Усе фота: архіў гераіні

Усе фота: архіў гераіні

«Ісландцы кажуць, што няма дрэннага надвор’я, ёсць дрэннае адзенне»

Ірыне (імя змененае) 31 год, і ўпершыню яна трапіла ў Ісландыю пару гадоў таму. Дзяўчыну запрасілі ў госці сябры, што пераехалі ў Еўропу раней за яе. Яна прызнаецца, што раней нават не ведала, што такая краіна існуе, ды і самі ісландцы не надта ведаюць пра Беларусь: калі і чулі, то толькі праз падзеі апошніх двух гадоў.

Ад Мінска да Рэйк’явіка, ісландскай сталіцы, больш за 4 тысячы кіламетраў, і каб дабрацца туды, трэба патраціць не менш чым 200 еўра: 70 рублёў каштуе білет на аўтобус з Мінска да Варшавы і прыкладна 170 еўра — самалёт з Варшавы да Рэйк’явіка. Але шмат залежыць ад таго, калі браніраваць білет, і ад авіяперавозчыка, віза таксама каштуе грошаў.

Ірына эмацыйна згадвае свой першы прыезд у Ісландыю: «Любы нармальны чалавек быў бы ў шоку, бо тут усё зусім інакш. Прырода проста іншы свет: паўсюль горы і акіян, то-бок Ісландыя — маленькі востраў пасярэдзіне акіяна. Бываюць вельмі моцныя вятры, яшчэ тут вельмі шмат гарачых крыніц, гейзеры, вулканы, вельмі прыгожыя вадаспады».

Дарэчы, пра вулканы: адзін з іх, усяго ў 40-50 кіламетрах ад Рэйк’явіка, нядаўна пачаў вывяргацца. Беларуска тлумачыць, што ў Ісландыі за вулканам сочаць вельмі добрыя сейсмолагі, якія працуюць кругласутачна, над ім лятае дрон, дзяжураць ратаўнікі. Сам вулкан не надта вялікі, але лава разліваецца далёка. Шмат турыстаў прыходзяць бліжэй да вулкана, каб паглядзець на яго — іх не пужае нават тое, што для гэтага трэба прайсці 15 кіламетраў па камянях.

Здаецца, незвычайная прырода — адна з асноўных рэчаў, што шакуюць іншаземцаў у Ісландыі.

«Тут вельмі не хапае сонца: самая цёплая тэмпература летам у Ісландыі — гэта плюс 14 градусаў, — дзеліцца Ірына. — Я за гэтае лета толькі два разы змагла выйсці на вуліцу без курткі, і тое на кароткі час. Сонца тут моцнае, але калі яно не свеціць, на вуліцы холадна, і зімой тут бываюць вельмі моцныя вятры. Памятаю, аднойчы я ішла з крамы, і калі б у мяне ў руках не былі цяжкія пакеты з прадуктамі, мяне сапраўды падняла б ветрам. Хаця ісландцы кажуць, што няма дрэннага надвор’я, ёсць дрэннае адзенне».

Паколькі ў Ісландыі няма сапраўднага лета, мясцовыя звычайна ездзяць за летам на поўдзень, і так склалася, што замест Турцыі ў іх Іспанія, востраў Тэнэрыфэ. Гэта зручна, бо ёсць прамы рэйс, на Тэнэрыфэ заўсёды добрае надвор’е і прыгожая прырода — Ірына мяркуе, што ісландцы проста не жадаюць эксперыментаваць.

Што да самой Ісландыі, то гэта адна з тых краін, дзе можна пабачыць паўночнае ззянне. Тут рассылаюць паведамленні, калі чакаецца паўночнае ззянне, і ёсць сайт, дзе паказваюць, дзе яно можа быць бачным (адна з умоў для гэтага — мінусавая тэмпература).

Такім Ірына запомніла першае паўночнае ззянне для сябе: «Я аднойчы выйшла да акіяна і пабачыла яго проста над сабой. Паўночнае ззянне падобна да астры, якая распускаецца, і гэта не проста яркі малюнак: ён рухаецца, часцінкі, з якіх складаецца малюнак, плывуць. Зялёны колер у ззянні — самы папулярны, але я пабачыла яго рознакаляровым: там быў белы, фіялетавы, ружовы…

Першы месяц я глядзела на ўсё гэта з адкрытым ротам. Уявіце сабе той жа гейзер, з якога раз у 15 хвілін выстрэльвае вада. Ці ёсць такая Блакітная лагуна, папулярнае месцаў турыстаў — гарачая лекавая крыніца ў скале. Я такога ніколі ў жыцці не бачыла».

«Калі першы раз пачула ісландскую мову, жахнулася»

У самы першы прыезд у Ісландыю Ірына сустрэла хлопца, які жыў там ужо нейкі час. У іх завязаліся адносіны, і зараз беларуска чакае свайго вяселля з каханым. З ім Ірына пакуль што плануе жыць у Ісландыі — сама яна ўжо 9 месяцаў як жыхарка гэтай краіны. Але пазней, можа, праз некалькі гадоў, каханыя плануюць з’ехаць. Яны практыкуючыя хрысціяне, а Ісландыя — краіна дужа талерантная да ЛГБТ-супольнасці, і Ірына з каханым не жадаюць выхоўваць там дзяцей.

Ісландыя — гэта адна з самых дарагіх краін свету, але ж, расказвае беларуска, з ісландскімі заробкамі гэта не страшна: калі ты вывучыў ісландскую мову, можаш зарабляць ад 5 тысяч еўра ў месяц. Прычым ісландцы ставяцца да працы не так, як беларусы. Яны не перапрацоўваюць, прыходзяць на працу ў 8 і сыходзяць у 16, нікуды не спяшаюцца.

Але ж без ведання мовы такія грошы не атрымаць, ды і ў грамадства цябе цалкам не прымуць, не кажучы ўжо пра атрыманне грамадзянства. Вывучэнне мовы Ірыне даецца няпроста:

«Я спачатку доўга прывыкала да яе. Калі я яшчэ была ў Беларусі, уключыла ў Google-перакладчыку ісландскую мову, каб паслухаць, як яна гучыць, і жахнулася. Зараз я ўжо ўспрымаю гэтую мову на слых і ведаю на ёй некалькі самых простых фраз. Планую яе падвучыць, але пакуль што займаюся англійскай, а вучыць дзве мовы адразу надта цяжка».

З іншага боку, у Ісландыі зараз шмат рускамоўных, у тым ліку і ўкраінцаў, ды і англійскай мовай усе валодаюць. Але калі ты хочаш жыць там нават без ведання англійскай, разважае Ірына, трэба, каб табе надта пашчасціла. У такога чалавека павінен быць нейкі сябар, які знойдзе для яго простую працу, дзе не трэба ні з кім гаварыць, і то доўга так пратрымацца не ўдасца.

Што да цэнаў на жыллё ў Ісландыі, то яны адпавядаюць статусу адной з самых дарагіх краін свету.

Аднапакаёвая кватэра каштуе ад 450 тысяч еўра — грошы, за якія ў Мінску можна набыць 3 добрыя кватэры. Арэнда жылля, адпаведна, таксама не танная: пакой каштуе ад 700 еўра на месяц, кватэра — у два разы даражэй. 

«Калі тут набыць кватэру, здаваць яе і паехаць жыць у Беларусь, можна ўвогуле не працаваць і жыць як кароль», — падмячае дзяўчына.

Але ў Ісландыі, удакладняе Ірына, пакоі лічаць крыху па-іншаму — яны не лічаць асобным пакоем tv-room, прахадную з тэлевізарам. То-бок аднапакаёўка — гэта кватэра са спальняй, tv-room, кухняй і ванным пакоем.

Яшчэ адно балючае пытанне — медыцына. Сур’ёзныя хваробы, тлумачыць беларуска, у Ісландыі лечаць добра: табе могуць зрабіць якасную аперацыю і выратаваць жыццё. Але калі нешта лёгкае, насмарк ці спіна баліць, людзі тут не ходзяць да дактароў, бо гэта і дорага, і не заўсёды можна атрымаць якасны вынік: «Я аднойчы прыйшла да доктара, і на адну з маіх скаргаў ён адрэагаваў так: «Гэта мы не будзем лячыць, бо я не ведаю, што гэта такое». У Ісландыі жыве нямала літоўцаў, латышоў, палякаў, грузінаў, рускіх, беларусаў, украінцаў. Шмат хто з іх ездзіць па медыцынскія паслугі да сябе дахаты, бывае, што і ў Беларусь, бо і тут чулі, што ў Беларусі добрыя дактары і лечаць нядорага.

«Тут можаш праехаць 100 кіламетраў і не пабачыць нічога, акрамя вулканістай глебы і іншых машын»

Якія яны — ісландцы? Ірына называе іх добрымі людзьмі, але зусім не падобнымі да беларусаў. У Ісландыі, расказвае яна, усе ўсміхаюцца адно аднаму: калі ты спытаеш на вуліцы дарогу, табе абавязкова дапамогуць, усё падкажуць.

