Фота: АР

Фота: АР

5 ліпеня Уладзімір Мінушкін і Арцём Мацвееў павезлі ў Харкаўскую вобласць сабраную ў Пскове гуманітарную дапамогу. Іх суправаджаў кіраўнік пецярбургскай ПВК «Ястраб» Аляксандр Марушчанка, ён жа афармляў для іх спецпропускі «за стужачку» — на тэрыторыю Украіны. Мінушкін з Мацвеевым раздавалі рэчы і прадукты ва ўкраінскім сяле Стралечча. І тут, па словах жыхароў вёскі, да іх падбеглі супрацоўнікі «луганскай камендатуры», збілі, надзелі пакеты на галаву і павезлі ў невядомым напрамку.

«Чатыры дні адсядзеў перад «Расія-24»

  Уладзімір і Марына Мінушкіны з сынам

Уладзімір і Марына Мінушкіны з сынам

— Усё пачалося з дня «спецаперацыі», з 24 лютага. Муж чатыры дні адсядзеў перад каналам «Расія-24», у нас дома іншы канал не працаваў. Ён глядзеў тэлевізар, уначы спаць клаліся — чытаў усюды ўсё. Яго цікавіла гэтая тэма, як і ўсіх — гэта важная справа, — успамінае Марына Мінушкіна. Ёй 26 гадоў, у мінулым годзе яна выйшла замуж за 32-гадовага Уладзіміра і нядаўна нарадзіла сына. Мінушкін займаецца развядзеннем пчол. У сямʼі свой пчальнік, сёлета ў іх добры ўраджай мёду.

Ва Уладзіміра ёсць лепшы сябар — Арцём Мацвееў, яны аднагодкі. У Арцёма свой невялікі бізнэс — робіць снасці для рыбалкі.

— Арцём таксама за нашы войскі. Калі пачалося сёлета, ягоныя сябры ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі, ваявалі і зніклі. Ён цэлы месяц усіх абзвоньваў, шукаў іх. Потым выйшлі на сувязь — жывыя, — распавядае бацька Арцёма, пенсіянер, падпалкоўнік МУС у адстаўцы Юры Мацвееў.

У 2021 годзе Арцём пазнаёміўся з заснавальнікам ПВК «Ястраб» (раней ПВК «МАР». — СР) Аляксеем Марушчанкам, які ваяваў у Данбасе з 2014 года. У 2020 годзе ПВК «МАР» патрапіла ў загалоўкі СМІ, калі расійскіх наймітаў затрымалі ў Беларусі перад прэзідэнцкімі выбарамі. Марушчанка афіцыйна заяўляў, што да аперацыі не датычны, і сцвярджаў, што ягоная «МАР» была расфармаваная яшчэ ў 2018 годзе. У тым жа годзе Марушчанка заснаваў ПВК «Ястраб». Афіцыйна галоўным відам дзейнасці кампаніі названыя расследаванні.

Пры якіх менавіта абставінах пазнаёміліся Арцём Мацвееў і Аляксей Марушчанка, іхныя блізкія не ведаюць. Па іх словах, вясной 2022 года Марушчанка выйшаў на Мацвеева і прапанаваў яму збіраць у Пскове гуманітарную дапамогу для жыхароў «вызваленых тэрыторый».

  Арцём Мацвееў

Арцём Мацвееў

— Да сына з ПВК «Ястраб» звярнуліся, ён быў знаёмы з гэтым Аляксеем. Далі даверанасць, што ён можа ад іх імя збіраць гуманітарную дапамогу і прадстаўляць іх інтарэсы. За кошт ПВК знялі офіс, доўга афармлялі ў падатковай. Потым плакаты надрукавалі аб зборы дапамогі, разнеслі па крамах. Яны першыя на той момант у Пскове гуманітарку збіралі, — кажа Юры Мацвееў.

— Вова падахвоціўся дапамагаць Арцёму, яны ж сябры. Прыйшоў дадому і сказаў, што яны збіраюць гуманітарную дапамогу, аб тым, каб везці яе туды, размовы спачатку не было, — удакладняе Марына Мінушкіна.

У сацсетцы ва «УКантакце» ёсць афіцыйная група ПВК «Ястраб». У ёй 717 чалавек. Адміністратары супольнасці называюць сябе перагаворшчыкамі, але ў пастах з абʼявамі аб вакансіях гаворыцца, што «перавага аддаецца асобам, якія праходзілі службу ў спецыяльных падраздзяленнях Міністэрства абароны і ўдзельнікам баявых дзеянняў». Апошняя публікацыя групы ад 2 ліпеня якраз з Пскова. Офіс, дзе ішоў збор гуманітарнай дапамогі, там названы філіялам ПВК «Ястраб». На відэа паказаныя скрынкі з надпісамі «дзіцячае адзенне», «шампуні», «ліхтарыкі» і двое маладых мужчын — Уладзімір і Арцём. Закадравы жаночы голас называе ахвярадаўцаў сапраўднымі патрыётамі.

