Пасля закрыцця 24 лютага 2022 года часткі паветранай прасторы Расіі «Белавія» выконвала рэйсы ў Хургаду і Шарм-Эль-Шэйх у аблёт, што ўплывала на працягласць шляху і выклікала неабходнасць тэхнічнай пасадкі для дазапраўкі.
Цяпер, атрымаўшы дазвол «Расавіяцыі», кампанія зможа выконваць частку палёту больш кароткім маршрутам. Разліковы час у шляху складзе каля 7 гадзін.
«Белавія» звяртае ўвагу, што на рэйсах без тэхпасадкі будзе абмежаваная лімітная камерцыйная загрузка, г. зн. колькасць пасажыраў і багажу, якія будуць перавозіцца. Таму рэйсы, загрузка якіх ужо перавышае гранічна дапушчальную для беспасадачнага палёту, па-ранейшаму будуць выконвацца з тэхнічнай пасадкай.
Абмежаванне лімітнай камерцыйнай загрузкі на прамых рэйсах цягне за сабой і памяншэнне нормы правозу багажу.





