Сваё рашэнне Мінінфарм абгрунтаваў тым, што выпуск гэтых выданняў не ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў запар (падпункт 2.10 пункта 2 артыкула 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года №427-3 «Аб сродках масавай інфармацыі»).
Абгрунтаванне цынічнае, бо ўлады перад тым самі заблакавалі для выдання магчымасць друкавацца на паперы.
«Ні гродзенская, ні брэсцкая, ні пінская друкарні не ўзялі ў друк «Газету Слонімскую» і газету «Отдушина», спасылаючыся на высокую ступень загружанасці і шчыльны графік друку», — тлумачаць сітуацыю, якая склалася, у рэдакцыі.
«Газета Слонімская» друкавалася з 2011 года ў гродзенскай друкарні, ліквідаванай у 2021 годзе. Друкаваная версія «Газеты Слонімскай» і газеты «Отдушина» не выходзяць з 9 лістапада 2020 года. Усе сілы рэдакцыя газеты цяпер засяродзіла на працы сайта.





