Чэргі ў аэрапорце Унукава ў Маскве. Скрын відэа

Чэргі ў аэрапорце Унукава ў Маскве. Скрын відэа

Абмеркаванні ўнутры адміністрацыі прэзідэнта (АП) аб закрыцці межаў для мужчын прызыўнога ўзросту пачаліся з серады, калі ад сілавікоў сталі паступаць лічбы аб колькасці мужчын, якія выязджаюць з Расіі. У апошняй даведцы ФСБ, якая 25 верасня «гуляла па кабінетах» значыцца лічба ў 261 тысячу мужчын, якія зʼехалі з Расіі з серады па вечар суботы.

Крыніца «Новой газеты. Еўропа» ў АП сумняваецца ў сапраўднасці звестак ФСБ, бо да гэтага памежная служба ФСБ «не працавала так хутка».

Тым не менш «атмасфера ў АП такая, што сілавікі і Мінабароны змогуць пераканаць Пуціна закрыць выезд, пакуль не позна», сказаў супрацоўнік АП. «Цяпер мы [у працы] зыходзім з гэтага», — сказаў ён.

Пры гэтым «у кіраўнікоў няма сустрэч з прэзідэнтам на другую палову верасня», удакладняе крыніца. «У пачатку месяца [кіраўнікі] сустракаліся [з прэзідэнтам] некалькі разоў на тыдзень», — растлумачыў суразмоўца «Новой газеты. Еўропа», каментуючы паведамленні крыніц журналісткі Фарыды Рустамавай. Напярэдадні са спасылкай на тры крыніцы Рустамава паведаміла, што пасля абʼяўлення мабілізацыі Уладзімір Пуцін паехаў на тыдзень адпачываць на Валдаі.

 Яшчэ адзін суразмоўца «Новой газеты. Еўропа» ў АП сцвярджае, што пакуль не бачыў праекта ўказа кіраўніка дзяржавы аб закрыцці межаў.

Раней расійскія СМІ са спасылкай на крыніцы паведамлялі, што ўлады Расіі збіраюцца закрыць межы для мужчын прызыўнога ўзросту пасля заканчэння рэферэндумаў па далучэнні самаабвешчаных «Л/ДНР», Херсонскай і Запарожскай абласцей. Па даных «Важных гісторый», ужо з 26 верасня расейцам, якія падлягаюць мабілізацыі, зачыняць межы.

Крыніца «Медузы» падкрэслівала, што ўлады не плануюць закрываць мяжу для расейскіх мужчын да канца «рэферэндумаў» на акупаваных тэрыторыях Украіны (яны павінны завяршыцца 27 верасня). Аднак сітуацыя можа змяніцца, «калі будзе масавы адток».

Сёння таксама стала вядома, што некаторым грамадзянам, якія трапляюць пад крытэрыі «частковай» мабілізацыі і спрабуюць зʼехаць з Расіі, пачалі выдаваць на межах апавяшчэнні, паводле якіх ім забаронены выезд на падставе рашэння вайсковага камісарыята. Паведамляецца ўжо як мінімум аб пяці такіх выпадках.

Клас
20
Панылы сорам
2
Ха-ха
9
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
0