Па інфармацыі блогераў WarGonzo і Ігара Гіркіна, расіяне таксама вядуць цяжкія абарончыя баі каля Дробышава і на паўднёвых ускрайках Лімана.
Прарыў стварае пагрозу акружэння Лімана. А ўкраінскі плацдарм на левым беразе Северскага Данца ў раёне Святагорска і Ізюма разросся, такім чынам, да прыкладна паўтысячы квадратных кіламетраў.
У выніку імклівага наступу 5—10 верасня ўкраінская армія вызваліла Балаклею, Купянск, Ізюм і Ваўчанск, а расійскія злучэнні хаатычна адступілі на левы бераг рэк Данец і Аскол. У выніку расіянам не ўдалося стварыць надзейнай лініі абароны па гэтых рэках, як яны спадзяваліся, але і ўкраінская армія не заняла з налёту Ліман і Сватава. Баі рознай інтэнсіўнасці на подступах да гэтых гарадкоў працягваюцца ўжо амаль два тыдні.
Мяркуючы па паведамленнях з двух бакоў, украінскія войскі прасунуліся на левым беразе Данца і Аскола на 5—20 кіламетраў у пяці-шасці кірунках адначасова.





