«Мы лічым, што мужчыны павінны быць менавіта мужчынамі. А гульцы павінны думаць у першую чаргу пра тое, як прынесці перамогу камандзе, а не пра тое, якім спосабам самавыяўляцца. Калі спартовец хоча вылучыцца, то павінен рабіць гэта ў рамках дазволенага», — гаворыцца ў пасце.

Мікіта Лобусаў. Фота: сацсеткі клуба

Мікіта Лобусаў. Фота: сацсеткі клуба

Таксама ў заяве клуба адзначаецца, што знешні від гульца можа кепска адбіцца на іншых. «Прафесійная каманда, дзе гуляў і трэніраваўся Мікіта Лобусаў, — гэта своеасаблівая піраміда выхавання гульцоў. Дзе, вяршыня — каманда майстроў, а аснова — дзіцячая школа. Пад нашым кіраўніцтвам займаецца каля трохсот дзяцей. І дарослыя футбалісты падаюць прыклад не толькі сваёй гульнёй, але і сваімі паводзінамі за межамі стадыёнаў», — піша ФК «Іркуцк».

Кіраўніцтва клуба паставіла гульцу ўльтыматум: сцерці манікюр. Ён адмовіўся.

— Патэлефанаваў трэнер і сказаў: «Або ты сціраеш пазногці, альбо мы прыбіраем цябе з каманды, — распавёў гулец выданню «КП—Іркуцк». — Я, вядома, чакаў нейкай крытыкі, касых поглядаў, ігнору. Але не думаў, што справа дойдзе да адхілення. Тым больш у такой строгай фармулёўцы. Я адмовіўся сціраць пазногці. Для мяне гэтая справа прынцыпу. Добра было б, калі са мной вялі дыялог. Я б неяк падумаў, усё ўзважыў. А так, паставілі ўльтыматум. Мой знешні выгляд ніяк не ўплывае на якасць працы. Чапляюцца да нейкіх пазногцяў, але не заўважаюць, колькі я трэніруюся і працую? Так не павінна быць!

Пазногці — не адзінае, чым шакаваў гулец кіраўніцтва клуба. Ён прыязджаў на стадыён у ружовым касцюме, фарбаваў валасы, «нацягнуў на айфон ружовы чахол» — прыводзіць яго грахі адзін з тг-каналаў. На пазногцях кіраўніцтва не вытрывала.

Мікіта, піша «КП—Іркуцк», у футболе ўжо 11 гадоў.

«Мы жадаем Мікіту ўсё ж паказаць сябе з добрага боку ў футболе і знайсці новы клуб!» — пажадала хлопцу кіраўніцтва ФК «Іркуцк».

Мужчынскі манікюр — цяпер даволі модны трэнд. Пафарбаваныя пазногці заўважалі ў журналіста Мікіты Мелказёрава, шоўмэна Андрэя Бонда, рэпера Маргенштэрна, ютубера Юрыя Дудзя і іншых.

Напрыклад, папулярны тыктокер Мікіта Бялевіч, калі з’ехаў з Беларусі, намаляваў на пазногцях левай рукі бела-чырвона-белы сцяг, а на правай — жоўта-блакітны. «Такая гіперкампенсацыя пасля страху ў Беларусі выйсці на вуліцу не ў тых шкарпэтках. Захацелася адчуць свабоду», — патлумачыў ён «Нашай Ніве».

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3