Спачатку Маск выказаўся пра тое, якія, на яго думку, могуць быць умовы міру паміж Масквой і Кіевам. Паводле яго, гэта магчыма тады, калі:

— правесці новыя выбары ў анексаваных рэгіёнах пад наглядам ААН. Расія сыходзіць адтуль, калі такая будзе воля народа;

— Крым фармальна з'яўляецца часткай Расіі, як гэта было з 1783 года (пакуль «Хрушчоў не зрабіў памылку»);

— гарантуецца водазабеспячэнне Крыма;

— Украіна застаецца нейтральнай.

Сваім падпісчыкам у твітары Маск прапанаваў прагаласаваць за ці супраць гэтага плана. Ён таксама заявіў, што магчымым, хоць і малаверагодным варыянтам развіцця канфлікту, на ягоную думку, з'яўляецца ядзерная вайна.

Натуральна, такія прапановы, якія пры іх прыняцці азначалі б для Пуціна хоць і дробную ў параўнанні з першачарговымі планамі, але перамогу, украінцы і людзі, прыхільныя ім, сустрэлі з вялікім абурэннем.

На твіт Маска сярод іншых адрэагавалі вядомыя ўкраінскія палітыкі: дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, былы пасол Украіны ў Германіі Андрэй Мельнік і нават сам прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Іхнія допісы былі ці рэзка асуджальнымі, ці іранічнымі. 

З боку ж звычайных карыстальнікаў сітуацыя спарадзіла шмат жартаў, мемаў, фотажаб.

А акцыі маскаўскай кампаніі Tesla пасля прапановы яе ўладальнікам «мірнага плану» абрынуліся амаль на 9%.

Сам жа Маск на гэтым не спыніўся. Ён пасля публікацыі сваёй апытанкі паскардзіўся на атаку ботаў, а затым напісаў, што жыхары Данбаса і Крыма павінны самі вырашаць, хочуць яны быць з Расіяй ці не — і прапанаваў падпісчыкам пагадзіцца ці не пагадзіцца з гэтым сцвярджэннем.

Затым бізнэсмен дадаў, што Расія праводзіць мабілізацыю, а паколькі насельніцтва Расіі ўтрая большае за насельніцтва Украіны, то «перамога Украіны ў татальнай вайне малаверагодная».

Клас
11
Панылы сорам
118
Ха-ха
1
Ого
11
Сумна
4
Абуральна
40