Фота Міхаіла Маржэўскага

Фота Міхаіла Маржэўскага

Сама жанчына родам з Сібіры, са шматдзетнай сям'і, у Маладзечна пераехала ў 1984 годзе следам за мужам, з якім пазнаёмілася на радзіме. А тэхніку любіла з дзяцінства.

«Калі шчыра, я і сама растлумачыць не магу, чаго мне так падабаецца тэхніка, — усміхаецца маладзечанка. — Памятаю, гадоў у восем мой дзядзька, які працаваў на КрАЗе, даў мне паруліць. Напэўна, з тых часоў і пераклініла. Хоць і ў дзяцінстве ніколі не гуляла ў лялькі, усё больш з хлапчукамі, з шаблямі, з машынкамі».

Фота Міхаіла Маржэўскага

Фота Міхаіла Маржэўскага

Тады ж з'явілася і мара кіраваць аўтобусам. Калі ў выпускным класе пісалі сачыненне, кім хто бачыць у будучыні аднакласнікаў, сяброўка Люды напісала, што ўяўляе яе кіроўцам аўтобуса. Калі зачыталі напісанае ўслых, смяяліся і дзеці, і настаўнікі. Але дзяўчына не жартавала, у 18 гадоў яна здзівіла ўсю вёску тым, што прыехала за рулём аўтамабіля ГАЗ-52.

З тэхнікай была звязана ўся яе працоўная біяграфія. Ужо ў Маладзечне яна працавала на аўтабазе кіроўцам ПАЗа, потым на мэблевай фабрыцы «Маладзечнамэбля» кіроўцам электрапагрузніка. Пасля перайшла на беларуска-германскае вытворчае сумеснае прадпрыемства «Мінскі мэблевы цэнтр», дзе і прапрацавала 20 гадоў на электрапагрузчыку і адтуль выйшла на пенсію.

Перад выхадам на пенсію падумала, што мары павінны спраўджвацца, таму папрасілася на працу ў аўтапарк і яе ўзялі.

Фота Міхаіла Маржэўскага

Фота Міхаіла Маржэўскага

Стажыроўка ў кіроўцы-пачаткоўкі доўжылася два тыдні, а з 31 жніўня яна пачала працаваць самастойна. Кажа, што гараджане асабліва і не дзівіліся жанчыне за рулём аўтобуса.

«У мяне адчуванне, што гадоў на дзесяць памаладзела, калі стала працаваць у аўтапарку, — дзеліцца адчуваннямі жанчына. — Адпачываю душой, таму што гэта любімая праца. Здаецца, што больш нідзе і не працавала».

Фота Міхаіла Маржэўскага

Фота Міхаіла Маржэўскага

Задаволеныя новай супрацоўніцай і калегі, яе ставяць на розныя маршруты, самы любімы — чацвёрты, на якім даводзіцца праехаць і па праспекце, і па прыватным сектары, ды і доўжыцца ён без малога гадзіну. Як адзначае спецыяліст, для яе чым складаней, тым лепш. А ніякіх патуранняў як жанчыне калегі ёй не робяць, усе роўныя.

У новай працы Людмілу Васільеўну ўсё задавальняе, здзіўляюць толькі кіроўцы легкавікоў, якія не заўсёды выконваюць правілы дарожнага руху. Напрыклад, многія не прапускаюць аўтобус, калі ён адпраўляецца ад прыпынку, хоць перавага менавіта ў гарадскога транспарту. Нярэдка машыны паркуюць ля прыпынку. 

Як кажа Людміла Васільеўна, яе галоўная мара ўжо спраўдзілася — яна стала кіроўцам аўтобуса. Цяпер марыць пра тое, каб здароўе дазволіла папрацаваць гадоў дзесяць. Ну, і дачакацца праўнукаў.

Клас
30
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0