«Волюшка, я на пару гадзін»

Гуманітарную дапамогу збіралі каля двух месяцаў. Калі пасылкі былі спакаваныя, Уладзімір абʼявіў жонцы, што сам павязе рэчы ў Белгарад.

— Пайшла такая інфармацыя, што ён паедзе ў Белгарад 5 ліпеня, на два-тры дні і вернецца. Але нават калі ён сказаў, што ў Белгарад, то ўдакладняў, што даедзе, перагрузіць гуманітарку ў іншую машыну і назад, не было слоў пра тое, што паедзе ва Украіну, увогуле. Ён за дзяцей на Данбасе так непакоіўся, і гуманітаркі шмат дзіцячай сабраў. А я яму казала, што ў яго самога дзіця, а ён ад нас зʼяжджае невядома куды, — распавядае Марына.

Уладзімір і Арцём везлі ў «ЛНР» гуманітарную дапамогу на машынах «УАЗ-Патрыёт» і «Собаль». З імі былі яшчэ вадзіцель, стваральнік «Ястраба» Марушчанка і Вадзім Кудзікаў, які з першых дзён вайны перайшоў на бок расійскіх войскаў і цяпер называе сябе кіраўніком адміністрацыі пасёлка Ліпцы Харкаўскай вобласці. Раней ён быў дэпутатам Ліпецкага сельсавета ад партыі «Слуга народа». У красавіку Харкаўская абласная пракуратура абʼявіла Кудзікава падазраваным у дзяржздрадзе.

Ні Мацвееў, ні Мінушкін да гэтага ў Белгарадзе і ў Данбасе не былі. Затое Марушчанка тэрыторыю ведаў выдатна.

  Аляксей Марушчанка

Аляксей Марушчанка

— Мой муж узначальваў атрад «добраахвотнікаў» з першых дзён вайны, з 23 лютага, — распавядае яго жонка Вольга. — Наладжваў мірнае жыццё ў вёсцы Стралечча ў Харкаўскай вобласці, аднаўляў святло, газ. Перад гэтай паездкай сказаў: «Волюшка, я на пару гадзін, мы адвязем гуманітарку і тут жа з хлопцамі вернемся». Людзі кажуць, што гэтая Харкаўская вобласць, яна падкантрольная РФ, але ёй зараз займаюцца луганскія хлопцы, яны там будуюць нібыта мірнае жыццё.

За афармленне дакументаў добраахвотнікаў Мацвеева і Мінушкіна адказваў Марушчанка. Бацька Арцёма Юры Мацвееў з самага пачатку ведаў, што хлопцы паедуць «за стужачку», ён кажа, што канчатковым пунктам у іх пропусках значыўся горад Ізюм. Але пазней маршрут памяняўся, таму што ў Ізюме ішлі баявыя дзеянні.

«Гуантанама» на тэрыторыі ЛНР»

Апошні раз Мацвееў-старэйшы размаўляў са сваім сынам 7 ліпеня раніцай. Арцём тэлефанаваў з Белгарада і сказаў, што яны выязджаюць на тэрыторыю Украіны, абяцаў ператэлефанаваць увечары. Марына Мінушкіна з мужам размаўляла напярэдадні. Менавіта тады ён сказаў ёй пра «зялёны калідор», пасля чаго яны палаяліся.

— Я была ў шоку і моцна супраць самой паездкі. Актыўна супраць, — кажа яна.

Увечары 7 ліпеня ніхто з тых, хто павёз гуманітарку, на сувязь не выйшаў, іхнія тэлефоны былі ўключаныя, але трубку ніхто не браў.

10 ліпеня Юры Мацвееў выехаў шукаць сына і ягонага сябра ў Белгарад. Следам за ім туды прыбыла Вольга Марушчанка. Удваіх яны знайшлі базу «Новая Ладага», дзе пскавічы спыняліся перад паездкай у Харкаўскую вобласць. У нумарах былі ўсе рэчы Мінушкіна і Мацвеева, у тым ліку тэлефоны з кучай непрынятых званкоў. На сувязь са зніклымі спрабавалі выйсці нават расійскія дэсантнікі, якім, як аказалася, яны таксама павінны былі нешта перадаць.

12 ліпеня Юры і Вольга падалі заяву аб зніклых у белгарадскую паліцыю, ваенную паліцыю, Следчы камітэт і ФСБ. Спагады нідзе не сустрэлі.

