Ілюстрацыйны здымак
«Выпадак здарыўся на вясковым пляжы на Беразіне.
Сярод наведвальнікаў размясцілася кампанія салідных мужыкоў, якія смажылі шашлыкі і даволі гучна размаўлялі. Побач стаялі добры катар і салідныя ўседарожнікі. Праз некаторы час недалёка ад іх размясцілася маладая сям'я з дзецьмі сярэдняга школьнага ўзросту. Дзеці адразу ж пабеглі да ракі і сталі разглядаць катар.
Тут адзін з салідных мужыкоў падбягае да бацькоў дзяцей:
— Извините, это ваши дети? Давайте подойдём к ним.
Яны разам пайшлі да катара.
— А вы ўсе размаўляеце па-беларуску? — запытаў мужчына па-беларуску.
— Так.
— І не баіцеся? Час жа ведаеце які.
— Ды не.
— Вы ж будзеце жыць у Беларусі, не з'язджаеце?
— Застаёмся.
— Ах вы дорогие мои! Подождите, я сейчас!
Мужчына ўзрушаны пабег да машыны. Па дарозе крыкнуў аднаму са сваіх сяброў.
— Слава, я один ящик с машины возьму!
Вяртаецца мужык са скрыняй, і расчулена гаворыць:
— Дзякуй вам! Бярыце для сябе і для дзяцей, выдатныя персікі! Можна я вашу сям'ю на катары па Беразіне пакатаю? Мае хлопцы прыглядзяць за вашымі рэчамі».





