12 жніўня Мікола Статкевіч напісаў:

«З'явілася свая «гаспадарка». Уваход у аконную нішу з боку галоўнай пацучынай магістралі цяпер вельмі лёгкі. І спачатку за ежай наведваўся адзін тоўсты і важны пацук, які, не павітаўшыся і не папрасіўшы, проста правяраў, ці паклаў я яму што-небудзь за краты. Не дачакаўшыся, і каб казырнае месца не прападала, гэты пацук прывёў туды дзевачку. Заляцанні скончыліся скандалам і да мяне стала наведвацца толькі гэтая дзевачка — ахайная, з белымі бакамі і чорнай спінай. Яна і віталася, і прасілася, але я трымаўся, пакуль тая не прывяла з сабой сваё дзіцятка. Прыйшлося паддацца гэтай цынічнай маніпуляцыі. Цяпер яны прыходзяць пастаянна».

Праз тры дні, 15 жніўня, Мікола працягвае гэтую тэму:

«У мяне ўсё нармальна. Адчуваю сябе добра. Ужо цалкам прызвычаіўся да адзіночкі і яе звышкампактнасці. Праўда, пацучыная «гаспадарка» ўвесь час спрабуе вырасці. Вось і цяпер у аконнай нішы дзве мышкі і цэлая куча малых. У мяне падазрэнне, што яны гэтых малых адна адной пазычаюць, каб націснуць на мае пачуцці. Я трымаюся. Пакуль».

Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15, а пасля распачалі крымінальную справу.

У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. 

Клас
31
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
29
Абуральна
4