Гэтае і наступнае фота: скрыншоты са справаздачы
У Гомелі рыхтуюцца будаваць трасу Усходняга абходу. У сувязі з гэтым на сайце гомельскага Упраўлення капітальнага будаўніцтва выклалі справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння будаўніцтва на навакольнае асяроддзе. Дакумент склалі эксперты дзяржпрадпрыемства «Белгіпрадор», што падпарадкоўваецца Міністэрству транспарту і камунікацый.
У справаздачы былі пазначаныя месцы масавых пахаванняў, у тым ліку датаваныя 1937 годам. То-бок дакумент зафіксаваў, што пад Гомелем ёсць пахаванні не толькі ахвяр перыяду вайны, але і ахвяр сталінскіх рэпрэсій, што раней афіцыйна адмаўлялася.
Калі пра гэта напісалі медыя, справаздачу выдалілі з публічнага доступу. Гэта з’яўляецца парушэннем экалагічнага заканадаўства. Дакумент мусіць размяшчацца на афіцыйным сайце мясцовых органаў (гэта прапісана ў Палажэнні аб парадку арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў, прынятым Пастановай Саўміна ад 14 чэрвеня 2016 года №458).
Чытачка «Нашай Нівы» патэлефанавала на гарачую лінію да першага намесніка старшыні Гомельскага гарвыканкама Аляксандра Германава, каб даведацца, чаму так адбылося.
«Не ведаю, ўпершыню ад вас чую. А навошта яго выдаляць?» — нібыта здзівіўся чыноўнік.
«Ён нікуды нідзе не знікае, — стаў пераконваць ён, што дакумент на месцы (справаздача па-ранейшаму выдаленая). — Калі ён апублікаваны, значыць, ён там і знаходзіцца. Калі ў вас не атрымліваецца яго адкрыць ці паглядзець, то гэта іншае пытанне. Прыйдзіце ва УКБ і азнаёмцеся з пратаколам, калі не атрымліваецца [азнаёміцца] у электронным доступе, ніхто нічога пад сукно не кладзе».
На жаль, задаць дадатковыя пытанні пасля гэтага не атрымалася — чыноўнік кінуў слухаўку.
«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ «НН»Гомельскія ўлады выпадкова пацвердзілі масавыя расстрэлы ў 1937 годзе. А цяпер апраўдваюцца, кажучы, што гэта памылка
«Лёгкасць, свабода, творчасць — на кожным кроку». Гомельская прапагандыстка адпачывае ў краінах, якія ў працоўны час палівае брудам
Праўладны тэлеграм-канал: Гамяльчук, затрыманы на мяжы з Украінай, збіраўся далучыцца да палка Каліноўскага





