Інцыдэнт адбыўся познім вечарам 25 жніўня. Самалёт кампаніі Ryanair, крыху не дацягнуўшы да Вільні, рэзка павярнуў на поўдзень, у бок Мінска, і амаль даляцеў да Ліды.

Паводле інфармацыі сайта Flightradar, гэта адбылося ў 23.14 і працягвалася некалькі хвілін. Пілот быў вымушаны здзейсніць такі манеўр з-за ўмоў надвор'я, каб пазбегнуць навальніцы.

Абмінуўшы небяспеку, самалёт вярнуўся на ранейшы курс і неўзабаве бесперашкодна прызямліўся ў аэрапорце Вільні.

Падобныя выпадкі, увогуле ў авіяцыі дастаткова звычайныя, выклікаюць вялікую занепакоенасць пасля таго, як прадстаўнікі беларускага рэжыму 23 мая 2021 года вымусілі лайнер авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню, здзейсніць экстранную пасадку ў Менску, заявіўшы, што атрымалі паведамленне пра бомбу, якая нібыта знаходзіцца на борце.

Увесь спектакль быў зладжаны дзеля затрымання вядомага апанента ўлады Рамана Пратасевіча, які ляцеў гэтым самалётам разам са сваёй дзяўчынай Соф'яй Сапегай. Пасля гэтага ўсе суседзі Беларусі, апрача Расіі, забаранілі беларускім самалётам выкарыстоўваць еўрапейскую паветраную прастору і аэрадромы, а амаль усе краіны заходняга свету перасталі лётаць над Беларуссю.

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
5
Ого
24
Сумна
2
Абуральна
3