Удар нумар 1 быў нанесены з боку населенага пункту Прышыб. Украінскія войскі, мяркуючы па карце, прарвалі абарону расійскай арміі ў раёне Прышыба, вызвалілі важны вузел дарог Волахаў Яр, Сямёнаўку і за два дні падышлі да пасёлка гарадскога тыпу Шаўчэнкава.

Гэта высокія тэмпы прарыву, па перасечанай мясцовасці войскі за два дні прайшлі больш чым 30—40 кіламетраў.

Украінскае камандаванне, мяркуе расійскі рэсурс, нанесла ўдар не па самым кароткім шляху, а глыбока ў абыход. Украінцы спачатку стварылі пагрозу Балаклеі, што выклікала паніку ў расіян, і пакуль праціўнік ратаваў паўакружаную групоўку, галоўныя сілы УСУ ўдарылі ў кірунку на Шаўчэнкава.

Шаўчэнкава — гэта ключавы вузел камунікацый, кантроль над якім разразае ўвесь гэты раён на часткі. Вызваленне Шаўчэнкава будзе азначаць аператыўнае акружэнне Ізюмскай групоўкі, а выхад на Купянск змусіць яе адступаць па іншым беразе ракі Аскол.

Для папярэджання контратакі расійскіх войскаў з раёна Ізюма, украінскія войскі, мяркуючы па расійскіх даных, выйшлі ў раён вёскі Брыгадзіраўка. Гэты ўдар пагражае больш глыбокім захопам групоўкі ў Балаклеі, бо ад Брыгадзіраўкі зручная траса ідзе проста на сяло Вясёлае ў тыл Ізюму.

Удар нумар 2. Лабавая атака з раёна Чкалаўскі на Шаўчэнкава.

Дапаможны ўдар, які скаваў абарону Шаўчэнкава і не дазволіў ворагу арганізавана адступіць да самога горада.

Удар нумар 3 быў нанесены з раёна Прышыба паўночней Балаклеі. Удар выканаў дзве задачы — стварыў пагрозу захопу Балаклеі, увёў у зман расійскае камандаванне адносна сапраўднай мэты прарыву і адначасова закрыў фланг ударнай групоўкі, якая атакуе Шаўчэнкава.

Гэтым ударам украінскія войскі вызвалілі Вярбоўку, Якаўлеўку і занялі паўночную ўскраіну Балаклеі, дзе размешчаны былы арсенал УСУ. Там вялікая колькасць надзейных бункераў, якія могуць абараніць значную колькасць войскаў ад абстрэлаў. Калі гэта так, то значыць, як пішуць многія расійскія крыніцы, гэта па сутнасці азначае аператыўнае акружэнне Балаклеі.

Удар нумар 4 быў нанесены з раёна Байрак і Гусараўка на Новую Гусараўку і паўднёвую ўскраіну Балаклеі.

Гэта другая паўднёвая клюшня акружэння Балаклеі. Мяркуючы па расейскіх даных, украінскія войскі выйшлі да трасы Балаклея — Савінцы, а магчыма, ужо занялі і самі Савінцы, а гэта азначае, што, як мінімум, з'яўляецца магчымасць агнявога кантролю над адзінай магістраллю забеспячэння расійскіх войскаў.

Учора ўкраінскія СМІ паказалі відэа збіцця расійскага самалёта пад Волахавым Ярам, а таксама кадры з палоннымі расійскімі вайскоўцамі — пераважна мабілізаванымі на акупаваных тэрыторыях.

Расійскія блогеры паведамляюць, што сама Балаклея застаецца пад кантролем расіян і што расійскім дэсантнікам удалося спыніць украінскія войскі на подступах да Шаўчэнкава. Аднак яны прызнаюць складанасць сітуацыі для расійскай абароны каля Савінцаў.

У раёне Ізюма Заходняя вайсковая акруга засяродзіла цэлую агульнавайсковую армію, расіяне спешна перакідваюць рэзервы з-пад Харкава і з Данбаса, паколькі сітуацыя для расійскага войска склалася па-сапраўднаму крытычная.

Украінскі Генштаб ніяк не каментуе сітуацыі. У той жа час у шавіністычных расійскіх рэсурсах множацца заклікі пакараць смерцю камандуючага групоўкай «Захад» генерал-лейтэнанта Андрэя Сычавога за правал пад Балаклеяй. «Казніть чорта!», «Расстреляйте его на*** б*** за нашых пацаноў» — такія каменты шавіністычнай аўдыторыі.

Клас
159
Панылы сорам
7
Ха-ха
15
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
7