Маці Дзяніса Людміла Івашына расказала пра «момант, які застанецца самай яркай плямай на ўсё жыццё». 15 жніўня яна прыйшла да будынку абласнога суда загадзя ў спадзеве ўбачыць сына. Неўзабаве яна здалёк заўважыла, як да бакавога ўваходу пад’ехала службовая машына і праз нейкі час адтуль вывелі Дзяніса.

«Як бы апісаць свой стан… Я адключылася цалкам, я бачыла толькі Дзяніса. Я крычу: «Сынок, я тут!» Ён пачуў і адказаў: «Мама, у мяне ўсё добра! Не перажывай! Мы пераможам». Я далей крычу яму: «Трымайся, усё будзе добра!» Гэта такая эйфарыя. Яго рэзка нахілілі ўніз, рукі за спіну. Я яшчэ закрычала ім: «Акуратней там», у мяне адключыліся ўсе рэфлексы (самазахавання)», — успамінае Людміла Івашына.

Гэта першы раз, калі яна здолела ўбачыць сына амаль за паўтара года. Яна хвалюецца, што той выглядаў надта бледным, але агулам амаль не змяніўся за час зняволення.

Калі жанчына падышла пад галоўны ўваход будынку суда, то ўбачыла групу падтрымкі Дзяніса. Незнаёмыя людзі загаварылі з ёй на замежнай мове. Аказалася, што гэта дыпламаты еўрапейскіх краін, якіх яна не чакала ўбачыць.

«Адна з іх стала гаварыць на рускай мове з акцэнтам: «Нас тут чацвёра, але мы прадстаўляем увесь Еўрасаюз, мы сочым за кожным крокам лёсу Дзяніса. Мы вас вельмі падтрымліваем». Гэта настолькі прыемна, гэта дае крылы», — пераказвае маці падсуднага.

Потым да іх падышлі супрацоўнікі дзяржаўнага тэлебачання. Людміла Івашына расказала, што ў апублікаваны запіс трапіла не ўся размова. Прыкладам, Людміла на пачатку размовы гучна прадставілася. На пытанне супрацоўніцы, ці не сорамна ёй за сына, яна адказала: «Я вельмі ганаруся сваім сынам і ганаруся, што ён не такі, як вы».

Людміла Івашына ўжо пісала скаргі на супрацоўніцу дзяржсмі Ксенію Лебедзеву, бо тая раней паказала ў сваім сюжэце кватэру Івашыных. У дакументах на ператрус пазначана, што сілавікі не вялі відэаздымку. Адкуль у сюжэце ўзяліся кадры прыватнага жытла, загадка. Маці журналіста, па яе словах, прыйшлі адпіскі з тэлебачання і пракуратуры, без тлумачэнняў у адказ на яе пытанне.

Таксама стала вядома, што Дзяніс па-за пасяджэннем суда ў калідоры выгукнуў «Жыве Беларусь! Слава Украіне!».

Калі блізкія стаялі ў калідоры суда, працэс ужо пачаўся, то пачулі гул. Аказалася, што гэта працуе «глушылка», каб ніхто ў калідоры не мог пачуць, што гавораць на закрытым працэсе ў зале.

Клас
15
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
11

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?