Юлій Анешка («Юлік»)
Фота: сацсеткі
Учора ў сеціве з'явіліся паведамленні пра тое, што блогер Юлій Анешка («Юлік») выязджае з краіны і стаіць у чарзе ў пункце пропуску «Верхні Ларс» на мяжы з Грузіяй.
А Юлік, між тым, рэкламаваў чарговае пераабранне Пуціна ў 2018 годзе у праекце «Ленты.ру» «Хто твой кандыдат?».
Вокладка роліка. Пазней Юлій выдаліў яе са свайго канала
Наконт «спецаперацыі» 29-гадовы Юлік публічна не выказваўся. Але ў адным са стрымаў з іншым блогерам ён сказаў, што «ў краіне, у якой ракет болей, чым жыхароў іншай краіны, геаграфію ведаць не трэба, бо ракет хопіць на ўсіх».
Міхаіл Лазуцін («Леў супраць»)
Фота: сацсеткі
27-гадовы Міхаіл Лазуцін (не блытаць з лукашэнкаўскім прапагандыстам Андрэем Лазуткіным) — выхадзец з асяродку расійскіх ультраправых.
Яго першай ідэяй быў «рух» «Леў супраць педафілаў», у якім ён капіяваў акцыі расійскага неанацыста-нябожчыка Максіма «Цесака» Марцінкевіча з яго «Акупай-педафіляй». У сваіх відэа Леў змушаў педафілаў прыніжацца. Аднаму чалавеку тыкаў сабачымі геніталіямі ў твар. У аднаго з педафілаў, які аказаўся не педафілам, адабраў грошы і тэлефон, за што на яго ледзь не завялі крымінальную справу.
Пасля гэтага Лазуцін стварыў «Федэральны рух «Леў Супраць» (Леў, бо ён Леў па знаку Задыяка) — ініцыятыву па барацьбе з распіццём алкаголю і курэннем у недазволеных месцах. Ëн здымаў відэа, як ён падыходзіць да розных людзей, якія п'юць ці кураць дзе не трэба, і чапляецца да іх. З ім разам ходзяць некалькі дужых хлопцаў, якія абараняюць яго, каб яму не прыляцела ў адказ.
Спачатку ў ягоныя «рэйды» разам з ім хадзілі ўдзельнікі ультраправаслаўнага — хоць сам Лазуцін па бацьку Джэмалавіч — руху «Сорак саракоў» (СС). У 2014 годзе гэтыя праваслаўныя фундаменталісты ўдзельнічалі ва ўкраінскіх «Антымайданах», гуртаваліся вакол Ігара Гіркіна, а ў 2021-м адзначыліся крытыкай вакцынацыі ад кавіду з распаўсюдам розных канспіралагічных тэорый.
Толькі з 2014 па 2015 гады рух Лазуціна атрымаў крамлёўскіх грантаў на больш чым 12 мільёнаў расійскіх рублёў.
Фота з сайта «прэзідэнцкіх грантаў» Расіі
З часам ягоны канал пачаў губляць папулярнасць і ён вырашыў «абвастраць». «Леў» з кампаніяй распачыналі бойкі. Падчас гэтых боек людзі часта атрымлівалі цяжкія траўмы, пад раздачу траплялі пенсіянеры, абсалютна цвярозыя інваліды, дзеці і жанчыны. Расійская паліцыя на ўсё гэта не рэагавала, што сведчыць пра магчымую сувязь Лазуціна з уладамі.
Пра вайну ён на сваіх старонках нічога не казаў, але ў адным з відэа ён выступае супраць чалавека, які кажа, што «якога х** мы забылі ва Украіне» і кажа, што «ў вайскоўцаў РФ такое прызванне (ісці на вайну — НН), як у пажарных тушыць пажары».
Мікалай Собалеў
Фота: сацсеткі
Мікалай Собалеў — 29-гадовы блогер, бізнэсовец і спявак.
Собалеў паўдзельнічаў у перадвыбарчай рэкламе мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Тады дзясяткі расійскіх блогераў кінуліся рэкламаваць тое, як «расквітнела Масква пры мэру Сабяніне». Собалеў пасля сцвярджаў, што «не ведаў», што яго ролік будзе скарыстаны ў такіх мэтах.
У 2017 годзе ён удзельнічаў у прапагандысцкай сустрэчы з ультракансерватыўным міністрам культуры Расіі Уладзімірам Мядзінскім.
