Ілюстрацыйны здымак
У адміністрацыі навучальнай установы адзначылі, што ім патрэбны настаўнік фізкультуры. А пасля запыталіся:
— А вы па-беларуску размаўляеце, таму што прынцып ці вучыліся ў гэтай школе беларускамоўнай?
— Ну я заўсёды размаўляла па-беларуску. А трэба будзе гаварыць па-руску?
— Ну з бацькамі і з дзецьмі. У нас рускамоўная школа, размаўляем мы ўсе на рускай мове. Калі ідзе ўрок беларускай мовы і літаратуры, зразумела, што беларуская мова. Ну вось глядзіце, вы прыйдзеце да дырэктара, пачняце размаўляць на беларускай мове — усё, адразу ж, як бы: «Чаму?»
— Мы жывём у Беларусі, чаму гэта так дзіўна, што чалавек размаўляе на беларускай?
— Не, гэта не дзіўна… Калі б вы былі настаўнік беларускай мовы — зразумела.
Журналістка таксама пыталася, ці будзе перашкодай пры працаўладкаванні тое, што педагога затрымлівалі па адміністрацыйным артыкуле за мітынгі. У школе адказалі: адназначна не змогуць узяць, хоць настаўнік ім і вельмі патрэбны.
Праз пратэсную адміністратыўку адмовілі і ў іншай школе.
— Я бачыла аб'яву ў інтэрнэце, што вы шукаеце настаўніка пачатковых класаў. Ці актуальная яшчэ гэтая аб'ява? — запыталася журналістка.
— Угу.
— Але ёсць такое пытанне. Мяне затрымлівалі па адміністрацыйнай справе — ці гэта будзе праблемай?
— За ўдзел у мітынгах?
— Так.
— Так, гэта будзе праблемай. Мы будзем пасылаць афіцыйны запыт на вашу характарыстыку, гэта будзе пазначана ў характарыстыцы, і, на жаль, з такім артыкулам мы не можам узяць на працу чалавека.
— Можа, вы ведаеце, дзе з такім артыкулам могуць узяць? Бо я ўжо шукаю даўно працу.
— Не ў дзяржаўнай установе. Рэч у тым, што ў нас жа строгі алгарытм. Як толькі чалавек да нас прыходзіць, перш чым узяць яго на працу, мы даём запыт у ГУУС аб наяўнасці судзімасці, прыводаў і ўсяго астатняга, даём запыт на характарыстыку вызначанага ўзору на папярэдняе месца працы. І толькі пасля гэтага маем права ўзяць чалавека на працу. Гэта дэкрэт, які рэгламентаваў прыём на працу ў дзяржаўныя ўстановы.





