Гродзенскі кінатэатр «Чырвоная зорка».

Паказваюць малавядомыя амерыканскія стужкі

Амерыканскія стужкі шмат гадоў прыцягвалі ў кіназалы багата гледачоў. Што рабіць зараз, калі топавыя карціны ўжо недаступныя? Мяркуючы па афішах, пракатчыкі спрабуюць выйсці з сітуацыі шляхам паказу карцін, зробленых таксама ў ЗША, але ў менш вядомых студыях.

Фрагмент кінаафішы. Тут і далей: afisha.me

Напрыклад, зараз выйшаў у пракат трылер «Вышка» (The Fall), зняты кіношнікамі з Брытаніі і ЗША. На вялікім рэсурсе IMDB стужка набрала 6,5 бала рэйтынгу з 10, што, вядома, не цягне на россып кінаўзнагарод, але выглядае даволі прыстойна па мерках сённяшняга беларускага кінапракату. Сюжэт не надта складаны: дзве сяброўкі забіраюцца на радыёмачту, каб развеяць на вышыні прах мужа адной з іх. Але здараецца непрадбачанае, і жанчыны губляюць магчымасць самастойна злезці з вышкі.

Завальваюць гледачоў расійскай прадукцыяй

З пачаткам кінабана ў пракаце заўважна паболела расійскіх стужак. Напрыклад, зараз у мінскіх кінатэатрах можна пабачыць турэмны трылер «Начны рэжым» пра тое, як асуджаны на пажыццёвае зняволенне фатограф спрабуе даказаць сваю невінаватасць з дапамогай камунікацыі з невядомым чалавекам праз сны.

Кадр з фільма «Легенды Арляняці». Крыніца: kino-teatr.ru

Лета — час фільмаў пра адпачынак, і ў Беларусі зараз паказваюць ажно дзве такія стужкі. «Легенды Арляняці» і «Артэк. Вялікае падарожжа» можна лёгка пераблытаць паміж сабой, бо ў абедзвюх карцінах дзеянне адбываецца ў вядомых дзіцячых лагерах, ды яшчэ і ў абодвух выпадках маюць месца магічныя падарожжы. Рэйтынг другой стужкі на «Кінапошуку» — 6,1 бала, а вось для таго, каб ацаніць першую карціну, на сайце не хапіла водгукаў.

Гэта не адзінае кіно з нізкім рэйтынгам сярод тых, што паказваюць зараз беларусам. Узяць, напрыклад, праект «Хронас», зняты па творах савецкага фантаста Кіра Булычова, які мае на «Кінапошуку» аналагічныя мінулай стужцы 6,3 бала рэйтынгу.

Адшукваюць еўрапейскае кіно

Часам у кінатэатрах паказваюць сапраўды якаснае еўрапейскае кіно, і гэта, бадай, адна з нешматлікіх аддушын для беларускіх кінаманаў. Зараз, напрыклад, можна пабачыць у кіно нарвежскую камедыю «Усе ненавідзяць Ёхана» з неблагімі 7,1 бала рэйтынгу на IMDB ці іспана-аргентынскую драму «Галоўная роля» з такім жа рэйтынгам ды і з зоркамі ў галоўнай ролі — Пенелопай Крус і Антоніа Бандэрасам.

Але бываюць і горшыя знаходкі. Супярэчлівыя водгукі сабрала польская драма «Эскортніцы» пра маладую суценёрку, якая набірае каманду дзяўчат для арабскіх шэйхаў. Яшчэ адно кіно, якое зразумеюць не ўсе, — гэта «Развод у стылі кунг-фу», французская трагікамедыя пра жанчыну, якая вучыцца баявому мастацтву, каб сысці ад мужа-аб’юзера. Ці «Бойся цемры» — фільм жахаў пра містычныя падзеі каля глухой вёскі.

Паўтараюць добрае старое кіно

З пачаткам санкцый у афішах паболела старых стужак. Ёсць сярод іх і прызнаныя карціны. Так, зараз у мінскім пракаце ідуць усе тры часткі «Нястрымных» — баевіка з Сільвестрам Сталонэ, Мэлам Гібсанам і іншымі папулярнымі зоркамі экшн-муві 90-х.

Кадр з фільма «Нястрымныя». Крыніца: collider.com

На гэтых выхадных у Мінску дэманстравалі беларускую стужку 2014 года пад назвай «Кіндэр-Вілейскі прывід» пра старажытную сядзібу ў Вілейскім раёне і злы дух, што жыве ў ёй. Жаданне паказваць сваё — з’ява пахвальная, але ж «Кіндэр-Вілейскі прывід» мае даволі невысокія ацэнкі (4,7 з 10 балаў на «Кінапошуку», 5,3 з 10 балаў на міжнародным рэсурсе IMDB).

Здаецца, гледачам было б цікавей бачыць на кінаэкранах больш вядомае і прызнанае беларускае кіно. Як наконт таго, напрыклад, каб вярнуць у кіназалы «Хрусталь»? Нагадаем: гэтая стужка 2018 года ад рэжысёркі Дар’і Жук удзельнічала ў некалькіх еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх кінафестывалях і мела шансы трапіць у доўгі спіс прэтэндэнтаў на «Оскара» за лепшую карціну на замежнай мове.

Якія стужкі прапускаюць

Напрыканцы назавем толькі некаторыя з блакбастэраў, якія беларусы не змаглі пабачыць на вялікім экране за час санкцый. Усе яны мелі шансы збіраць поўныя залі:

  • «Хутчэй за кулю» — камедыйны баявік з Брэдам Пітам пра наёмных забойцаў;
  • «Топ Ган: Мэверык» — высокабюджэтны працяг сагі 1986 года «Лепшы стралок» з Томам Крузам;
  • «Элвіс» — біяграфічная стужка пра караля рок-н-рола ад геніяльнага База Лурмана;
  • «Морбіус» — маштабная экранізацыя коміксаў з Джарэдам Лета ў галоўнай ролі;
  • «Фантастычныя стварэнні: Таямніцы Дамблдора» — фэнтэзі-сага па сюжэце ад Джоан Роулінг.

Індыйскае кіно, расійскія агіткі, але ёсць і рэдкія залацінкі. Якая сітуацыя цяпер у кінатэатрах

«Вельмі дзіўныя справы» на мільёны. Чаму варта паглядзець новы сезон самага рэйтынгавага шоу Netflix у гісторыі?

Што адбываецца ў беларускім кінематографе? Сабралі цікавыя стужкі, якія можна паглядзець у кінатэатрах ці дома

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру