«Як толькі Пуцін абвясціў мабілізацыю, прагляды выраслі да 1 мільёна 200 тысяч»

Аляксей прызнаецца, што гэта яго другая спроба скарыць TikTok. Ён ужо рабіў відэа, якія набіралі па 200 тысяч праглядаў, але тую справу хутка закінуў. І вось пасля ваганняў, навучання, кансультацый вырашыў распачаць зноў. Хацелася перыядычна выпускаць менавіта гумарыстычны кантэнт. Амаль за 2 месяцы ў яго на канале ByLOL ужо больш за 2 тысячы падпісчыкаў.

Што тычыцца гэтага віруснага відэа, якое набрала ўжо больш за 1 млн 200 тысяч праглядаў, ідэю ён падгледзеў у адным з замежных TikTok-акаўнтаў.

«Відэа было пра тое, як адбываюцца інтэрв'ю на межах розных краін. Там былі Францыя, Нідэрланды, Італія. Я падумаў: а чаму б не адаптаваць гэта пад беларускія рэаліі? Бо мой акаўнт, які называецца ByLOL, скіраваны больш на Беларусь, на беларускую рэчаіснасць, асаблівасці і праблемы. Ну, і зрабілі даволі простае відэа, як гэта робіцца ў TikTok’у: не трэба суперякасных здымкаў, не трэба асабліва замарочвацца.

Да гэтага ў мяне была максімальная колькасць праглядаў крыху больш за 30 тысяч. А тут пачалося: за першую гадзіну — 2 тысячы, далей 5, 10, 100 — і я зразумеў, што гэта вірусная справа. На 700 тысячах рост спыніўся, а як толькі Пуцін абвясціў мабілізацыю, прагляды выраслі да 1 мільёна 200 тысяч.

Самае цікавае, што яно закранула не толькі беларускіх карыстальнікаў: былі каменты з Сербіі, Пакістана, Польшчы, Украіны, Расіі — геаграфія даволі шырокая», — расказаў Аляксей Сапрыкін.

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін

«BySOL — ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю»

ByLOL — гэта фонд гумарыстычнай салідарнасці, працягвае ён. Назву прыдумаў падчас гастроляў. Разважаючы пра канцэпцыю канала, натуральна, шукаў і назву — запамінальную, простую, кароткую, ёмістую, якая адлюстроўвала б сутнасць відэа.

«Сядзеў у гатэлі, глядзеў ютуб, і трапілася мне відэа ByPol — пра тое, як яны выкрываюць агентаў, схемы, зліваюць размовы сілавікоў. Іх падача мяне праўда рассмяшыла, хоць, як па мне, нічога скандальнага там не было. І я пачаў разважаць: BySol — ByLOL.

LOL — гэта інтэрнэт-мем. Laughing out loud перакладаецца з ангельскай мовы як «гучна, услых смяяцца», альбо «lots of laughs» — шмат смеху. Калі ангельцам ці амерыканцам вельмі смешна, яны коратка пішуць LOL. Такім чынам, By — як абазначэнне Беларусі, LOL — як гумар. Карацей, атрымалася такая назва. Ну, калі ёсць фонды BySol, ByHelp, няхай будзе і ByLOL. Яны робяць сваю справу, а я сваю.

Ёсць фонды культурнай, спартыўнай, медычнай салідарнасці — няхай будзе і Фонд гумарыстычнай салідарнасці», — тлумачыць Аляксей.

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін

Што да тэмаў, то пакуль Аляксея натхняюць навіны. Адзін ролік так і называецца: «Калі раніцай адкрываеш беларускія навіны». Ёсць на канале «Агляд кампутара «Гарызонт»», «Калі ў Беларусі будзе мабілізацыя», «Так працуе прапаганда».

«Усе тэмы лунаюць у паветры. Насамрэч тут важныя рэакцыя і хуткасць. Бо я таксама не магу пахваліцца іншым разам хуткай рэакцыяй на нейкія гарачыя падзеі. Як пісаў Альгерд Бахарэвіч, «навіна жыве 8 гадзін». Таму хочацца перайсці да нейкага «вечназялёнага» кантэнту, які будзе актуальны заўсёды. І ў гэты бок трэба рухацца, каб не залежаць ад нейкага парадку дня», — разважае Аляксей Сапрыкін.

