Калі пачалася выбарчая кампанія 2020 года, то сабе сказаў: калі цяпер нічога не памяняем, то будзе як у той песні: «А ў канцы гэтай сцежкі панура стаіць цень эміграцыі». Але ў мяне ніколі не было жадання пакідаць Беларусь», — дадае ён.

Па словах зваршчыка, па вызваленні з чарговых сутак, у яго было тры гадзіны, каб уратавацца ад крыміналкі. У Польшчы ён атрымаў палітычны прытулак і знаходзіцца пад абаронаю дзяржавы. Каб займець такі статус, яму давялося пабываць у лагеры для эмігрантаў. Па атрыманні дазволу на працу, пакуль не асеў на адным з заводаў на Падляшшы, адрабіў на трох прадпрыемствах.

У 50-гадовага Пятра зварніцкі стаж чвэрць стагоддзя. Пачынаў рабіць зваршчыкам з сярэдзіны 1990-ых на адным з заводаў Міністэрства энергетыкі. Заробку хапала на бязбеднае, як ён кажа, жыццё сямʼі з двума дзецьмі.

«Удзельнічаў у розных апазіцыйных кампаніях, але без наступстваў, — згадвае ён. — У 2020 годзе пасля выбараў схапілі на пратэсце першы раз. На ўласныя вочы ўбачыў тое, пра што мне расказвалі і пра што чытаў на сайтах, але таму не давяраў. Калі самаго забралі, то зразумеў, што рэальнасць больш жахлівая».

Калі мужчына дазнаўся пра пагрозу крымінальнага пераследу, то праз адну з польскіх агенцый працаўладкавання эмігрантаў знайшоў месца на заводзе ў Беластоку. На ім робіць зваршчыкам дагэтуль.

«На маім заводзе сярэдні ўзрост працаўнікоў — 52 гады»

Сяргей і Пётр кажуць, што на заводах у Польшчы бракуе работнікаў. У буклетах кожнага другога прадпрыемства адзначана, што «патрабуюцца зваршчыкі з пацверджанай кваліфікацыяй, а калі яна не здавальняючая, то ёсць магчымасць прайсці курсы за кошт наймальніка».

«Палякі-зваршчыкі добра зарабляюць, але яны ведаюць, што з польскім пашпартам могуць утрая больш мець у Нямеччыне. Кваліфікаваная моладзь едзе ў Еўропу», — апавядае Сяргей.

На яго заводзе сярэдні ўзрост працаўнікоў — 52 гады, і дырэктар бярэ маладзейшых гастарбайтараў і гатовы вучыць іх, кажа ён.

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Паводле Пятра, на яго прадпрыемстве нямала землякоў і гэта «зваршчыкі-віртуозы» — спецыялісты вышэйшай кваліфікацыі.

«Прызнацца, за свае працоўныя гады ў Беларусі такіх адмыслоўцаў мне не даводзілася бачыць. Я лічыў сябе неблагім зваршчыкам, але на фоне новых сваіх калегаў выглядаў пачаткоўцам. Хоць я і прайшоў тэст допуску да працы, але адчуванні сваёй прафесійнай непрыдатнасці прыгняталі. Стараўся падцягнуць навыкі. Мне дапамагалі, але прапановаў прайсці адмысловыя навучальныя курсы не было», — згадвае Пётр.

З атрыманага досведу ён зрабіў выснову, што палякі чакаюць высокакваліфікаваных чужаземцаў. Ахвоты валэндацца з іх навучаннем у наймальніка няма.

«Наймальнік бярэ працаўніка, які здольны цягам двух ці трох тыдняў уліцца ў калектыў і пачаць належным чынам працаваць», — дзеліцца назіраннямі Пётр.

«Такога зварачнага рыштунку ў жыцці не бачыў»

Сяргей прызнаецца, што першыя тыдні на заводзе найцяжэйшыя. Для яго асабіста гэты час быў дэпрэсіўным, і каб не жонка-псіхолаг, то не ведае, чым скончылася б прыгнечанасць.

«Такога зварачнага рыштунку ў жыцці не бачыў. Той, якім працаваў у Беларусі, выглядаў прымітыўным. Таму ў мяне былі прафесійныя праблемы», — апавядае ён.

Па яго словах, у Беларусі на дзяржаўных прадпрыемствах зварачнае абсталяванне засталося на ўзроўні канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў. Яго рэсурсу дастаткова, каб вырабляць прадукцыю для ўнутранага рынку. Недзяржаўныя ж прадпрыемствы імкнуліся мець абсталяванне больш сучаснае з адпаведнай кваліфікацыяй працаўнікоў, таму яны не саступаюць польскім.

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

«У мяне такое ў характары, што я не маю права на памылку. У Беларусі мне даводзілася падвучваць падначаленых, а тут сітуацыя памянялася», — апавядае далей Сяргей.

