Тэлефонная размова паміж Пуціным і Эрдаганам адбылася ў суботу раніцай, пацвердзіла адміністрацыя прэзідэнта Расіі.

ЗАЭС акупаваная расійскімі войскамі і перыядычна падвяргаецца абстрэлу, у якіх Кіеў і Масква абвінавачваюць адзін аднаго. У чацвер на АЭС пабывалі інспектары Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, якія выказалі занепакоенасць у сувязі з бяспекай станцыі, бо яна атрымала пашкоджанні.

«Прэзідэнт Эрдаган заявіў, што Турцыя можа граць пасярэдніцкую ролю ў дачыненні да Запарожскай АЭС, як гэта было ў выпадку з збожжавай здзелкай» — цытуе адміністрацыю турэцкага лідара агенцтва Франс Прэс.

Раней Турцыя дапамагла заключыць дамову аб разблакаванні ўкраінскіх чарнаморскіх партоў. Украіна і Расія падпісалі з Анкарой і ААН асобныя пагадненні, дзякуючы якім украінскія судны з харчаваннем пачалі пакідаць парты і накіроўвацца ў рэгіёны свету, дзе праз вайну ўзнікла пагроза голаду.

Пра тое, як менавіта могуць праходзіць перамовы аб сітуацыі вакол Запарожскай АЭС, офіс прэзідэнта Турцыі не кажа. Аднак удакладняе, што Пуцін і Эрдаган дамовіліся працягнуць кантакты ва ўзбекскім Самаркандзе, дзе 15-16 верасня будзе праходзіць саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

На сайце Крамля дадзеных аб прапанове Эрдагана няма. Змест тэлефоннай размовы адміністрацыя прэзідэнта Расіі, перадае так: «Закранута таксама сітуацыя ва Украіне. Рэджэп Таіп Эрдаган адзначыў канструктыўную ролю Расіі ў арганізацыі місіі МАГАТЭ на Запарожскую АЭС. Разгледжаны ход рэалізацыі заключанай у Стамбуле 22 ліпеня пры пасярэдніцтве прэзідэнта Турцыі «збожжавай здзелкі».

Падчас перамоваў прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у жніўні Эрдаган заявіў, што яго вельмі хвалюе крызіс на ЗАЭС. «Мы заклапочаныя. Мы не хочам яшчэ аднаго Чарнобыля», — сказаў тады прэзідэнт Турцыі.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2