«Першыя мае спробы ў TikTok’у былі «пальцам у неба», цяпер ёсць канцэпцыя»

Ён прызнаецца, што раней да TikTok’у ставіўся даволі скептычна, як да чагосьці незразумелага, дзіцячага і нават «дэграданцкага». І многія яго сябры і калегі таксама несур’ёзна ставіліся. Аднак, паводле статыстыкі, большая частка аўдыторыі канала ByLOL — ад 25 да 34 гадоў.

«Калі сур’ёзна, аналізуючы, маніторачы розны кантэнт, я маю ўражанне, што TikTok эвалюцыянаваў, па-першае. Па-другое, там з'яўляецца гумар (само сабой), а таксама розныя парады пра грошы, нерухомасць, рэцэпты — кантэнт рознапланавы. Прыгадваю забаўны выпадак, як маці аднаго майго знаёмага даслала яму TikTok з парадамі бухгалтара: маўляў, «паглядзі, што раяць разумныя людзі». Ён адказаў: «Мама, я не буду карыстацца парадамі бухгалтара ў тыктоку». Але хто ведае…

У мяне ёсць знаёмыя, бабулі і дзядулі якіх «завіслі» ў TikTok’у, бацькі іх таксама «заліпаюць» у TikTok’у — гэта такая «заліпальная» рэч».

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін

Аляксей распрацаваў канцэпцыю развіцця свайго канала. На яго думку, да любога блогерства трэба ставіцца сур’ёзна.

«Насамрэч гэта такая ж праца з пэўнымі кампетэнцыямі, як будоўля, як журналістыка, як медыцына. Таму я сур’ёзна да гэтага паставіўся. Бо першыя мае спробы ў TikTok’у былі «пальцам у неба»: ну зрабіў, ну заляцела, мэта дасягнутая. Але трэба разумець, што ва ўсіх папулярных блогераў, тыктокераў, у якіх нашмат больш падпісчыкаў і праглядаў, чым у мяне, да якіх мне яшчэ расці як да Месяца, ёсць канцэпцыя, ёсць бачанне, устойлівасць.

Калі я прапісваў канцэпцыю свайго канала, разумеў, што буду пачынаць без фінансаў, без матэрыяльнай базы. А TikTok і Instagram дазволяць мне прыцягнуць пэўную аўдыторыю, а потым можна будзе пераходзіць на больш складаныя і затратныя формы, наняць каманду і рабіць якасны кантэнт і пераходзіць у Youtube», — разважае Сапрыкін.

«ByLOL можа стаць аб’яднаннем беларускіх гумарыстаў»

Аляксей ужо задумваецца пра пашырэнне каманды, бо пакуль яму дапамагае толькі сяброўка, якая ў вірусным відэа пра праходжанне беларускай мяжы агучвала ролю памежніцы.

«Яна мне дапамагае здымаць, бо самому зняць сябе цяжка. Дае парады, крытыкуе — і я вельмі ёй удзячны. Калі атрымаецца пашырыць каманду, займець добрых сцэнарыстаў, ByLOL можа стаць аб’яднаннем беларускіх гумарыстаў, якія пад гэтым брэндам будуць здымаць цікавыя, смешныя, прышпільныя і карысныя відэа. Я буду толькі рады, калі атрымаю запыты ахвотных далучыцца да ByLOL».

На думку Аляксея Сапрыкіна, у Беларусі ёсць цікавыя, сур’ёзныя тыктокеры.

«Калі гаварыць пра беларускамоўных, гэта, канечне, Ліза Ветрава, якая робіць тыктокі пра беларускую мову, цікавыя словы; Мікіта Бялевіч, які робіць тыктокі пра музыку, культуру. Мая дзяўчына Васіліна Сакалоўская робіць TikTok пра навіны культуры — «Навінкі Васілінкі». Шкада, што гэта, можа, не вельмі шырокая аўдыторыя, але кантэнт вельмі важны.

Аляксей Сапрыкін

Аляксей Сапрыкін

Сярод расейскамоўных тыктокераў я магу адзначыць Алежу Обухава. Кожнае яго відэа набірае больш за мільён праглядаў, ён працуе ў гумарыстычным жанры, у яго вельмі сур’ёзны падыход. Ёсьць тыктокер Юрка, які робіць прышпільныя ролікі на трасянцы, у якіх удзельнічаюць маці, бацька і сын-школьнік», — кажа Аляксей.

