Суд над Яўгенам Батурам пачаўся ўчора, 29 верасня. Частка яго была закрытай. Мужчыну абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Падставай стаў удзел у маршы МТЗ 14 жніўня 2020 года.
Старшая памочніца пракурора Цэнтральнага раёна Казлова запрасіла для палітвязня 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Яўген Батура віну прызнаў часткова, а ў апошнім слове папрасіў пры прызначэнні пакарання ўлічыць асабістую сітуацыю, якая для яго цяпер прыярытэтная: цяжарнасць жонкі і выяўленае анкалагічнае захворванне ў бацькі.
Адвакатка палітвязня Таццяна Лішанкова прасіла апраўдаць яе падабароннага, паколькі ў яго дзеяннях адсутнічае склад злачынства.
У выніку суддзя Вікторыя Шабуня прызначыла Яўгену пакаранне ў выглядзе двух гадоў «хіміі».
Яго вызвалілі ў зале суда пад падпіску аб нявыездзе, арышт з маёмасці знялі.