— Зайшлі ў ФСБ, там дзяжурны кажа: «Кіньце заяву ў скрыню для лістоў і газет». Людзі прапалі, а ён кажа — кіньце! Мы, кажа, разбярэмся! — абураецца Мацвееў.

Марына Мінушкіна шукала інфармацыю аб мужу ў сетцы. У «Тэлеграм» яна знайшла чат «Стралецце live».

— Мясцовыя напісалі, што прыходзілі на раздачу гуманітарнай дапамогі. Калі амаль усё скончылася, падʼехала вайсковая машына, былі людзі ў вайсковай форме, яны забралі хлопцаў, і ўсё, і канцы ў ваду, — пераказвае Мінушкіна.

 — Кажуць, што, калі мой муж раздаваў памперсы дзецям, прыехалі людзі ў форме луганскай міліцыі, надзелі ім мяшкі на галаву, збілі ўсіх палкамі і павезлі ў невядомым кірунку на вачах здзіўленай публікі. За што — паняцця ніхто не мае, — кажа жонка кіраўніка ПВК «Ястраб» Вольга Марушчанка. — Нам нават адрас называлі «Маладзёжная, 3» і «Маладзёжная, 20», казалі, што яны ўтрымліваюцца там у падвале нейкай прадуктовай крамы, што іх у дзевяць раніцы выпускаюць гуляць.

Праз пару дзён, калі пра знікненне Мінушкіна і Мацвеева напісалі СМІ, жыхары Стралечча, якія расказвалі пра інцыдэнт, выдалілі ўсю перапіску са сваякамі і заблакавалі іх у чаце. Паралельна жонкі зніклых сталі атрымліваць дзіўныя званкі са схаваных нумароў у «Тэлеграм».

— Не прадстаўляліся і казалі: «Так, вашы тут, мы тут праводзім мерапрыемствы, два-тры дні, і іх адпусцяць», — пераказвае Марына.

Пасля падачы заявы Юрыю Мацвееву патэлефанавалі з вайсковай паліцыі Белгарада і сказалі, што яго сын разам з астатнімі добраахвотнікамі затрыманы на тэрыторыі «ЛНР» за незаконнае перасячэнне мяжы.

— Якое незаконнае перасячэнне мяжы, калі яны ехалі праз тры блокпасты?! — здзіўляецца Мацвееў.

Разам з жонкамі пскоўскіх добраахвотнікаў ён напісаў заяву ў пскоўскую паліцыю — выніку няма ўжо месяц.

— Перыядычна пскоўскія нам тэлефануюць і пытаюцца, ці даведаліся мы што-небудзь. Пра тое, што яны робяць самі, нам не даюць справаздачу, — заўважае Марына. — Я ім пісала, тэлефанавала, — кажуць, што ніякіх навін няма.

Акрамя паліцыі і ФСБ сваякі звярнуліся ў Галоўнае ваенна-следчае ўпраўленне РФ, Генеральную пракуратуру, Ваенную пракуратуру, Следчы камітэт і адміністрацыю прэзідэнта — безвынікова. У адказ — толькі аўтаматычныя апавяшчэнні аб прынятых заявах.

— Куды мы толькі не звярталіся, мы Пуціну напісалі! Ад яго прыйшло паведамленне, што гэтая заява перададзена ў Следчы камітэт, а адтуль нам нават ніхто не патэлефанаваў! — абураецца Мацвееў. — Ад ваеннай пракуратуры адказаў — нуль, ад Генпракуратуры — нуль, з Галоўнага ваенна-следчага ўпраўлення адказалі, што перанакіравалі ў Данецк. Чаму Данецк, калі яны ў «ЛНР» былі? Дзе яны затрыманыя? За што затрыманыя? У нас што, «Гуантанама» на тэрыторыі Луганскай або Харкаўскай вобласці створана і людзі могуць утрымлівацца там незразумела за што?!

«Турчак дапамагчы не можа»

Губернатар Пскоўскай вобласці афіцыйны запыт Марыны Мінушкінай перанакіраваў у абласное ўпраўленне спецыяльных праграм. Кіраўнік упраўлення сустрэўся са сваякамі і паабяцаў «узяць пытанне на кантроль».

— Мы з ім перыядычна стэлефаноўваемся, яму нейкую інфармацыю скідаем, ён бярэцца яе правяраць, можа, цісне там на кагосьці, але пакуль вынікаў нуль, — разводзіць рукамі Мацвееў.

Вялікія надзеі ён ускладаў на сенатара ад Пскоўскай вобласці Андрэя Турчака, які рэгулярна ездзіць у «ЛНР» і «ДНР» і публікуе адтуль фатаграфіі.