«Акторства я не закінуў, працягваю сябе шукаць у гэтым»

Аляксей Сапрыкін — вядомы актор. Цягам 7 гадоў ён працаваў у Свабодным тэатры. Граў у спектаклях «Сабакі Еўропы», «Рэйк’явік 74», «Быў у пана верабейка гаварушчы», «Цэнтральны», «Онікс», «Дом № 5» ды іншых. Аднак з 15 траўня ён не ў трупе.

«Гэта не маё рашэньне, а збег абставінаў. Атрымалася так, як атрымалася. Я не шкадую. У тэатры я граў як фрылансер і працягваю граць як фрылансер. Але ў складзе асноўнай трупы мяне няма.

Акторства я не закінуў, працягваю шукаць сябе ў гэтым. У Польшчы я працаваў у дзіцячых спектаклях, здымаўся ў рэкламе, у кіно. Вось і зараз паеду на рэпетыцыю спектакля. Жыццё на развітанні са Свабодным тэатрам не скончылася. Але калі паклічуць на гастролі са Свабодным тэатрам — буду думаць».

Улюбёная роля Аляксея Сапрыкіна ў Свабодным тэатры — Эртла Баладацір у спэктаклі «Рэйк’явік 74», які паставіў рэжысэр Юры Дзівакоў.

«Гэта гісторыя пра самае гучнае забойства ў Ісландыі. Шасцёра чалавек былі падазраваныя, і сярод іх Эртла. Усіх астатніх апраўдалі праз нейкі час, адна Эртла была не апраўданая, хоць удзельніцай гэтых забойстваў яна не была. Спектакль пра судовую і пенітэнцыярную сыстэму. Сама роля Эртлы вельмі цяжкая, але цікавая. І працаваць з Юрам Дзіваковым — гэта задавальненне. Іншыя спектаклі таксама клясныя, але гэты — мой самы ўлюбёны», — кажа Аляксей.

«Нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасці і рабіць свой кантэнт»

На думку Аляксея Сапрыкіна, цяпер самы час і самая важная задача для беларусаў — змяніць сваю свядомасць. Бо нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе адбыліся змены, што шмат беларусаў прачнуліся, самая важная задача наперадзе — трансфармацыя свядомасці.

«Што я тут маю на ўвазе: тое інфармацыйнае поле, у якім большасць беларусаў жыве, нават у варунках вайны застаецца ўсё ж такі расейскім. Канечне, некаторыя пасля ўварвання Расіі ва Украіну пачалі адмаўляцца ад спажывання расейскага кантэнту, але гэтага недастаткова. І каб нам, беларусам, не спажываць расейскі кантэнт, трэба яго нечым замяняць.

А замяняць яго трэба перш за ўсё сваім. Дзеля гэтага нам неабходна пазбавіцца комплексу местачковасці і рабіць свой кантэнт. І з цягам часу гэта выкрышталізуецца ў якасны паўнавартасны прадукт, які будзе збіраць сотні тысяч і мільёны праглядаў. Усё ў нашых руках. Тут, канечне, варта падтрымліваць сваіх людзей, любіць і шанаваць сваё», — перакананы Аляксей.

Хто такі Аляксей Сапрыкін

  • Аляксей Сапрыкін — беларускі актор, вядоўца, культурны менеджар, блогер, музыка. У 2017 годзе скончыў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт па спэцыяльнасці «Медыя і камунікацыя: візуальная культура і крэатыўныя індустрыі».
  • У «Арт Сядзібе» рэалізаваў вялікую колькасць культурніцкіх праектаў (спектаклі «Браніслаў» і «Францішак», відэа— і дакументальныя праекты).
  • З 2015 па 2022 гады быў акторам Беларускага свабоднага тэатра.
  • Быў арганізатарам і вядоўцам святкавання 100-х угодкаў БНР. Супрацоўнічаў у якасці вядоўцы праграмаў з рознымі медыя (Радыё Свабода, Еўрарадыё, Белсат, Годна, YouBel TV).
  • У снежні 2020 года быў затрыманы на 15 сутак. Зараз жыве і працуе ў Варшаве.
Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
2