Уведзеныя абмежаванні па правядзенні прэзентацый, юбілеяў, банкетаў, іншых мерапрыемстваў у непасрэднай блізкасці ад суседніх жылых дамоў. 

Таксама па новых правілах за ўладальнікамі будзе ўстаноўлена адказнасць за парушэнне грамадскага парадку або спакою грамадзян, невыкананне заканадаўства ў сферы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва, прыродаахоўных, супрацьпажарных патрабаванняў. Несці адказнасць давядзецца ў тым ліку за парушэнні, які зладзяць наведвальнікі. 

З іншых новаўвядзенняў — з'явіцца неабходнасць атрымання ў райвыканкамах дазволу на вядзенне дзейнасці ў сферы аграэкатурызму. Раней гэта рабілася на ўзроўні сельскага савета. Дзейныя аграэкасядзібы мусяць атрымаць такі дазвол да 1 ліпеня 2023 года.

Яшчэ аблвыканкамы надзялілі правам вызначаць пералікі населеных пунктаў, на тэрыторыі якіх размяшчэнне аграэкасядзіб не дапускаецца. Пры гэтым, прадугледжана магчымасць працягу працы існуючых аграэкасядзіб на такіх тэрыторыях пры ўмове выканання іншых патрабаванняў указа.

Галоўны мэсэдж дакумента — выключэнне магчымасці весці гасцінічны або рэстаранны бізнэс пад выглядам аграэкасядзіб. 

Былы ўладальнік сядзібы з 14-гадовым досведам распавёў «Нашай Ніве», што гэта далека не першая такая спроба дзяржавы. Напрыклад, у 2016 годзе ўжо ўзнікалі прапановы забараніць ладзіць вяселлі і іншыя банкеты на тэрыторыі аграсядзіб.

«У канцы нулявых, калі я толькі пачынаў займацца гэтай справай, у нас сапраўды ўсё было ліберальна. Тады ўдалося пераканаць уладу, што трэба даць магчымасць людзям развіваць гэты напрамак, зрабіць умовы максімальна простымі і празрыстымі. У прынцыпе пачаткова так і было, але з часам улады пачалі, як той казаў, закручваць гайкі», — кажа былы аграсядзібавец.

Тым не менш, суразмоўца пацвярджае, што сярод уласнікаў аграсядзіб сапраўды ёсць людзі, якія пад выглядам аграэкатурызму фактычна займаюцца рэстаранна-гатэльным бізнэсам. Пазбягаюць рэгістрацыі ІП або юрыдычнай асобы.

«Такія «аграэкасядзібы» існуюць, але гэта не больш за 5% ад агульнай колькасці. Усе дакладна ведаюць, што гэта за яны, дзе знаходзяцца і чым фактычна займаюцца. Але замест таго, каб змагацца з такой з'явай адрасна, вырашаюць ускладніць жыццё ўсім.

Выглядае, што ўлады ставяць усіх на адзін узровень. У аднолькавых умовах застаюцца і тыя, хто сапраўды мае вялікія абароты і 5-6 супрацоўнікаў, і тыя, для каго гэта хутчэй хобі, якое амаль не прыносіць прыбыткаў». 

Цяпер, згодна з указам, з'яўляецца абмежаванне па колькасці жылых пакояў для агроэкатурыстаў — іх мусіць быць не больш за дзесяць. 

На думку суразмоўцы, новаўвядзенні ў першую чаргу негатыўна паўплываюць менавіта на дробных сядзібаўцаў, якія не мелі асаблівага прыбытку ад гэтай дзейнасці.

«Мяркую, што тыя, хто мае вялікія абароты, здолеюць знайсці шляхі, як працаваць у новых умовах, а вось некаторыя дробныя аграсядзібы наадварот могуць спыніць сваё існаванне».

Клас
2
Панылы сорам
10
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
10