Фота: ФСБ

Фота: ФСБ

У прэс-рэлізе ФСБ было сказана, што «ў ходзе затрымання пры спробе падрыву нафтаправода нейтралізаваныя двое грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія аказалі ўзброены супраціў».

Расіяне, якія рыхтавалі тэракт, паводле сцвярджэння спецслужбы, уваходзілі ў склад праварадыкальнай групоўкі «Рэструкт», створанай Марцінкевічам, вядомым пад мянушкай Цясак. У 2020 годзе Марцінкевіч памёр, знаходзячыся ў зняволенні.

Паводле версіі ФСБ, «арганізацыю дыверсійна-тэрарыстычнага акта пад кантролем украінскіх спецслужбаў ажыццяўлялі чальцы «Рэструкта» грамадзянін Расіі Андрэй Чуянкоў 1986 года нараджэння, які цяпер удзельнічае ў баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе нацбатальёна «Ураган», і грамадзянін Украіны Юрый Іонаў 1988 года нараджэння, які з'яўляецца вайскоўцам палка «Азоў».

З прэс-рэлізу ФСБ да канца было незразумела, былі двое забітых у Валгаградскай вобласці мужчын Чуянковым і Іонавым, ці не.

«Я стараюся не ўступаць у канфрантацыю з Расійскай Федэрацыяй»

Даволі хутка высветлілася, што як мінімум Чуянкоў дакладна жывы і знаходзіцца ў Кіеве. Рускай службе «Бі-бі-сі» ён заявіў, што «дыверсій» у Валгаградскай вобласці не арганізоўваў, у батальёне «Ураган» не знаходзіцца, а яго меркаваны (па версіі ФСБ) змоўшчык Іонаў загінуў пры бамбёжцы Марыупаля яшчэ ў сакавіку гэтага года.

«Мне пачалі дасылаць нейкія спасылкі [на публікацыі з прэс-рэлізам ФСБ], — распавёў Чуянкоў. — Слова «здзівіўся» тут не вельмі падыходзіць. Я стараюся не ўступаць у канфрантацыю з Расійскай Федэрацыяй, бо ў мяне і так хапае з ёй праблем, і калі мне пачалі дасылаць гэтыя навіны, я трохі афігеў. У першапачатковых спасылках там не фігуравала маё прозвішча, так што я падумаў, што гэта журналісты проста чамусьці ўзялі маю фатаграфію для нейкага відэашэрагу: «Рэструкт», Марцінкевіч, усё на свеце … Такое часам здараецца, да гэтага я ўжо прывык. Але потым маё прозвішча пачало мільгаць усё часцей, пачалі публікаваць даныя маёй сям'і, і гэта было ўжо страшна, таму што людзі, не датычныя ні да чаго, падвергліся нейкаму булінгу і абразам. Так што эмоцый было шмат».

Чуянкоў кажа, што з'ехаў з Расіі яшчэ ў кастрычніку 2020 года — праз Беларусь ва Украіну, дзе папрасіў палітычны прытулак.

«З кастрычніка 2020 года я тут. З'ехаў я не проста так. Я палітычны актывіст, майго сябра і таварыша Максіма Марцінкевіча закатавалі», — сцвярджае ён.

Суразмоўца «Бі-бі-сі» адмаўляе, што браў удзел у баявых дзеяннях у складзе ўкраінскага батальёна «Ураган» або любога іншага ваенізаванага падраздзялення. Пра існаванне такога батальёна СМІ раней таксама ніколі не паведамлялі.

«Тут ёсць такі персанаж з Расіі з пазыўным «Ураган». Магчыма, яны гэта ўсё неяк звязалі — выказаў меркаванне Чуянкоў. — Уся гэтая гісторыя напоўненая дзіўным туманам няпэўнасці, так што, мне складана яе каментаваць. З «Азовам» я таксама не звязаны. У мяне ёсць знаёмыя ветэраны АТА, знаёмыя ветэраны «Азова», але як са структурай я з імі ніяк не ўзаемадзейнічаў».

Чуянкоў, з яго слоў, з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну разам са сваімі знаёмымі займаўся валанцёрскай дзейнасцю, прайшоў курсы тактычнай медыцыны і дапамагаў працаваць з параненымі, але непасрэдна камбатантам не быў і ў баявых дзеяннях удзелу не браў:

«Калі за акном пачынаюць выбухаць снарады, агульны настрой становіцца няпэўным, кожны мужчына павінен сябе неяк праяўляць. І я, як і большасць людзей свядомых, стаў шукаць, куды мне прымяніць сябе».

«Гэты чалавек загінуў у Марыўпалі»

«Асобная нейкая хохма», — сказаў Чуянкоў, адказваючы на пытанне пра тое, адкуль у прэс-рэлізе ФСБ магло з'явіцца прозвішча Іонава, якога спецслужба назвала яго саўдзельнікам.

«Гэты чалавек загінуў у Марыупалі на самым пачатку вайны — у сакавіку 2022 года. Мы з ім завочна ведалі адзін аднаго. Але я не прыгадваю, каб мы з ім размаўлялі. Тэарэтычна, гэта магло быць у далёкім мінулым, але я такога не памятаю», — паведаміў ён «Бі-бі-сі».

Двое вайскоўцаў «Азова» сказалі «Бі-бі-сі», што Іонаў сапраўды загінуў некалькі месяцаў таму ў выніку адной з бамбардзіровак Марыупаля, пакуль яго штурмавалі расійскія войскі.

Чуянкоў высунуў версію, што ФСБ хоча дыскрэдытаваць «усё, што звязана з расійскім нацыяналізмам», называючы іх прозвішчы.

Клас
2
Панылы сорам
13
Ха-ха
8
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1