— Звярнуліся да Турчака, а замест яго адказаў Казлоўскі (Аляксандр Казлоўскі, дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі». — СР). Напісаў, што Турчак знаходзіцца там з прыватнымі візітамі і дапамагчы нам не можа. Мы да Кадырава, а ён увогуле не адказаў. Кажуць, што, у асноўным, ён займаецца толькі вайскоўцамі, якія патрапілі ў незразумелую сітуацыю. Ну, і мы ж не падданыя Чачні, мы ж пскавічы, — кажа Мацвееў-старэйшы.

Марына Мінушкіна прасіла аб дапамозе прадстаўніцтва «Адзінай Расіі» ў «ДНР». Супрацоўнік партыі Дзяніс Цішчанка заблакаваў яе праз шэсць дзён.

«Можа, яны ўжо расстраляныя і закапаныя»

У пошуках сына Юры Мацвееў паспрабаваў задзейнічаць свае мінулыя сувязі ў сілавых структурах. Адказы прыйшлі несуцяшальныя.

— Да нас даходзяць звесткі, што ім там збіраюцца тэрарызм, зброю, наркотыкі прышыць, сувязь з УСУшнікамі. Арцём па тэлефоне звязваўся са сваякамі ва Украіне — гэта ў іх лічыцца дапамогаю. То кажуць, іх забралі «карнетаўцы» з ЛНР (Ігар Карнет — кіраўнік МУС у «ЛНР». — СР), то ФСБ, то нейкія маскоўскія супер-пупер, якія што хочуць, тое і робяць. Я проста ў шоку. 27 гадоў адслужыў у праваахоўных органах і сутыкнуўся з такой сітуацыяй, калі не разумею, што рабіць, — прызнаецца Мацвееў.

Інфармацыя аб датычнасці спецслужбаў да знікнення добраахвотнікаў ёсць і ў жонкі кіраўніка ПВК «Ястраб» Вольгі Марушчанка.

— Тэлефануюць з праваахоўных органаў: «Вольга, давайце мы з вамі пагаворым тэт-а-тэт, але я не змагу вам даць афіцыйную паперу, ваш муж затрыманы спецслужбамі Расійскай Федэрацыі».

А я іх пытаю: «А што, спецслужбы Расійскай Федэрацыі так дзейнічаюць? Па-за прававым полем? Мы не грамадзяне Расійскай Федэрацыі, калі нас можна забраць у падвал ва Украіне, не прадʼяўляць абвінавачванні, прымушаць рыць траншэі, не карміць? Гэта так, прабачце, дзейнічаюць, спецслужбы, ФСБ?»

Я адмаўляюся верыць у тое, што расійскія спецслужбы кідаюць акрываўленых людзей у падвалах Украіны, на падкантрольнай РФ частцы, збіваюць дубінкамі на вачах людзей, якія вераць у Расію.

Кажуць, што іх трымаюць за гандаль зброяй, але мой муж ніколі ў жыцці не меў ніякага дачынення да зброі! — пераканана Марушчанка.

Падпалкоўнік у адстаўцы Юры Мацвееў перакананы, што яго сын выпадкова апынуўся ўцягнуты ў «незразумелую гульню»:

— Ідзе гульня сілавых структур. Паглядзіце, вызваленая тэрыторыя, мяжуе з Белгарадам, дзе ёсць прадстаўніцтва «ЛНР» — няўжо супрацоўнікі нашай паліцыі не могуць зрабіць афіцыйны запыт? Гэта ж наша вызваленая тэрыторыя — чаму яны гэтага не робяць? Што там адбылося з хлопцамі? Можа, яны ўжо расстраляны і закапаны!

Пад зваротамі жонак зніклых на сайце губернатара чыноўнікі абласнога ўрада адказваюць, што запыт перададзены ва УМУС. Пскоўская паліцыя не адказала на афіцыйны запыт «Север.Реалии» аб тым, што робіцца для пошуку Уладзіміра Мінушкіна і Арцёма Мацвеева, санкт-пецярбургскія паліцыянты аб лёсе зніклых таксама нічога паведаміць не могуць. Вольга Марушчанка не дабілася там нічога:

— Учора была ў аддзеле паліцыі. Яны не прызнаюць яго ні загінулым, ні без вестак прапаўшым. Сказалі, што весці вышуковыя мерапрыемствы вельмі клапотна і лягчэй прызнаць загінуўшым. Страшна! Гэта карт-бланш для таго, каб заўтра-паслязаўтра яго не стала!

Гэта значыць, я ўжо магу капаць магілу жывому чалавеку! — плача Вольга. — Ён змагар за справядлівасць, патрыёт да мозгу касцей, сын палкоўніка, ваяваў за Расію, і яго забралі на гэтым жа ўчастку! І зараз ён сядзіць у тым падвале, у якім будаваў гэтае мірнае жыццё!

Клас
14
Панылы сорам
14
Ха-ха
82
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
18