«Сёння Пуцін афіцыйна прызнаў, што жыццё чалавека нічога не вартае, калі яго «спецаперацыя» за сем месяцаў не прывяла да поспеху. Ваенная мабілізацыя толькі для выгляду названая частковай, у канчатковым выніку паміраць ні за што адправяць людзей незалежна ад узросту, прафесіі і ваеннага стажу. І цяпер галоўнае пытанне для нашай краіны — ці ўцягнуць два дыктатары ў гэтую крывавую бойню беларусаў?

Ні беларуская армія, ні беларускае грамадства не падтрымліваюць вайну супраць Украіны. У беларусаў ніколі не было цягі да гвалту або амбіцый заваёўваць чужыя тэрыторыі. Апошняя вайна, у якую былі ўцягнутыя беларусы, — гэта трагічны для народа і ганебны для ўлады вопыт у Афганістане. Людзей адпраўлялі ваяваць дзеля незразумелых палітычных мэт, а яны вярталіся адтуль у цынкавых трунах. Лукашэнка ўжо шмат разоў ішоў супраць волі народа, але калі ён адпраўляе беларусаў паміраць на вайне — гэта ўсё роўна, што ён заходзіць у дом кожнай беларускай сям'і і сваімі рукамі забівае бацьку ці сына.

Я заклікаю ўсіх беларусаў памятаць: гэты чалавек здаў частку суверэнітэту Беларусі. Ён не ў стане абараніць наш народ ад вайны, ён толькі ўцягвае нас у яе яшчэ больш. Я заклікаю беларускія войскі і ўсіх, хто можа патрапіць пад мабілізацыю ў выпадку яе аб'яўлення: не выконвайце злачынных загадаў. Не выходзьце на сувязь з ваенкаматамі, калі яны спрабуюць знайсці вас, калі трэба, часова змяніце месца жыхарства, паспрабуйце забяспечыць сваю бяспеку. Калі бачыце, што пачалася падрыхтоўка да мабілізацыі, — паведамляйце пра гэта медыя і актывістам. Дазнавайцеся навіны ад калег і сяброў, аператыўна дзяліцеся інфармацыяй з тымі, хто не чытае незалежныя СМІ. Калі вас ужо адправілі на вайну — складайце зброю, беларускае грамадства вас падтрымае. Ніводзін беларус не павінен паміраць за амбіцыі Пуціна і памылкі Лукашэнкі».

Клас
39
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0