«У Польшчы маё «не маю права на памылку» адыгрывала адмоўную ролю. Як нешта не атрымлівалася, то ў мяне паніка. А палякі супакойвалі: «Усё ў парадку, спакойна, не памыляецца тыя хто нічога не робіць». Як не выйшла, то разбірай, перароблівай. Кожны дзень вучыўся», — заўважае ён.

Заробак і кваліфікацыя

Сяргей кажа, што ў Беларусі ў 2020 годзе зарабляў 1600-1700 рублёў. Гэтага хапала на жыццё яго сям’і з трыма дзецьмі. Па набыцці ўсяго неабходнага заставаўся лішак на забавы і паездкі ў адпачынак. Бывалі месяцы, калі ў сямейны бюджэт прыносіў 1000 рублёў і даводзіла ашчаджаць, прызнаецца ён.

У Польшчы Сяргей за гадзіну працы мае 12,8 рубля (23 злотыя) і яму абяцаюць стаўку ўзняць да 25 злотых. Цяпер ён мае ў сярэднім 4700 рублёў (8500 злотых) на рукі.

У Беларусі мужчына меў 4 разрад зваршчыка і 3 разрад газарэзчыка. Гэта сярэдні ўзровень прафесійнай дасведчанасці. У Польшчы ж адсутнічаюць кваліфікацыйныя разрады. Маюць значэнне навыкі, якія пацвярджаюцца адмысловымі тэстамі.

«У Беларусі калі прыходзіш працаваць з пэўным разрадам, то ты ўжо павінен нешта ўмець. Калі не так зрабіў, то пачынаюцца крыкі, лямант, пазбаўленне прэміяльных і іншыя спагнанні», — адзначае ён.

«У Беларусі не бачыў, як звальняюць з-за нізкай кваліфікацыі»

Па словах Пятра, на польскім прадпрыемстве даецца шанец іншаземцу. Першыя тыдні яму будуць падказваць і прыглядацца да яго поспехаў, не прамінаючы адзначаць іх.

Калі за гэты час прагрэсу не будзе, то яму альбо прапануюць іншую працу на вытворчасці, альбо паведамяць пра звальненне.

«У Беларусі не даводзілася бачыць, як звальняюць з-за нізкай кваліфікацыі. Найчасцей выганяюць за прагулы ці п’янства», — кажа ён.

Абсталяванне на польскіх прадпрыемствах «сапраўды крутое», адзначае зваршчык.

«Мясцовыя заводы гоняць прадукцыю еўрапейскім партнёрам, а тыя патрабуюць якасці, а яе не даможашся, працуючы адсталым рыштункам», — адзначае ён.

Паводле яго, на польскіх прадпрыемствах няма «штурмаўшчыны і аўралу», але патрабаванні да працы такія ж, як і ў Беларусі: трэба зрабіць даручанае якасна і ў час.

«У Польшчы зваршчык мае памагатых, а ў Беларусі пра тое напісана толькі ў кніжках»

У Польшчы «крык і лямант» Сяргею чуць не даводзілася. На яго думку, гэта тлумачыцца тым, што працаўнік ведае, чым канкрэтна ён займаецца. 

«У зваршчыка заўжды ёсць памагатыя. Са мною, напрыклад, працуюць два слесары. Калі я вучыўся ў Беларусі, то такія ўмовы называлі ідэальнымі, але ў рэальнасці такі падыход толькі ў кніжках. Зваршчыкі і рэжуць, і пілуюць самі. У Польшчы ж слесар падганяе загатоўку, а задача зваршчыка зварыць. Зварны нават не мае права ў рукі браць шліфмашынку, бо на гэта ёсць слесары», — тлумачыць Сяргей.

Падчас навучання ён пытаўся, чаму не можа зваршчык «браць у рукі балгарку». Яму адказалі: «У зваршчыка павінна быць набітая рука на зварку, а праца з балгаркай саб’е яе, і будуць швы няякасныя».

Па словах Сяргея, у Польшчы «кардынальна адрозніваюцца падыходы да сродкаў аховы»: акуляраў, масак, фільтраў, адзежы. На гэтым тут не эканомяць, і ўсюды выстаўленыя тэрміны выкарыстання, кажа ён.

«Інспектар пастаянна прыходзіць і спраўджвае. Калі працуеш у пратэрмінаваным, то вялікі штраф працаўніку і прадпрыемству за парушэнні тэхнікі бяспекі», — падкрэслівае Сяргей.

Ён згадвае, што ў Беларусі зваршчыку, які дбае пра сваё здароўе, даводзілася купляць самаму зварачныя крагі, акуляры ды фільтры ў маску.

Зваршчык-гастарбайтар і польская мова

У Польшчы без ведання польскай мовы разлічваць на кар'ерны рост не даводзіцца.

