Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, суд Кастрычніцкага раёна Віцебска не прыняў адміністрацыйную справу і Барыса Хамайду адпусцілі на волю.

Яму сказалі чакаць позву ў суд найбліжэйшымі днямі, але 74-гадовы апазіцыянер не надта верыць у працяг разбіральніцтва.

«Пагоня» не з’яўляецца забароненым сімвалам, і медальён я нашу ўжо не першы год. Бачылі яго і ў міліцыі падчас мінулых затрыманняў, але ніколі ніводзін міліцыянт не казаў, што гэта знак пікетавання. Выява «Пагоні», урэшце рэшт, прысутнічае на гербе Віцебскай вобласці, яна ўпрыгожвае і будынак у самым цэнтры Віцебска», — распавёў Барыс Хамайда.

Што канкрэтна было напісана ў пратаколе пра адміністрацыйнае правапарушэнне, ён сказаць не бярэцца, бо не чытае і не падпісвае пратаколы з прынцыповых меркаванняў. Спадару Хамайду вядома, што пратакол быў перададзены ў суд, але працэс не адбыўся, таму яго адпусцілі з ізалятара часовага ўтрымання.

Барыса Хамайду затрымалі перад пачаткам судовага працэсу над журналісткай Таццянай Мацвеевай, якую ён прыйшоў падтрымаць у суд Кастрычніцкага раёна. Журналістку судзілі за несанкцыянаванае пікетаванне. Супрацоўнік міліцыі Уладзіслаў Шышкавец склаў на яе пратакол за малюнак на аватарцы ў Фэйсбуку, дзе былі палосы белага і чырвонага колераў і словы Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца». Гэты самы міліцыянт заўважыў і «Пагоню» на медальёне Барыса Хамайды. Ён запатрабаваў зняць медальён, але спадар Хамайда адмовіўся і мінулую ноч мусіў правесці за кратамі.

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
11