«Дзяніс добра выглядае, акуратненькі, усміхаецца, з настроем»

«Я ішла на сустрэчу з унутранай трывогай, бо паўтара года я не бачыла свайго сына. Але я адразу супакоілася, бо Дзяніс добра выглядае, акуратненькі, усміхаецца, з настроем», — успамінае Людміла Івашына.

Ён быў апрануты ў той самы швэдар, што і на прысудзе — з надпісам Everlast («быць вечным»).

Дзяніс Івашын, архіўнае фота

Дзяніс Івашын, архіўнае фота

«Усё ідзе да канца і неўзабаве скончыцца добра»

Шмат часу гаварылі пра справу Дзяніса. Пракурор запрасіў 9 гадоў калоніі, а суддзя чамусьці даў 13 год і 1 месяц.

«Справа пабудаваная на здагадках, ніякай канкрэтыкі. Дзяніс не зразумеў, за што яго асудзілі. Ясна навошта — каб маўчаў», — мяркуе маці.

Яна ўпершыню здолела пагаварыць з сынам пра першы час пасля затрымання. Высветліла, што пры затрыманні яго не білі. Аднак ад пачатку прымушалі да супрацоўніцтва.

«Дзяніс з першага дня адмовіўся ад супрацоўніцтва. Ціск спачатку быў вельмі моцны. Абяцалі залатыя горы, скараціць тэрмін. Пагражалі мамай, жонкай, будучыняй, але ён ад усяго адмаўляўся», — пераказвае пазіцыю сына Людміла Мікалаеўна.

Яго рэгулярна выклікалі на гутаркі ў КДБ, пяць разоў кідалі ў карцар. Апошнім часам карцарам яго не караюць.

У судзе Дзяніс таксама не даваў паказанняў. Сваё апошняе слова на працэсе ён назваў «Словам праўды», дзе расказваў пра свае работы і тлумачыў, што ён, наадварот, імкнуўся праз іх абараніць нацыянальную бяспеку, «падаваў сігнал уладам» (Дзяніса асудзілі за «здраду дзяржаве»).

Дзяніс успрыняў свой тэрмін спакойна.

«Мама, я цудоўна разумею, што ні я, ні ўсе іншыя, незаконна захопленыя ў палон, не будзем сядзець гэтыя жахлівыя тэрміны». Ён ведае ўсю абстаноўку, ведае ўсё пра вайну. На яго думку, усё ідзе да канца і неўзабаве скончыцца добра», — пераказвае словы сына Людміла Мікалаеўна.

«Магчыма, з гэтых запісаў потым складзецца кніга»

Дзяніс сядзіць у камэры 3×2 метры, часта зьмяняе камеры, пазнаёміўся з самымі рознымі людзьмі.

«Хтосьці тэрміны вялікія сядзеў, але не страцілі чалавечнасці», — расказвае суразмоўца.

Журналіст шмат чытае і піша за кратамі, можа падчас ежы ўзяць нататнік і запісваць, што цікавага расказваюць сукамернікі. У яго такіх запісаў «непад’ёмная торба».

«Магчыма, з гэтых запісаў потым складзецца кніга», — дапускае маці.

Сыну па-ранейшаму не перадаюць газеты, рэдка аддаюць лісты.

Ён адчувае сябе добра. Людміла Мікалаеўна баялася, што сын будзе выглядаць горш, чым ёсць. Але ён сочыць за сабой, робіць зарадку, расцягваецца, размінаецца.

Дзяніс Івашын прасіў праз бацькоў перадаць падзяку ўсім людзям, якія яго падтрымліваюць, пішуць яму, перажываюць за яго.

Асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц

Гродзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну 14 верасня далі 13 год і 1 месяц пазбаўлення волі за «ўмяшанне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «здраду дзяржаве». У ягонай справе 9 «пацярпелых» міліцыянтаў. Кожнаму падсудны мусіць сплаціць па 2 тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды — усяго 18 тысяч рублёў. Да таго ж яму прысудзілі 4800 рублёў штрафу. Дэталі справы невядомыя, бо працэс ішоў у закрытым рэжыме.

Дзяніс Івашын вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.

Таксама Івашын валанцёрыў як рэдактар сайта міжнароднай расследніцкай супольнасці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газеты «Новы час».

За кратамі Дзяніс карыстаецца аўтарытэтам як у тых, хто знаходзіцца там паводле палітычных артыкулаў, так і ў крымінальнікаў. Івашын сутыкнуўся з ціскам адміністрацыі турмы, у тым ліку і з прычыны катэгарычнай адмовы пісаць прашэнне аб памілаванні.

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
8
Абуральна
1