Паводле Скоблы, паэзію Юркі Голуба ён шануе здаўна:

«Палюбіў са школьных гадоў, калі двойчы на месяц у нашу хату пошта прыносіла раёнку з літстаронкай «Зоры над Зальвянкай». Тыя вершы і сёння лёгка, як камп'ютарныя файлы, адкрываюцца ў маёй паточанай шашалем гадоў памяці: «І хрусне поўня, як сургуч, за шклом апостальскае пошты», або: «У памяці, як бліц, успыхне не для згубы калчан згрубелы дуба для схову бліскавіц».

Том выбранага з творчасці Юркі Голуба складаецца з 560 старонак. Апрача паэзіі, у яго ўвайшла кароткая проза, артыкулы, раней не апублікаваны дзённік і вялікая перапіска з Ларысай Геніюш і Рыгорам Семашкевічам.

«Гэты том я ў думках паабяцаў Юрку Голубу дажджлівым кастрычніцкім днём 2020 года, калі пасля адпявання ў старажытнай Каложы ён навечна выправіўся на сваю радзіму, на сваю Зэльвеншчыну, на свой горненскі хутар. І вось нарэшце ўздыхнуў з палёгкай — абяцанне выкананае», — падсумаваў свой допіс Скобла.

Юрка Голуб (1947—2020) — паэт і перакладчык родам з Горна на Зэльвеншчыне. Амаль усё сваё дарослае жыццё ён пражыў у Гродне і быў адным з найвыбітнейшых беларускіх літаратараў, якія калі-небудзь жылі і стваралі ў гэтым горадзе. 

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0