ААТ «Гомельхлебпрам» праводзіць маштабнае абнаўленне аўтапарка. На электроннай тэндарнай пляцоўцы прадпрыемства праводзіць закупку 14 аўтафургонаў для перавозкі хлебабулачных вырабаў. Агульны кошт закупкі перавышае 1,5 млн рублёў. Закупка ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў прадпрыемства, паведамляе «Флагшток».

Фінансавая справаздачнасць «Гомельхлебпрама» на пачатак 2022 года сведчыла пра тое, што ўласных сродкаў у прадпрыемства няма. Сумарная запазычанасць перавышала кошт маёмасці на 50,5 млн рублёў. У сувязі з тым, што прадпрыемства стала хранічным неплацельшчыкам, на маёмасць акцыянернага таварыства быў накладзены арышт. Упраўленне прымусовага выканання прадавала аўтафургоны прадпрыемства ў кошт пагашэння даўгоў. Патрыманыя фургоны, аналагічныя тым, што цяпер закупляюцца па кошце звыш 100 тысяч рублёў, сыходзілі з малатка за суму ў 100 разоў меншую.

Грошы на закупку новых фургонаў з'явіліся дзякуючы ўказу Аляксандра Лукашэнкі «Аб фінансавым аздараўленні ААТ «Гомельхлебпрам» ад 21 лютага 2022 года. Прадпрыемства было вызваленае ад выканання абавязацельстваў па выплаце санкцый за парушэнне тэрмінаў аплаты за муку, паліўна-энергетычныя рэсурсы, а таксама штрафаў, што накладаюцца падатковай.

ААТ «Белінвестбанк» прадаставіў Гомельхлебпраму крэдыты тэрмінам на 5 гадоў з працэнтамі ў памеры стаўкі рэфінансавання. У тым ліку на папаўненне абаротных сродкаў выдзелена 5 млн.рублёў, што і паслужыла падставай для закупкі новых фургонаў.

Акрамя таго, сваім указам Аляксандр Лукашэнка фактычна абараніў прадпрыемства ад працэдуры банкруцтва. У дачыненні да прадпрыемства адмененае дзеянне нормы заканадаўства, па якой у выпадку змяншэння кошту чыстых актываў акцыянернага таварыства два гады запар ніжэй мінімальнага памеру статутнага фонду, арганізацыя падлягае ліквідацыі.

Клас
0
Панылы сорам
4
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3