Тое, як ісландцы бавяць вольны час, таксама будзе зразумела не кожнаму беларусу:

«У іх самая папулярная забава — гэта басейны, усе ісландцы туды ходзяць. Пажылыя там плаваюць столькі, што я б задыхнулася ад такой нагрузкі. Прычым басейны ў іх не закрытыя, як у нас, а пад адкрытым небам, і няважна, які цяпер сезон, хаця вада ў басейнах і цёплая, ісландцы не баяцца холаду».

Басейны — гэта больш спакойны варыянт адпачынку. Але яшчэ ў Рэйк’явіку ёсць Стары горад, і гэта — месца ісландскіх тусовак. Мясцовыя, расказвае Ірына, вельмі любяць выпіць, праўда, у іх не такія моцныя страўнікі, як у беларусаў: «Я была неяк на свяце горада, і там было вельмі шмат п’яных, тут увогуле людзей не абмяжоўваюць — ты можаш проста ісці па горадзе і выпіваць. На свяце дзяжурылі нехта накшталт дружыннікаў, якія завозілі гэтых п’яных дахаты ці, калі яны не маглі самі вымавіць адрас, у паліцыю».

Ісландыя зарабляе на турызме 20% свайго прыбытку, таму іншаземцаў там сапраўды шмат, але пры гэтым у краіне ўсё вельмі дорага. Уваход у Блакітную лагуну, мясцовую славутасць, каштуе 80 еўра, кошт літра малака эквівалентны 6 беларускім рублям, бутэлька віна каштуе ад 45 рублёў, білет у кіно — 18 рублёў.

Блакітная лагуна.

Блакітная лагуна.

Алкаголь у Ісландыі прадаецца толькі ў асобнай сетцы крам, якая працуе да 6 вечара, і алкаголь тут дарагі. Беларуска расказвае, што ў Ісландыі даражэйшае не тое віно, якое належыць да лепшага ўраджаю ці дзе вытворца больш прэстыжны, а тое, якое мае больш градусаў.

Ірына дзеліцца яшчэ адным цікавым назіраннем: «Тут няма вёсак як з’явы — у Ісландыі ёсць зусім маленькія гарады, якія мы б назвалі вёскамі, але яны вельмі сучасныя. Тут шмат тэрыторыі, на якой ніхто не жыве — камяністай, вулканістай глебы, на якой нічога не будуюць. Калі ў Беларусі едзеш, напрыклад, з Мінска ў Віцебск, пастаянна будзеш праязджаць вёскі, нейкія маленькія гарады, а тут ты можаш праехаць 100 кіламетраў і не пабачыць нічога, акрамя вулканістай глебы і іншых машын».

Часам у Ісландыі сустракаюцца самерхаусы — летнія дамкі, вакол якіх нічога няма, адна толькі пустка, мясцовыя ездзяць туды адпачываць. Звыклых нам агародаў там няма, іх ладзяць толькі тыя, хто прыехаў з Усходняй Еўропы. На вуліцах у Ісландыі няма бяздомных жывёл, але пры гэтым тут шмат дзікіх гусяў, якія ходзяць па горадзе, нібыта гаспадары жыцця. А яшчэ ў маленькіх скверыках у горадзе проста ў норах могуць жыць зайцы.

Можна падарожнічаць і па тэрыторыях, што знаходзяцца ў акіяне ля ісландскага берага: «Мы нядаўна ездзілі на маленькі востраў, да яго трэба 40 хвілін плыць на караблі. Там жывуць птушкі-тупікі, яны падобныя да пінгвінаў, але вельмі хутка лятаюць, у іх рознакаляровыя дзюбкі, турысты іх любяць. Потым мы прайшліся па гарах, там шмат авечак, якіх тут дужа цэняць, бо авечкі ў Ісландыі ядуць чыстую траву і мяса ў іх экалагічна чыстае. Ісландцы адсылаюць вельмі шмат бараніны на экспарт, таксама робяць з авечай поўсці багата адзення і сувеніраў».

Літоўцы зрабілі чатырохмоўны сайт пра беларусаў, вымушаных з'ехаць з радзімы

«Спрабуй і не ный, што немагчыма». Гэтыя беларускі правучыліся ў ЗША па стыпендыях і дзеляцца досведам

Як ураджэнка Пінска стала мільянеркай за мяжой і прадае вясельныя сукенкі за тысячы даляраў

Клас
104
Панылы сорам
15
Ха-ха
13
Ого
17
Сумна
14
Абуральна
37