З 2019 года клуб разам з фота новых футбалістаў размяшчае інфармацыю пра зніклых без вестак па ўсім свеце дзяцей. Акцыя працягваецца дагэтуль і дае рэальныя вынікі, становячыся ўсё больш маштабнай, піша Sports.
Упершыню такія звесткі былі размешчаныя ў прэзентацыі Леанарда Спінаццолы. Побач з фота навічка размяшчалася фатаграфія 5-гадовай малой Элены Рампоні.
Запушчаная «Ромай» кампанія вельмі хутка дала першыя вынікі. Чацвёра зніклых дзяцей былі паспяхова знойдзеныя ўжо праз паўтара месяца пасля запуску. Дзіця з Грэцыі было знойдзенае дзякуючы таму, што яго пазналі па фота з прэзентацыі Стэфана Эль-Шаараві.
«Усё добра, дзіця знойдзенае», — напісала «Рома» ў твітары.
Клуб выкарыстоўвае таргетаванне відэа з прэзентацыямі: так, у роліку пра англічаніна Крыса Смолінга, які прыйшоў з «Манчэстэр Юнайтэд», і набытага ў лонданаскага «Чэлсі» Давідэ Дзапакоксты размяшчаліся фота зніклых дзяцей менавіта з Брытаніі. У абодвух выпадках яны былі знойдзеныя.
Пасля таго, як дзеці знаходзяцца, іх фота знікае — чаму?
Сучаснасць дыктуе вельмі жорсткія ўмовы да ўсяго, што звязана з асабістымі звесткамі ў інтэрнэце, асабліва калі гаворка ідзе пра непаўналетніх.
Як толькі дзіця знойдзенае, набывае моц так званае «права на забыццё», якое патрабуе выдалення з сеціва ўсіх асабістых даных удзельнікаў гісторыі.
Гэта робіцца яшчэ і для прадухілення цкавання людзей.
На жаль, не ўсіх дзяцей атрымоўваецца знайсці.
Пры ўсіх поспехах кампаніі наіўна было б меркаваць, што яна дае 100-працэнтны вынік. Так, 10-гадовы Браян Карыюкі, якога шукалі ў Кеніі, быў знойдзены мёртвым.
«Мы неверагодна засмучаныя», — напісала тады «Рома».
Іншы кейс — 15-гадовы Лі Баксел прапаў у 15-гадовым узросце 31 год таму. Яго фота з'явілася нароўні з астатнімі ў прэзентацыі цэлага шэрагу новых гульцоў «Ромы» ў 2019 годзе.
Бацька хлопчыка ўжо змірыўся з тым, што яго сын не вернецца. Тым не менш ён лічыць, што акцыі, падобныя да той, што праводзіць «Рома», вельмі важныя: «Цяжка апісаць, але гэта прымушае адчуваць сябе не такімі самотнымі. Спадзяюся, што калі ўжо не мой сын, дык іншыя дзеці вернуцца дадому».
У канцы лета-2022 склад «Ромы» папоўніў чарговы навічок: зорны экс-форвард «Тарына», чэмпіён Еўропы Андрэа Белоці. Вядома, ягоную прэзентацыю суправаджалі фота дзяцей і тэлефоны для тых, хто нешта ведае пра іх месцазнаходжанне.
Цяпер клуб супрацоўнічае са шматлікімі дабрачыннымі арганізацыямі па пошуку зніклых без вестак па ўсім свеце. Дзеці з Вялікабрытаніі, Італіі, Грэцыі, Бельгіі, Кеніі і Польшчы былі знойдзеныя пасля з'яўлення ў клубных сацсетках ролікаў, якія анансавалі трансферы.