Мядзінскі з блогерамі. Собалеў шосты злева. Фота: wikireality.ru
А ў маі бягучага года ў інтэрв'ю заявіў наступнае:
«Наша Радзіма не даруе пакаяння. Гэта ўсім было сказана! <…> Чаго Расія не даруе — гэта пакаяння. Вось гэтага «сорамна быць рускім». Цяпер Расія для гэтых людзей зачыненая».
Там жа ён запэўніваў, што «ў яго не было думак выехаць з Расіі» і казаў, што «будучыня Расіі залежыць ад вынікаў спецаперацыі».
Удакладненне. Чытачы «Нашай Нівы» падказалі, што Собалеў ад самага пачатку вайны займае антываенную пазіцыю. У пачатковай версіі артыкула пра гэта не гаварылася.
Юрый Хаванскі
Фота: сацсеткі
32-гадовы Хаванскі — блогер, рэпер і комік, які праславіўся скандальнымі выказваннямі і выхадкамі. Але ён паўдзельнічаў і ў крамлёўскіх праектах.
У 2018 годзе, акурат перад чарговым пераабраннем Пуціна, ён выпусціў кліп «Сэкс, бухло, расійскі рэп», у якім агітаваў моладзь ісці галасаваць. Гэта таксама аказалася кліпам для праекта «Хто твой кандыдат?». Пасля таго як ад Хаванскага пачалі масава адпісвацца, а многія блогеры асудзілі ягоны ўчынак, ён пачаў сцвярджаць, што «на ім проста захацелі адпрацаваць бюджэт» і ён «не будзе раіцца з адкідамі, якім ён нічога не павінен».
Фота: tjournal.ru
Ужо ў 2019 годзе Хаванскі стаў памочнікам самага маладога дэпутата Дзярждумы Расіі Васілія Уласава. Той праславіўся, сярод іншага, тым, што прапанаваў дазволіць іпатэку з 14 гадоў. Тады Хаванскі заявіў, што псеўдаапазіцыйная Ліберальна-дэмакратычная партыя Жырыноўскага — «самая прагрэсіўная партыя».
Але ў 2021 годзе Хаванскі трапіў у няміласць. 9 чэрвеня 2021 года яго арыштавалі па сфабрыкаваных абвінавачаннях — быццам бы ён у 2018 годзе выканаў песню, якая «апраўдвае тэрарызм». Але насамрэч ён выканаў песню ў 2012 годзе, калі такога закона не існавала. Праз грамадскі рэзананс гісторыя скончылася нічым: у снежні яго выпусцілі з СІЗА, а ў ліпені справа развалілася.
Праўда, у інтэрв'ю Ксеніі Сабчак пасля выхаду з СІЗА Хаванскі абцякальна нямякнуў на тое, што не падтрымлівае вайны супраць Украіны і заявіў, што «свабоды слова ў Расіі мы болей не пабачым». З пачаткам мабілізацыі ён выехаў у Сербію.
Гусейн Гасанаў
Фота: сацсеткі
28-гадовы Гасанаў — адзін з самых папулярных блогераў Расіі. На ягоны інстаграм падпісаныя больш за 20 мільёнаў чалавек. Палітыкі ён пазбягаў, таму ў палітычных скандалах не замяшаны, акрамя таго, што на ягонае пытанне пра блакаванне тэлеграма ў Расіі «знянацку» адказаў асабіста Пуцін. Галоўная прэтэнзія да яго з боку грамадства ў тым, што ён ашуканец.
Першы гучны скандал адбыўся ў 2019 годзе. Тады ён правёў «розыгрыш» аўтамабіля за некалькі соцень тысячаў даляраў. Пасля розыгрышу выявілася, што аўто не новае, дзяўчына, якая яго выйграла — падстаўная асоба, а аўтамабіль проста прадалі. Такіх фэйкавых розыгрышаў ён зрабіў некалькі, і нават зладзіў фэйкавыя курсы.
Таксама Гасанава вінавацяць у накрутцы падпісантаў, бо на яго падпісаныя некалькі мільёнаў пустых або «арабскіх» акаўнтаў.
Яшчэ з Расіі выехалі комік і прадзюсар Аляксандр Гудкоў і блогеры Максім Галапалосаў («Макс +100500») — але яны як асудзілі вайну ва Украіне, гэтак і не былі замяшаныя ў крамлёўскіх праектах, а Гудкоў нават выпусціў моцны кліп «Я вузкі», у якім паглуміўся з расійскіх ура-патрыётаў.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»