«Без мовы верхняя планка заробку — 20—25 злотых (12 — 14 рублёў) за гадзіну на рукі чыстымі. Калі валодаеш моваю, то даюць больш складаную працу з вышэйшым заробкам. Наймальнік ведае, што замежнік разбіраецца ў рысунках і здольны на большае», — тлумачыць Сяргей.

Ён настойвае, што яго веданне польскай мовы дастатковае, каб разлічваць на большы заробак, але ён усё адно ходзіць на моўныя курсы. Паводле суразмоўцы, іх наведваюць «у асноўным медыкі, юрысты і тыя, чыя прафесія вымагае шчыльнага камунікавання з палякамі».

«Калі даведаліся, дзе я працую, дык здзівіліся. Пыталі, нашто зваршчыку ведаць грунтоўна мову», — апавядае ён.

Такія пытанні, лічыць суразмоўца, сведчанне, як ставяцца ў Беларусі да працоўнага чалавека.

«Калі працуеш рукамі, то гэта больш прыземлены занятак. Зваршчык, нібыта, гэта каста ніжэйшая», — адзначае ён і дадае, што ў Польшчы стаўленне іншае. «Тут кажуць, што зваршчык — гэта арыстакратыя сярод прафесій свету».

Сяргей заўважае: нямала беларусаў, з якімі ён сутыкаўся, трымаліся меркавання, што веданне польскай мовы не абавязковае.

«У лагеры для ўцекачоў было пад тры дзясяткі беларусаў. Але ахвотных вучыць польскую мову былі адзінкі. Астатнія спадзяваліся адшукаць працу ў рускамоўным калектыве і неяк пражыць без польскай, — кажа зваршчык. —

Тыя з беларусаў, якія разлічвалі сацыялізавацца ў польскім асяроддзі, мець годнае жыццё, то вучылі мову. За тры месяцы ўжо маглі камунікаваць з палякамі».

«Беларусы ў Польшчы працуюць па 10-12 гадзінаў, каб мець добры заробак»

Пятро адзначае, што ў Польшчы большасць землякоў у заробках. Адпрацаваўшы з паўгода, едуць на пабыўку ў Беларусь. Апошнім часам гэта стала рабіць усё цяжэй праз праблемы з візамі. Тыя, у каго ёсць дазвол на пражыванне, з такімі пытаннямі не сутыкаюцца.

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Фота: архіў аднаго з герояў публікацыі

Па яго словах, гастарбайтары з Беларусі працуюць па 10—12 гадзінаў, таму маюць «сур’ёзны заробак», але заставацца жыць у Польшчы настала не хочуць. Яны трымаюцца сваёй грамады і зрэдку выбіраюцца на польскія падзеі і наагул унікаюць пальшчызны. Часцей наведваюцца на закупы, каб набываюць патрэбнае родзічам у Беларусь.

«Іх цягне на радзіму. Многія кажуць, як на радзіме плацілі б годна, дык нашто Польшча», — адзначае ён.

Тыя гастарбайтары, якія шмат часу адрабілі ў Польшчы, шукаюць магчымасці тут застацца і выцягнуць сем’і. Яны ахвотней вучаць польскую мову і хочуць стаць палякамі.

Пра вяртанне на радзіму

Сяргей не збіраецца вяртацца ў Беларусь, бо там давядзецца ствараць усё наноў.

«Я там рабіў, каб жылося добра: і давялося ўсё кінуць. У Беларусі адсутнічае нармальная эканоміка. Мы цяпер захраслі ў 1990-х, а калі адбудуцца перамены, то нас адкіне ў 1980-ыя. Калі запануе нармальны ўзровень жыцця, не ведаю. Дзесяці гадоў, відаць, будзе замала. У мяне прыклад Германіі. Яна ўзʼядналася 30 гадоў таму, а Усходняя адстае ад Заходняй. І гэта Германія, а колькі ў нас часу пройдзе?» — пытаецца ён.

Сяргей адзначае, што хоча, каб яго дзеці атрымалі ў Польшчы еўрапейскую адукацыю. Ён лічыць, што для іх хопіць пераменаў, бо ім ужо давялося кідаць беларускую школу і прызвычайвацца да польскай.

Пятро спадзяецца, што перамены ў Беларусі дазволяць яму вярнуцца, але ён не ўяўляе, як будзе працаваць пасля польскага завода на беларускім. Але магчыма ўсё зменіцца і ў нас у лепшы бок.

Тыкток-ролік, у якім беларускія аграрыі спяваюць «Апуці — не пуцю», сабраў амаль 3 мільёны праглядаў ВІДЭА

У Беларусі пачалі збіраць звесткі аб тых, хто мае дазволы на жыхарства і карты паляка? 

Стала вядома, колькі беларусаў маюць візы краін ЕС і як часта ездзяць за мяжу

Клас
108
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
14
Сумна
25
Абуральна
42