Па заяве Генпракурора Андрэя Шведа Вярхоўны Суд прызнаў арганізацыю «BYPOL», якая аб'ядноўвае сілавікоў, са структурнымі падраздзяленнямі «Сітуацыйна-аналітычны цэнтр» і «Мабілізацыйны план «Перамога» тэрарыстычнай.

Паведамляецца, што дзейнасць BYPOL звязаная з «фармаваннем у грамадстве ідэй радыкалізму і схіленнем грамадзян да экстрэмісцкай дзейнасці для змянення канстытуцыйнага ладу».

Генпракуратура падкрэслівае, што з 30 жніўня дзейнасць BYPOL на тэрыторыі Беларусі забароненая. Удзел у ёй пацягне наступленне крымінальнай адказнасці.

Раней па заяве Шведа тэрарыстычнай арганізацыяй прызналі «нефармальную арганізацыю» «NEXTA» з яе «структурнымі падраздзяленнямі» «NEXTA Live» і «LUXTA».

«З мая 2021 г. BYPOL выкарыстоўваецца з мэтай аб'яднання прыхільнікаў без уліку іх прыналежнасці да сілавых ведамстваў, фармавання ў іх радыкальных поглядаў для наступнага іх скланення да здзяйснення экстрэмісцкіх дзеянняў (у тым ліку актаў тэрарызму)», — паведамляла пракуратура. 

BYPOL — ініцыятыва сілавікоў за свабодныя выбары і аднаўленне законнасці ў краіне. Яе кіраўнік Аляксандр Азараў увайшоў у Кабінет, створаны Святланай Ціханоўскай, у якасці прадстаўніка па бяспецы.

У план «Перамога», па словах кіраўніка «Байпола», запісалася каля 200 тысяч чалавек, гэта падпольшчыкі, якія знаходзяцца ў Беларусі і чакаюць каманды.

Удзельнікі плана «Перамога» дзеляцца на тры асноўныя групы, распавядаў Аляксандр Азараў. Першая — асобы, якія прайшлі падрыхтоўку ў BYPOL і будуць выконваць спецыяльныя дзеянні. Сутнасць гэтых дзеянняў не раскрываецца, каб не былі падрыхтаваныя контрмеры з боку спецслужбаў.

Другая група — супрацоўнікі заводаў і прадпрыемстваў. Чакаецца, што яны выканаюць заданні на сваіх працоўных месцах.

Трэцяя група складаецца з людзей, якія выйдуць на вуліцы. 

«Кожны грамадзянін мусіць разумець сваю адказнасць. Калі ён не выйдзе на вуліцу, не апусціць рубільнік, не выканае прадпісанне, якое атрымае, то падставіць людзей, якія выконваюць сілавую частку плана, што можа прывесці да іх гібелі і знішчэння актыўнай часткі беларускага грамадства», — падкрэсліў Азараў. 

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
8
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3