Новая песня стала нагодай для гутаркі. Ганна кажа, што напісала яе праз некалькі тыдняў пасля таго, як з’ехала з краіны. Гэта было 1,5 года таму. «Як мне падавалася, я з’ехала тыдні на два з надзеяй, што ўсё ў краіне наладзіцца і можна будзе вярнуцца дадому», — гаворыць яна.

Гэта быў момант «фатальнага смутку», таму Ганна песню нікому не паказвала.

«Я знаходзілася ў жудасным стане, і толькі цяпер дазволіла сабе неяк жыць», — распавядае яна.

На пытанне, як вырашыла зʼехаць з Беларусі, Шаркунова кажа, што не было нейкай апошняй кроплі. «Проста ты знаходзішся ў прасторы, дзе тваё базавае пачуццё бяспекі парушанае. Калі пакутуюць блізкія людзі, сябры, калі побач усё менш людзей, якіх гэта не зачапіла. Проста не разумееш, як далей жыць. Працаваць немагчыма. Захацелася падыхаць іншым паветрам».

На несправядлівасць і жорсткасць уладаў спявачка адказвала песнямі.

Так з’явілася «Песня шчаслівых людзей» — «песня вялікай надзеі мільёнаў беларусаў на светлае будучае, на шчасце, на мірныя перамены. Нам падавалася, што яны магчымыя».

«Я тады збірала сяброў, амаль усе яны пацярпелі. Цяпер гэта песня разбураных надзей», — гаворыць Шаркунова.

Яна зʼехала з Беларусі ва Украіну. Кіеў надта спадабаўся спявачцы, месцамі вельмі нагадваў Мінск. Там ёй было камфортна.

«Там я ні разу не атрымала папроку за маю рускую мову. І я дакладна ведаю, што там не трэба было нікога ратаваць. Гэта мой досвед, хаця ён жорсткі. 24 лютага і гэтыя выбухі — яны з памяці не сыдуць», — кажа яна.

24 лютага яна зноў была вымушаная бегчы.

«У мяне пяцігадовае дзіця, ты прачынаешся ў пяць гадзін ранку, чуеш выбухі — мабілізацыя ўсяго арганізма адбываецца. Ты настолькі сабраны. Не думаеш ні пра што, проста шукаеш машыну і суткі на вадзе і сухарах едзеш. Ты не разумееш, што цябе чакае, ты бачыш гэтыя самалёты, што над табой лётаюць. Проста ехалі і спадзяваліся на лепшае», — распавядае яна.

Ганна кажа, што толькі цяпер выбіраецца з таго стану, да якога шмат каго прывёў 2020 год. «Да апошняга моманту я думала, што развярнуся ды збягу са студыі», — распавяла яна ў прамым эфіры.

Шаркунова кажа, што цяпер будзе «жыць у моманце». «Бо гэтыя два гады — яны проста парэзаныя».

Таму яна вырашыла падзяліцца песняй. «Мы ўсе сумуем па доме, і гэтая песня аказалася важнай не толькі для мяне, а для многіх людзей, якія адчуваюць тое самае».

Ганна кажа, што ёй пішуць і ўкраінцы, для якіх пытанне страты дома таксама стала трагедыяй.

На пытанне журналіста, ці не складана будзе вяртацца дадому з доўгай эміграцыі, Шаркунова адказвае, што, напэўна, такое ёсць: напрыклад, 1 верасня яе сын ужо пойдзе ў школу, зʼявяцца новыя сябры.

«Але мне хочацца так шмат зрабіць для сваёй вуліцы, для сваёй краіны — гэта пачуццё нікуды не падзелася. Я ведаю, беларусы вельмі дбаюць пра сваю краіну. Яны павінны быць дома. Нам вельмі шмат трэба зрабіць», — перакананая яна.

Клас
111
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
15
Абуральна
8